Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ўкраінскія ўцекачы асвойваюць прафэсію даяра


Украінскі даяр Андрэй
Украінскі даяр Андрэй

Каля паўтысячы ўкраінскіх уцекачоў знайшлі прытулак на Гомельшчыне. Улады найчасьцей прапануюць ім ехаць працаваць у вёску, дзе нават у аграгарадках бракуе рабочых рук і пустуе сьвежазбудаванае жыльлё. Адначасова дзяржава заклікае людзей здаваць ахвяраваньні, ежу, адзеньне, каб дапамагчы ўкраінцам.

У суседнім з Украінай саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёну спынілася звыш сарака ўкраінскіх сем’яў, у тым ліку дзясятак — з Данецкай ды Луганскай абласьцей. Іх накіравалі ў розныя паселішчы аб’яднанай гаспадаркі. Некаторыя ўладкаваліся ў Новай Гуце, паблізу аднайменнага беларуска-ўкраінскага памежнага пераходу.

І праца ў іх побач — мясцовая жывёлагадоўчая фэрма ці буйны сьвінакомплекс у Краўцоўцы.

На фэрме, дзе ўтрымліваецца дойны статак, засьпеў двух украінцаў, якія пагадзіліся працаваць тут даярамі, па-сучаснаму — апэратарамі машыннага даеньня.

Сяргей зь сям’ёй прыехаў з Славянску Данецкай вобласьці, дзе працаваў заліўшчыкам на прыватным керамічным заводзіку:

«Абстаноўка была ня вельмі спрыяльная. Пастрэльвалі, самі ведаеце. Дзяцей вывез. Трое дзяцей у мяне, жонка і я. Жонка цяжарная ўжо была. Дачка ўжо тут, у Гомелі, нарадзілася. Працу далі, жыльлё — двухпакаёўку».

Шматпавярховікі у Новай Гуце пры шашы Гомель — Чарнігаў
Шматпавярховікі у Новай Гуце пры шашы Гомель — Чарнігаў

Суразмоўца кажа, што ўжо другі месяц асвойвае ў Новай Гуце працу даяра. Атрымаў нават першы заробак, але сродкаў катастрафічна бракуе:

«Працуем. Трэба да ўсяго прывыкаць. Пакуль у мяне заробак малы, толькі першы месяц атрымаў. Але неяк цягнуць трэба. Атрымаў на рукі чыстымі 4 мільёны 700 тысяч беларускіх. Грошай катастрафічна бракуе. Тыя запасы хахляцкія, што былі, іх ужо няма. Рэгістрацыю рабіць — плаціць, усюды плаціць. Мэдычную камісію праходзіў — плаціў амаль 900 тысяч. За дазвол на працу плаціў — 780 тысяч. На немаўля нічога няма, бо мы грамадзяне Ўкраіны і пакуль ня маем віду на жыхарства. Хоць дачка ўжо тут нарадзілася, але на яе ніякай дапамогі няма».

Украінскай сям’і прывозілі гуманітарную дапамогу ад сацыяльнай службы і Чырвонага Крыжа. Цяпер мясцовыя жыхары дапамагаюць абжывацца:

«Прывозілі гуманітарку — харчы, некаторыя рэчы. І ўсё. А цяпер людзі знаёмыя прыносяць. Паціху зьбіраем».

Другі даяр навагуцкай фэрмы, спадар Андрэй — бацька васьмёх дзяцей. Пераехаў у Беларусь з Адэскай вобласьці. Толькі старэйшая дачка засталася ва Ўкраіне, а зь сямярымі і жонкай ён таксама пасяліўся ў Новай Гуце:

«Пераехалі таму, што сытуацыя стала нагнятацца — сьцягваць пачалі войскі бліжэй да румынскай мяжы, і я пабаяўся за дзяцей».

Украінец Саша з навагуцкі аднаклясьнікам
Украінец Саша з навагуцкі аднаклясьнікам

Андрэй кажа, што ўдзячны за дапамогу вяскоўцам, Чырвонаму Крыжу, сацыяльнай службе райвыканкаму, саўгасу-камбінату — за дах над галавой, працу, за ўладкаваньне дзяцей у школу й дзіцячы садок:

«Як шматдзетнай сям’і далі мне трохпакаёўку ў аграгарадку Новая Гута. Мясцовыя жыхары вельмі добразычліва паставіліся да прыезду сям’і. Бо спачатку я сам тут быў месяц, а потым ужо сям’ю прывёз. Гасьцінна прынялі. Задаволены прыёмам. Шмат даведаўся пра тутэйшых людзей і больш зразумеў, хто такія беларусы».

Фэрма, дзе працуе сямёра ўкраінцаў
Фэрма, дзе працуе сямёра ўкраінцаў

Гомельшчыну Андрэй зь сям’ёй выбраў невыпадкова. Ва Ўкраіне шмат гадоў рабіў кіроўцам-дальнябойшчыкам і ня раз прыяжджаў сюды. Што да цяперашняй працы апэратара-даяра, то ўкраінец цешыць сябе надзеяй, што гэта ўсё ж ненадоўга:

«Дваццаць шэсьць гадоў я працаваў кіроўцам, зь іх 18 — дальнабойшчыкам. А цяпер пачаў практыку з каровамі. (Сьмяецца). Я не хачу тут затрымлівацца, калі шчыра. Хачу менавіта на сваю працу, якую люблю — кіроўцам».

Андрэй выбачыўся, што ня мае часу больш размаўляць, і ўзяўся за саўковую лапату — выграбаць гной з-пад кароў.

Загадчыца фэрмы ўдакладніла, што ў іх працуюць і іншыя ўкраінцы:

«У нас працуе сем чалавек з Украіны. Трое — з бліжэйшай Чарнігаўскай вобласьці, адзін — з Данецкай вобласьці, адзін — з Луганскай. І двое — з Адэскай вобласьці. Зь іх два сьлесары, астатнія — даяры. Добра працуюць, нават выдатна. Малайцы! Робяць усю працу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG