Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякач са Славянску: Куды вяртацца, калі не засталося нават падмурку?


Уцякач са Славянску: Нас пасялілі ў аграгарадку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00
Наўпроставы лінк

Уцякач са Славянску: Нас пасялілі ў аграгарадку

Днямі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб знаходжаньні грамадзянаў Украіны ў Рэспубліцы Беларусь», згодна зь якім заўважна спрашчаецца працэдура легалізацыі ўцекачоў з суседняй дзяржавы. Крок тым больш своечасовы, што дагэтуль украінцы, якія спакусіліся на беларускую прапаганду, сутыкаліся зь немалымі бюракратычнымі перашкодамі.

22-гадовы Андрэй Гініх прыехаў з жонкай і двума малымі дзецьмі са Славянску. Расказвае, што калі зьяжджаў, горад быў на 40% у руінах, жыць у такіх умовах немагчыма фізычна. Спачатку сям’я прыняла запрашэньне пажыць у неабыякавых людзей пад Лунінцам, а потым праз інтэрнэт пачалі самастойна шукаць працоўныя вакансіі:

«Людзі праз сацыяльныя сеткі пісалі, зьвязваліся з намі, цікавіліся, што насамрэч адбываецца. Аднаго разу з маёй жонкай пачаў ліставацца чалавек, ён быў зь Беларусі і прапанаваў такі варыянт, каб проста на нейкі тэрмін пераехаць да яго і за гэты час пашукаць працу, пашукаць жыльлё. Расказаў, што ёсьць саўгасы, аграгарадкі, якія гатовыя даць працу і жыльлё замежным грамадзянам. Пасьля невялікай сямейнай нарады было прынятае рашэньне ехаць у Беларусь. Я паехаў першы, некаторы час пажыў у гэтага таварыша. Потым прыехала туды жонка, і мы разам пачалі шукаць саўгасы, куды можна было б паехаць. Шукалі праз інтэрнэт, на дзяржаўных сайтах. Жонка знайшла некалькі адрасоў, пачалі празвоньваць. Спыніліся на гаспадарцы ў Капыльскім раёне і неўзабаве пачалі там жыць».

Перамовы з кіраўніцтвам гаспадаркі «Лясное» ў Капыльскім раёне прайшлі плённа, і на ўборачны сэзон Андрэй быў уладкаваны апэратарам зернесушыльнага комплексу. Сям’і выдзелілі асобны домік у аграгарадку, але празь нейкі час намякнулі, што такія ўмовы — толькі часовыя, і працягваць працоўны кантракт ніхто не зьбіраецца. Добрае ўражаньне ад цёплага прыёму было падпсаванае:

«Паўтара месяца я адпрацаваў — ніякіх пытаньняў, усё было добра. Потым уборачны сэзон завяршыўся, і мне далі іншую працу — я пайшоў у брыгаду будаўнікоў. А паколькі ў Славянску цяпер адносна спакойна, жонка вырашыла зьезьдзіць на радзіму, адведаць сваякоў. Тады мне было сказана, што з дому трэба будзе зьехаць. Я нават не лічу гэта канфліктам, калі шчыра, проста гаспадарка не дае дом аднаму чалавеку, не дае кватэры. Хоць я і казаў, што сям’я неўзабаве вернецца, усё роўна зьбіраюцца перасяліць у шматкватэрны двухпавярховы дом. Я там яшчэ ня быў, але ўмовы там, скажам так, пакідаюць жадаць лепшага...»

Андрэй кажа, што разглядаць іншыя варыянты працаўладкаваньня не дазваляе сумленьне — толькі нядаўна атрымаў першы заробак. Да таго ж быў зьвязаны з гаспадаркай кантрактнымі абавязаньнямі. Але пасьля таго як кіраўніцтва ня выявіла інтарэсу ў захаваньні замежнага спэцыяліста, зноў давядзецца заняцца пошукамі:

Нам сказалі: бежанцаў вы тут не аформіце. Прычым адкрыта не патлумачылі, а калі нешта і казалі, то вельмі расплывіста

«Проста не было часу і асаблівай неабходнасьці. Калі ёсьць праца, то ты працуеш, а пасьля працы навальваюцца іншыя клопаты. Да таго ж я толькі атрымаў першы заробак. Плюс заканадаўчыя нюансы, якія давядзецца праходзіць наноў: без рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі можна знаходзіцца 30 дзён, часовую рэгістрацыю працягваеш яшчэ на 60 дзён, і тады агулам у Беларусі можна знаходзіцца 90 дзён. Што тычыцца статусу ўцекача, то пакуль мы былі ў Берасьцейскай вобласьці, хадзілі і ў міграцыйную службу, і да юрыстаў, і нам сказалі: бежанцаў вы тут не аформіце. Прычым адкрыта не патлумачылі, а калі нешта і казалі, то вельмі расплывіста. Ці то вам проста не дадуць, ці не дадуць зь нейкіх прычын. Нават сказалі, што ў нас недастаткова сур’ёзная падстава, каб гэта афармляць. Нешта такое».

Карэспандэнт: «То бок уцёкаў з зоны баявых дзеяньняў недастаткова?»

«Хутчэй за ўсё, справа ў тым, што гэта не міждзяржаўная вайна. То бок гэта хваляваньні ўнутры краіны. Наколькі я разумею, чыста юрыдычна на дзяржаўным узроўні гэта лічыцца падзеямі ўнутранага парадку. Таму ў Лунінцы мы проста жылі ў таварыша і я крыху падпрацоўваў на будоўлі, але фірма не давала ні жыльля, нічога іншага. І ясна, што гэта ня іх віна».

Тым часам усё новыя ўцекачы намагаюцца штурмаваць мяжу зь Беларусьсю — нават ня ведаючы, што іх тут чакае. Як кажа Андрэй, галоўная задача для бальшыні — проста ўратавацца, астатнія праблемы будуць вырашацца па меры паступленьня:

«Напэўна, літаральна праз паўтара месяца, як я апынуўся на тэрыторыі Берасьцейшчыны, ужо тады пункты часовага знаходжаньня ў Расеі былі перапоўненыя, і людзі паехалі ў Беларусь. То бок пачалі здымацца зь месца і рознымі спосабамі дабірацца, ехаць сюды. І я ведаю, што шмат людзей з Украіны кіруецца менавіта ў Беларусь. Асабліва з Данецку, з-пад Данецку, дзе дагэтуль „гарачыя кропкі“; адтуль, дзе абстрэльваюць, расстрэльваюць, забіваюць грамадзянаў, людзі папросту ўцякаюць. І ўжо тут, як і я, ідуць у саўгасы, калгасы, на любыя грошы».

Цікаўлюся агульным настроем уцекачоў: усё ж людзі едуць часова, перачакаць у ціхім месцы, ці нехта хацеў бы абраць Беларусь месцам сталай дысьлякацыі? Андрэй кажа, што шмат каму вяртацца проста няма куды:

За ўвесь час незалежнасьці мне дзяржава, украінская ўлада нічога не дала. Яна ў мяне толькі забірала. Таму асабіста я ня бачу сэнсу вяртацца

«Ведаеце, хто як. Якраз той выпадак, калі наперад нічога ведаць немагчыма. Але думаю так: хто ў Беларусі сябе знойдзе, то тут і застанецца. Прынамсі, настроі такія ёсьць. Ну, а які сэнс ехаць назад? Прыкладам, ведаю дастаткова людзей з таго ж Славянску, у якіх элемэнтарна няма дамоў. Там нават падмуркаў не засталося. А наноў адбудоўваць ніхто ня будзе. Калі ўкраінскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль Славянск, адразу было заяўлена, што неўзабаве пачнём усё і ўсюды аднаўляць. Але калі, сам ведаю выпадак, прыйшла жанчына і сказала, што ў мяне няма сьцяны, дапамажыце, ёй адказалі — а ты хто? Маўляў, будзем аднаўляць школы, дзяржаўныя ўстановы, да людзей дойдзе ў апошнюю чаргу. Асабіста мая думка, маё жаданьне — застацца ў Беларусі. Я амаль 23 гады пражыў ва Ўкраіне, у родным горадзе, і за ўсе гады жыцьця, за ўвесь час незалежнасьці мне дзяржава, украінская ўлада нічога не дала. Яна ў мяне толькі забірала. Таму асабіста я ня бачу сэнсу вяртацца».

Андрэй кажа, што прынамсі бліжэйшым часам не зьбіраецца вяртацца на радзіму яшчэ і таму, што ня хоча трапіць пад прымусовую мабілізацыю. Прычым ня важна, у якое войска — ці то ў Нацыянальную гвардыю, ці то ў апалчэньне так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Найперш таму, што ня хоча нікога забіваць. А ў сытуацыі пашырэньня збройнага супрацьстаяньня іншага варыянту не прадбачыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG