Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Калі Расея будзе ваяваць, яна зробіць толькі горш

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка зь візытам у Малдове
Аляксандар Лукашэнка зь візытам у Малдове

Расея не хоча ні з кім весьці эканамічную вайну, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў адказ на пытаньні журналістаў у Кішынёве.

«Калі Ўкраіна, Малдова, іншыя краіны, падпісаўшы дагавор аб асацыяцыі з ЭЗ, ня будуць шкодзіць Расеі, я ўпэўнены, у бліжэйшы час, калі шкоды расейскай эканоміцы ня будзе, вы нармалізуеце зь ёй адносіны. Расея ў гэтай сытуацыі проста спрабуе абараніцца, — адзначыў Лукашэнка. — Таму ня трэба шкодзіць адзін аднаму. Падмануць, абысьці, зьмікшаваць неяк сытуацыю не атрымаецца — усюды добрыя спэцыялісты: і ў Малдове, і ў Расеі, і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Усе пралічваецца».

Паводле Лукашэнкі, дасягнутыя дамоўленасьці з Малдовай ніяк ня могуць шкодзіць ні Расеі, ні Казахстану:

«Мы не ствараем нашы адносіны супраць кагосьці. Мы ствараем іх на карысьць нашых народаў і не на шкоду камусьці».

Што да сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, Лукашэнка выказаў перакананьне, што вайны там ня будзе:

«Таму што яна не патрэбная нікому. Вайна вядзецца, калі хто-небудзь думае перамагчы, але ўсе бакі канфлікту перакананыя, што перамогі ім не атрымаць: ні ўкраінскае войска не пераможа, ні армія супраціву, якая там ёсьць і якую называюць сэпаратыстамі. Многія лічаць, што там Расея ваюе — Расея там не ваявала, і калі яна будзе ваяваць, яна таксама не пераможа, толькі горш зробіць», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Вайна вядзецца, калі хто-небудзь думае перамагчы, але ўсе бакі канфлікту перакананыя, што перамогі ім не атрымаць

«Вельмі цяжкім будзе выхад з канфлікту, а наступствы — катастрафічныя, з пункту гледжаньня псыхалёгіі людзей, сваякоў загінулых. Але гэта той шлях, які давядзецца прайсьці. Веру, што вайны ня будзе, таму што ў ёй ня можа быць ні пераможаных, ні пераможцаў. Няма пэрспэктывы перамогі. Дык навошта тады ваяваць? І гэта бакі канфлікту разумеюць», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, кантактная група па Ўкраіне, якая працавала ў Менску, правяла калясальную працу:

«Яны спынілі бойню, мясарубку. Гэта вялікі прагрэс. Вайна адразу не спыняецца. Лёгка яе разьвязаць, лёгка далёка зайсьці, а вось выйсьці — вельмі цяжка. Так было ў гісторыі заўсёды. Але ўжо зроблена шмат», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку.

Паводле Лукашэнкі, усё, што адбылося на Майдане — няправільна і неканстытуцыйна:

«Там загінулі людзі з двух бакоў. Гэта дрэнна. І ў кожнага загінулага, у калекі ёсьць бацькі, сваякі. Нехта сына страціў ці атрымаў скалечаным, нехта страціў мужа, дзеці страцілі бацьку. Гэта што, нармальна? Гэта ненармальна. Гэта мая пазыцыя і беларускага народа».

Лукашэнка лічыць, што падзел жыхароў адной краіны на заходніх і ўсходніх ствараецца штучна, каб сутыкнуць народы, каб знайсьці матывацыю для сваіх пазыцый.

Ён папрасіў не лічыць яго міратворцам ва ўкраінскім канфлікце, паколькі ён проста робіць тое, пра што яго папрасілі:

«Так склалася, што Беларусь стала зручнай пляцоўкай для перамоў. І я як гаспадар нешта спрабаваў зрабіць у гэтым пляне, а мая заслуга ў гэтым невялікая».

Мы менш за ўсё баімся, што заўтра нехта прыйдзе ў Беларусь і пачне ваяваць

Лукашэнка сказаў, што ў яго ёсьць пэўная асабістая матывацыя, бо ён мае ўкраінскія карані, а таксама ня можа глядзець, калі «плачуць дзеці, а калі гінуць — наогул катастрофа».

«Упэўнены, мы, славянскія народы, пераадолеем гэтыя цяжкасьці. Любая вайна заканчваецца мірам».

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь ніхто ваяваць не прыйдзе:

«Мы менш за ўсё баімся, што заўтра нехта прыйдзе ў Беларусь і пачне ваяваць. Гэтага ня будзе».

Ён падкрэсьліў, што беларускі бок будзе рабіць усё, што ад яго залежыць, каб вайны ва Ўкраіне не было.

«Не таму, што гэта пагражае Беларусі ці Малдове. Малдова гэтае гора ўжо зазнала. Апынулася падзеленай краіна. Гэта ваш боль. Дзякуй Богу, Беларусі гэта не кранулася. І мы робім усё для таго, каб гэтага не адбылося. І мы зробім усё для таго, каб гэтага не было. Гэта я вам гарантую».

Таксама Лукашэнка заклікаў не драматызаваць сытуацыю з падпісаньнем Малдовай пагадненьня пра асацыяцыю з ЭЗ:

«Праблема ў адным: склалася новая сытуацыя, і ў ёй патрэбныя новыя падыходы, іншыя дзеяньні. Трэба ствараць новыя формы, шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва. Такое жыцьцё. Гэта канкурэнцыя».

Лукашэнка падкрэсьліў, што беларускі бок з павагай ставіцца да рашэньня Малдовы падпісаць і ратыфікаваць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ:

«Мы не крычым і не ствараем нейкіх непераадольных бар’ераў у гэтай сувязі. Заўсёды трэба глядзець на канкрэтыку. Перш чым лямантаваць i крычаць, павінны сесьці і разабрацца: хто парушыў дамоўленасьці, як і чаму. Але, калі мы прыйдзем да нейкіх непераадольных бар’ераў, наступстваў нашых узаемаадносін, зьвязаных менавіта з пагадненьнем аб асацыяцыі Малдовы з ЭЗ, мы проста скажам вам, што ня можам у сувязі з абавязацельствамі зь іншымі дзяржавамі. Пакуль гэтага няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG