Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джамілеў пра ФСБ: «Яны дзейнічаюць як галодныя бандыты»


Мустафа Джамілеў
Мустафа Джамілеў

Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па справах крымска-татарскага народа, дэпутат Вярхоўнай Рады Мустафа Джамі́леў у размове з карэспандэнтам Свабоды пракамэнтаваў апошнія падзеі ў Крыме, зьвязаныя з захопам у Сымфэропалі маёмасьці фонду «Крым», на балянсе якога знаходзіцца Мэджліс.

— Пазаўчора быў падрабязны ператрус, забралі ўсе паперы, кампутары, каштоўнасьці, якія там былі. Потым заявілі, што мы павінны пакінуць гэтае памяшканьне, што накладаецца арышт на ўсю маёмасьць фонду «Крым», які зьяўляецца юрыдычнай структурай Мэджліса. Нібыта суд вынес нейкую пастанову. Што гэта за пастанова, няясна, бо нікуды нікога не запрашалі. І ніякай пастановы быць ня можа, бо гэта не камэрцыйная структура. У судзе таксама адмаўляюць, што такое рашэньне было. Але яны сказалі, што нібыта ёсьць нейкае рашэньне пракуратуры. Адным словам, такі хітры, рэйдэрскі, бандыцкі напад. Гэта былі супрацоўнікі ФСБ. Па ўсім Крыме ў нас каля сямі будынкаў. Гэта непрыкрыты бандытызм. Яны прыходзяць і забіраюць усё, што ім неабходна. Нават грошы, калі знаходзяць. Яны як галодныя бандыты, палітычныя бандыты, і там яшчэ сумесь крымінальнага.

— У выніку Мэджліс можа спыніць сваю дзейнасьць?

— Гэта прадстаўнічы орган крымска-татарскага народа. Гэта ня нейкая шараговая арганізацыя. Гэта орган, абраны ўсім народам, тыпу парлямэнту Крыму, крымскіх татар. Ну, будзе, як і пры савецкай уладзе, калі яны гэта ўсё забаранялі. Але гэта не азначае, што мы спынім сваё існаваньне.

— А як крымскія татары рэагуюць на такія дзеяньні цяперашніх уладаў у Крыме? Ці абараняюць свае будынкі?

— Там поўны тэрор. Напрыклад, калі праходзіў ператрус, людзей, якія там зьбіраліся, здымалі, казалі, што яны бяруць удзел у незаконным мітынгу. І адразу ж выносяць вялізныя штрафы. Перад кожным пагроза: альбо пасадзяць, альбо вялізныя штрафы ці выдварэньне за межы Крыму. Адным словам, поўны тэрор. І апроч таго, ствараюць такія ўмовы, каб крымскія татары пакідалі Крым. У той жа час яны цяпер актыўна раздаюць позвы маладым татарам — зьявіцца на прызыў у расейскую армію. У выпадку адмовы — прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці. А тых, хто атрымаў позвы і хоча выехаць, не выпускаюць за межы Крыму. Асьцерагаюцца, што калі яны выедуць, то ўступяць ва ўкраінскае войска.

— То бок асноўная мэта ціску на крымскіх татар — гэта тое, каб яны пакідалі Крым?

Іх раздражняла, што на будынку Мэджліса ўвесь час вісеў сьцяг Украіны. Яны па-бандыцку, па начах яго здымалі — мы зноў аднаўлялі

— Гэта адна з мэтаў. А другое, вядома, — вымусіць крымскіх татар прызнаць акупацыю і стаць расейскімі грамадзянамі. Апроч таго, іх раздражняла, што на будынку Мэджліса ўвесь час вісеў сьцяг Украіны. Яны па-бандыцку, па начах яго здымалі — мы зноў аднаўлялі. І вось цяпер яны самі, «Гоблін», прозьвішча яго Аксёнаў, заяўляюць, што мы, маўляў, самі вінаватыя, бо некалькі разоў нас папярэджвалі — не вывешваць гэты сьцяг. Яны нават не хаваюць, што тут ёсьць палітычная падаплёка.

— Раней вы казалі, што каля 8 тысяч татар пакінулі Крым. А тыя, хто застаўся, ці бяруць грамадзянства Расеі?

— Нехта вымушаны браць. Нехта ўпіраецца да апошняга. Але ня браць немагчыма, бо нельга зьвярнуцца да лекара, нельга працаваць. Калі няма расейскага пашпарта, цябе затрымліваюць. Але тыя, хто можа, пакуль яшчэ не бяруць, стараюцца нікуды не выходзіць з дому.

І чаму такая вось ярасьць з боку ўладаў? Бо крымскім татарам удалося поўнасьцю забясьпечыць байкот выбараў у так званы Дзяржсавет, якія яны праводзілі 15 верасьня. Мы зьвярталіся і да расейскамоўнага насельніцтва, каб яны таксама байкатавалі. І ў выніку — беспрэцэдэнтны для Крыму працэнт удзелу ў гэтых выбарах: каля 43%, прычым яны яшчэ 10–15% падкінулі бюлетэняў. І ва ўсіх гэтых сваіх бедах яны вінавацяць Мэджліс і крымскіх татар.

— То бок адкрыта пратэставаць крымскія татары баяцца?

— Адкрытыя пратэсты проста немагчымыя, бо адразу ж сыплюцца вялізныя штрафы. Так, 3 траўня каля трох тысяч чалавек прыехалі мяне сустракаць, то іх усіх сфатаграфавалі і цяпер выпісваюць вялізныя штрафы — у некалькі мільёнаў рублёў. Калі ня плаціш штрафы, яны павялічваюцца ўдвая, а потым пачынаюць канфіскоўваць, найперш аўтамабілі і гэтак далей. Такімі мэтадамі людзей проста падаўляюць.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прызначыў дэпутата Вярхоўнай Рады Мустафу Джамілева ўпаўнаважаным прэзыдэнта па справах крымска-татарскага народа.

У красавіку ўлады анэксаванага Расеяй Крыму на 5 гадоў забаранілі Мустафу Джамілеву ўезд на паўвостраў, абвінаваціўшы яго ў экстрэмізьме.

Таксама на 5 гадоў забаранілі ўезд у Крым старшыні Мэджліса крымска-татарскага народа Рэфату Чубараву.

Большасьць крымскіх татараў не падтрымліваюць далучэньне Крыму да Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG