Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 верасьня — Дзень вайсковай славы ў Расеі, у Беларусі гэта ня сьвята


Ва ўсім сьвеце і грамадзтва, і афіцыйныя ўлады шануюць і шырока адзначаюць перамогі свайго народу ў розных бітвах, войнах. Сёлета ў Беларусі адзначалі 70-годзьдзе вызваленьня краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ва ўсім сьвеце адзначылі 100-годзьдзе пачатку Першай усясьветнай вайны. Цікава, што 8 верасьня ў Расеі адзначаецца Дзень вайсковай славы — Дзень Барадзінскай бітвы. Ён зацьверджаны ў 1995 годзе Фэдэральным законам Расейскай Фэдэрацыі «Аб днях вайсковай славы (пераможных днях) Расеі». Так супала, што і ў Беларусі 8 верасьня магло стаць Днём беларускай вайсковай славы — у гэты дзень у 1514 годзе адбылася Аршанская бітва, якая ўвайшла ўва ўсе эўрапейскія падручнікі гісторыі як узор пасьпяховай тактыкі ў змаганьні зь непамерна большымі сіламі праціўніка. Але афіцыйным сьвятам 8 верасьня ў Беларусі ня стала.

Як беларускія ўлады ўшаноўваюць 500-годзьдзе Аршанскай бітвы.

Аршанскія ўлады тыдзень таму забаранілі маштабнае сьвяткаваньне 500-годзьдзя Аршанскай бітвы на Крапівенскім полі. Афіцыйная прычына забароны — гэта адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцыі зь міліцыяй, паліклінікай і службай ЖКГ. Невялікую акцыю з удзелам трох дзясяткаў чалавек 6 верасьня грамадзкасьць усё ж такі правяла. Ці заплянаваныя хоць нейкія мерапрыемствы на афіцыйным узроўні?

Тэлефаную ў Аршанскі райвыканкам намесьніку начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Сяргею Гарбачову:

Карэспандэнтка: Сёньня — 500-годзьдзе бітвы пад Воршай. Ці сьвяткуеце вы, ці адзначаецца гэтае сьвята ў раёне?

— Не, не адзначаецца.

Карэспандэнтка: А чаму?

— Не было заплянавана.

Карэспандэнтка: Усё ж такая перамога, Канстанцін Астроскі...

— Вы хочаце зь мяне нешта выцягнуць? Не атрымаецца, тут без камэнтароў.

Прэсавы сакратар Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў паведаміў, што ў беларускім войску цяпер адзначаюцца сьвяты вайсковай славы і дзяржаўныя сьвяты, якія зацьверджаныя ўказам кіраўніка дзяржавы, уключна з Днём абаронцы Айчыны і Ўзброеных сіл 23 лютага, Днём Перамогі 9 траўня, Днём Незалежнасьці. Што да гадавіны Аршанскай бітвы, то афіцыйным дзяржаўным сьвятам яна ня лічыцца, але саму бітву вывучаюць у ваенных акадэміях, запэўніў палкоўнік Уладзімер Макараў:

«Ва ўсіх вайсковых навучальных установах ёсьць курс „Гісторыя войнаў і ваеннага майстэрства“, таму, без сумневу, усе бітвы, якія былі, вывучаюцца, уключаючы і бітву, якую вы ўзгадваеце.

Што тычыцца Дня вайсковай славы — галоўнага сьвята, то ён быў, ёсьць і будзе адзначацца 23 лютага як дзень нараджэньня арміі, якая забясьпечыла вызваленьне Менску, якая забясьпечыла ўзьяднаньне, як сказана ў законе, вялікага беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве».

8 верасьня па ўсёй Беларусі пройдуць невялікія імпрэзы, прысьвечаныя перамозе ў Аршанскай бітве: канцэрты ў Фарным касьцёле Горадні, у клюбе «Графіці» ў Менску, прэзэнтацыя гульні «1514» у галерэі «Ў». Мяркуецца, што праз паўтара месяца, 23 кастрычніка, у сталічным Палацы мастацтваў адкрыецца вялікая выстава, прысьвечаная 500-годзьдзю Аршанскай бітвы. Але і яе ладзіць грамадзкасьць, а не дзяржава, кажа мастак Мікола Купава:

Мікола Купава
Мікола Купава

«Ніякай дзяржавы. Гэта наша маёмасьць — Саюзу мастакоў. Мы плянуем выставы, і наша Рада зацьвярджае. Так што ўсё сплянавана і зацьверджана, так што гэта законная выстава. Над гэтай тэмай працавалі ўжо гадоў 25, таму будуць і працы нашых клясыкаў, і нашых сёньняшніх мастакоў, і моладзі — як мінімум дзьве залі будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG