Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка – тоўсты троль*


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Мой калега Сяргей Навумчык часьцяком паўтарае, што Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае. Зьнешне яно выглядае так, але гэта толькі верхні слой.

Магчыма, як і шмат хто з гадаванцаў савецкіх калгасаў, менавіта з такой затоенай нянавісьцю да ўсяго дзеравенскага наш пэрсанаж і прабраўся калісьці ў гарадзкую палітыку. Але будучы ад прыроды віртуозам інтуітыўнага дзеяньня, ён наўрад ці кіраваўся сваімі асабістымі пачуцьцямі, што ішло б на шкоду ягонай бязьмежнай апантанасьці ўладай і азарту ў гульнях бяз правіл.

За дваццаць гадоў нашага шчасьця пад ягоным кіраўніцтвам у тэлевізары мы наглядзеліся і начуліся так шмат усяго, што можам беспамылкова кваліфікаваць дзейнасьць першага і апошняга прэзыдэнта краіны як тоўсты тролінг. Прычым троліць Лукашэнка найперш уласны народ (якому, на жаль, не заўсёды хапае пачуцьця гумару), а таксама – уласнае чынавенскае атачэньне, Эўропу і Расею, якой «верна служыць» і якая ў гэтым «верным служэньні» таксама не заўсёды здольная разгледзець тролінг васальнага кіраўніка «саюзнай рэспублікі».

Насамрэч, верна служыць Рыгоравіч толькі самому сабе і сваёй апантанасьці ўладай. Магчыма, ён з самага пачатку сваім разьвітым сьпінным мозгам адчуваў, што галоўная небясьпека ідзе адтуль, з краіны, дзе жывуць «тыя ж рускія, толькі бяз знаку якасьці». І калі ягоны клопат пра асабістую ўладу лічыць галоўным матывам усёй ягонай дзейнасьці, дык трэба прызнаць, што «нянавісьць да ўсяго беларускага» тут была і застаецца ўсяго толькі знакам ляяльнасьці «русскому миру», бо нішто іншае асабістай уладзе Лукашэнкі не пагражала. І не пагражае.

Калі раней дзейнасьць прэзыдэнта насіла выразны антыбеларускі характар, дык сёньня ён канчаткова ператварыўся ў палітыка сродкаў, а ня мэты. Бо ягоная мэта – захаваньне асабістае ўлады – настолькі мізэрная на фоне жыцьця цэлага народа, што і мэтай назваць яе не выпадае. Імаверна, што ён цяпер паслабіць прэсінг на беларушчыну: мову, школу і кнігу. Але (і тут я зь Сяргеем Навумчыкам цалкам згодны) ніколі ня стане правадніком палітыкі беларусізацыі, якую грамадзтву трэба праводзіць самастойна, «міма яго».

Лукашэнка – не Атацюрк, у якога была мэта стварыць мадэрную нацыю. Рыгоравіч увойдзе ў беларускую гісторыю як тоўсты троль, які, дзякуючы звышмернай цярплівасьці і бязьмернай тактоўнасьці нашага народа, так надоўга затрымаўся на высокім троне.

*Троль – той, хто займаецца тролінгам. Тоўсты троль займаецца тролінгам у асабліва буйных памерах :).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG