Кіроўца сьнегаўборачнай машыны, якая сутыкнулася з прыватным самалётам кіраўніка кампаніі Total ў аэрапорце Ўнукава, паведаміў на допыце, што апынуўся на ўзьлётнай паласе выпадкова.
Паводле яго, ён страціў арыенцір, выехаў на ўзьлётную паласу і ня бачыў, і ня чуў набліжэньня самалёта з-за грукату тэхнікі. «Ні ліхтароў, нічога не было», — сказаў ён на допыце ў Сьледчым камітэце, відэазапіс якога паказаў расейскі Першы канал.
У ноч на аўторак у маскоўскім аэрапорце Ўнукава самалёт «Фалькон» на ўзьлёце сутыкнуўся са сьнегаўборачнай машынай. Ахвярамі катастрофы сталі чатыры чалавекі, у тым ліку кіраўнік францускай нафтавай кампаніі Total Крыстоф дэ Маржары.
Учора ж быў затрыманы шасьцідзесяцігадовы кіроўца сьнегаўборшчыка Ўладзімір Мартыненка, які прапрацаваў у аэрапорце Ўнукава 10 гадоў. Як сьцьвярджаў афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі, у момант трагедыі шафёр знаходзіўся «ў стане алькагольнага ап’яненьня». Абарона затрыманага, у сваю чаргу, заяўляе, што ён ня мог быць п’яны, паколькі не ўжывае алькаголь з-за хранічнага захворваньня сэрца. Тое, што кіроўца быў цьвярозы, пацьвердзілі і мэдыкі аэрапорта.
Сёньня адвакат Мартыненка паведаміў Інтэрфаксу, што сьледчыя плянуюць 23 кастрычніка выставіць яго падабароннаму афіцыйнае абвінавачаньне па справе аб крушэньні, тады ж, хутчэй за ўсё, адбудзецца і суд па абраньні меры стрыманьня. Раней Мартыненка адмовіўся прызнаць віну ў катастрофе.
Па факце авіякатастрофы ўзбуджаная крымінальная справа. Сярод асноўных вэрсій сьледзтвам разглядаюцца памылка пілётаў, дыспэтчараў і неспрыяльныя ўмовы надвор’я.
Расьсьледаваньне, як піша сёньня расейская газэта «Коммерсант», даручана сьледчаму Міхаілу Гурэвічу, які раней займаўся высьвятленьнем абставінаў крушэньня ў 2010 годзе пад Смаленскам самалёта з тагачасным прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім.