Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым: Чабурэкі замест выбараў


Многія крымскія татары байкатавалі выбары, якія праводзіліся ў Крыме ўпершыню пасьля яго анэксіі Расеяй. Замест паходу на выбарчыя ўчасткі крымскія татары гатавалі чабурэкі і прымалі гасьцей.

14 верасьня ў Крыме адбыліся выбары ў мясцовыя органы ўлады і Дзяржаўны савет Рэспублікі Крым. Прадстаўнічы орган крымскататарскага народу — Мэджліс — заклікаў байкатаваць гэтыя выбары: не хадзіць на выбарчыя ўчасткі і не балятавацца па сьпісах.

Крымскія татары заяўляюць аб сыстэматычным ушчамленьні сваіх правоў і палітычных рэпрэсіях з боку расейскай улады: на 5 гадоў забаронены ўезд у Крым лідэру крымскіх татараў праваабаронцу Мустафа Джамілеву і старшыні Мэджлісу Рэфату Чубараву.

У апошнія тыдні па Крыме прайшла хваля ператрусаў у дамах крымскіх татараў. Расейскія праваахоўныя органы шукалі зброю, выбуховыя рэчывы, канфіскоўвалі рэлігійную літаратуру.

14 верасьня быў праведзены флэш-моб — замест паходу на выбарчыя ўчасткі крымскія татары гатавалі чабурэкі і прымалі дома гасьцей.

Жыхарка Бахчысараю, пэнсіянэрка, былая настаўніца Фацімэ Аліева кажа, што не прызнае выбары, нават не ўяўляе, каго можна выбраць:

Аліева: Цалкам выпадковых людзей, якія потым будуць вырашаць лёс нашага народу ці лёс нашага гораду — гэта неймаверна. Людзі ня ведаюць тых людзей, якія прадстаўленыя, толькі разьвешаны іх твары, яркія шыльды, яркія агітацыйныя лісты.

Радыё Свабода: Першы раз удзельнічаюць расейскія партыі. Якое да іх стаўленьне?

Аліева: Мы іх, уласна, і ня ведаем. Камуністычная партыя ўжо пакінула сьлед у гісторыі нашага народа, астатнія партыі — бачым Жырыноўскага па тэлебачаньні з яго экстрэмісцкімі выступамі супраць усіх народаў, акрамя расейцаў, акрамя шавінізму ў гэтым нічога не гучыць. Я цалкам згодная з Мэджлісам. Для нашага народа, для крымскіх татараў гэтыя выбары, нават тыя людзі, якіх абяруць, яны нічога добрага не зробяць. Дзьве-тры асобы крымскіх татараў мільганула сярод тых людзей, якія абіраюцца. Мы дамовіліся, што будзем рабіць чабурэкі. Гэта выходны дзень, будзем зьбірацца ў сямейным коле, радавацца дзецям, унукам.

Радыё Свабода: У цэлым, якое цяпер стаўленьне да сытуацыі ў Крыме?

Аліева: Няўпэўненасьць у заўтрашнім дні — раз. Па-другое, расейская ўлада замест таго, каб паказаць ляяльнае стаўленьне да нашага народа, праводзіць бясконцыя ператрусы ў людзей. Нам не далі правесьці ніводнае сьвята нармальным чынам, знаходзіліся нейкія падставы, каб не выходзілі на плошчу. Нават да такой дурасьці, што баяліся нібыта за здароўе падчас сонечных дзён. Не далі правесьці — гэта ўжо наогул блюзьнерства — дзень жалобы, мітынг жалобы на плошчы Сімфэропаля. Гэта таксама — як плявок у твар шматпакутнаму народу. Як раз было 70-годзьдзе дэпартацыі крымскіх татараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG