Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роля міратворцы ў Малдове не для Лукашэнкі» — экспэрт


Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які ня раз наведваў Малдову, так разважае пра візыт у гэтую краіну Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэты візыт ня стаў нечаканасьцю. Пра тое, што ён адбудзецца, казалі афіцыйныя прадстаўнікі абедзьвюх краін.

На мой погляд, у асноўным паездка Лукашэнкі зьвязаная з падпісаньнем Малдовай і ратыфікацыяй парлямэнтам гэтай краіны пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Для Беларусі тут ёсьць свая зацікаўленасьць. Паводле міждзяржаўнага пагадненьня з Малдовай мы атрымліваем адтуль вялікую колькасьць садавіны і гародніны. І тут трэба нешта ўпарадкоўваць. Бо Беларусь знаходзіцца ў Мытным саюзе, Малдова — падпісала пагадненьне з Эўразьвязам. Да таго ж абедзьве краіны ўваходзяць у СНД, дзе ёсьць свая зона свабоднага гандлю.

А тут яшчэ Расея выказвала сваю занепакоенасьць тым, што Кішынёў падпісаў пагадненьне з Брусэлем. Гэта — вядомыя тэмы. І нейкае ўпарадкаваньне спраў тут сапраўды неабходнае.

А другі важны аспэкт — сэпаратызм. У Малдовы, як вядома, ёсьць Прыднястроўе. Да нядаўняга часу сувязі паміж Менскам і Тыраспалем былі вельмі цесныя. Праўда, як заўжды падкрэсьлівалася, на роўні гаспадарчых суб’ектаў. Былы кіраўнік Прыднястроўя Сьмірноў, паводле некаторых зьвестак, часта праводзіў са сваёй сям’ёй адпачынкі ў Беларусі. А былы міністар унутраных спраў Малдовы Віктар Катан асабіста казаў мне: у тагачасных малдаўскіх уладаў былі вялікія падазрэньні, што так званыя „сувораўкі“ — прыднястроўскія банкноты — друкаваліся ў Беларусі.

І трэцяе — я не выключаю, што з вуснаў некаторых палітыкаў і палітолягаў зьявяцца пустыя домыслы пра тое, што Лукашэнка можа ў Малдове выканаць тую ж ролю, якую ён займае ў канфлікце паміж Кіевам і Данбасам. Але гэта абсалютна ня так. Сытуацыя з сэпаратызмам ва Ўкраіне і Малдове — розная. І ў Кішынёве Лукашэнку не разгарнуцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG