Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянск вяртаецца да нармальнага жыцьця


Павал Кірыенка
Павал Кірыенка

Свабода пагутарыла з валянтэрам руху, які дапамагае салдатам, а таксама жыхарам вызваленага ад прарасейскіх баевікоў гораду Славянску Данецкай вобласьці.

Рэвалюцыя ў Кіеве, вайна ў Данбасе зьмянілі многіх украінцаў, якія бралі ўдзел у Эўрамайдане. Адны зь іх пайшлі ў Нацыянальную гвардыю і войска, добраахвотныя батальёны МУС, іншыя дапамагаюць салдатам у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі і жыхарам вызваленых гарадоў.

Актывіст Эўрамайдану Павал Кірыенка з Чарнігава да рэвалюцыі быў турыстычным гідам, вазіў групы турыстаў у Санкт-Пецярбург, Чэхію, Польшчу, Вугоршчыну, Аўстрыю, Нямеччыну. Цяпер Павал застаецца ў офісе турыстычнай кампаніі толькі фармальна, бо для турызму надышоў неспрыяльны час. А тым часам Павал стаў валянтэрам, які дапамагае войску і жыхарам Данбасу. Апрача таго, Павал займаецца грамадзкай дзейнасьцю, удзельнічаў у арганізацыі байкоту расейскіх тавараў ва Ўкраіне, у руху «Відсіч».

Вярнуўшыся са Славянску, Павал Кірыенка распавёў Свабодзе, наколькі пацярпеў падчас баёў гэты вядомы горад і на што пайшлі 22 тысячы грыўняў ахвяраваньняў, сабраных пры яго ўдзеле.

— Павал, з чаго ўсё пачалося?

— Брат маёй дзяўчыны служыць у 13-м асобным батальёне 95-й аэрамабільнай брыгады. Частка іхняй брыгады стаіць у Славянску. Мы вырашылі дапамагчы спачатку яму, набыўшы бронекамізэльку і каску, а потым вырашылі дапамагаць усяму батальёну. Пачалі зьбіраць грошы празь сяброў і знаёмых, а потым праз Фэйсбук далучыліся грамадзкія актывісты руху «Відсіч».

Гэта быў першы груз. Сабралі амаль 22 тысячы грыўняў, набылі новыя берцы, форму, разгрузкі, цыгарэты... Таксама нам перадалі францускія аптэчкі, сухпайкі і лекі.

— А сваіх лекаў, касак і іншага там не хапае?

— Лягістыка ў войску, на жаль, працуе ня надта... Часта неабходныя рэчы і рыштунак да іх доўга ідуць праз вайсковую бюракратыю, плюс рэчы могуць быць няякасныя.

— А як цяпер найбольш бясьпечна даехаць да Славянску? Як вы даехалі?

— Спачатку меркавалі машынай, але вырашылі ўпяцёх цягніком ехаць. Гэта бясьпечней у пляне дастаўкі грузу. Зь нядаўняга часу ў вызвалены нашымі войскамі Славянск пусьцілі цягнік, каб уцекачы маглі вяртацца дадому.

— І вяртаюцца?

— Так, бачылі шмат тых, хто зь дзецьмі вяртаецца назад, гутарылі зь мясцовым насельніцтвам, якое заставалася тут у часе акупацыі. Яны маюць вялікую крыўду на расейскіх тэрарыстаў. Шмат у каго адабралі бізнэс, машыны, бралі ў палон і трымалі ў скляпах за выкуп. Гэта не фантазіі патрыёта, а рэальныя гісторыі ад таксістаў і мясцовых жыхароў на вуліцы. Спачатку хтось меў ілюзіі адносна так званай ДНР, а пасьля ўсе зразумелі, што гэта бандыты.

Адзін таксіст распавядаў, што ягоны сябра тыдзень сядзеў у яме ў палоне ў тэрарыстаў, яны вымагалі выкупу, забралі ўсе аўто (ён быў дырэктарам аўтапрадпрыемства). Жонка прыносіла грошы, але яго не адпускалі, пакуль тэрарысты самі не ўцяклі.

— Таксіст не расказваў, як цяпер ідзе ягоны бізнэс?

— Кажа, што кепска, таксі карыстаюцца ў асноўным прыежджыя.

— Ці сустракалі такіх, хто, наадварот, укрыўдзіўся на салдатаў з АТА і пайшоў у апалчэнцы?

— У апалчэньні, безумоўна, былі мясцовыя жыхары, але цяпер яны альбо ў трунах, альбо хаваюцца ад правасудзьдзя... Засталіся і прыхільнікі ДНР, але яны маўчаць, і іх няшмат. Трэба разумець, што людзі, якія бяруць у палон мірнае насельніцтва, адбіраюць аўто, рабуюць крамы і зьбіваюць самалёты — гэта не апалчэньне, а тэрарысты і бандыты.

— Што расказваюць мясцовыя, якія людзі былі ў баевіках? Хто яны?

— Частка — былыя міліцыянты, крыміналітэт. Але былі і наіўныя людзі, падманутыя ідэяй ДНР.

— Што цяпер дзеецца ў горадзе?

— Збольшага горад цэлы, тут не было жорсткіх баёў у цэнтры, баявыя дзеяньні былі на ўскрайках. Але ёсьць згарэлыя будынкі, па горадзе езьдзяць нашы вайскоўцы на БТРах, прыпынкі транспарту расфарбаваныя ў жоўта-сінія колеры, паўсюль бігборды тыпу «Славянск — гэта Ўкраіна» або «Дзякуй украінскаму войску за вызваленьне Славянску».

— Як працуюць крамы, грамадзкі транспарт? Ці шмат людзей на вуліцы?

— Транспарт працуе, крамы таксама. Ёсьць праблемы з працай банкаў і банкаматаў. Людзі па вуліцах ходзяць, ёсьць людзі і на пляжах мясцовага возера. Тэрарысты, калі ўцякалі, замінавалі горад і некаторыя дарогі, але цяпер усё разьмінавана.

Наколькі я бачыў, інфраструктура цяпер альбо адноўленая, альбо аднаўляецца. Украіна ўкладае грошы ў гэта.

— Ты казаў, што ўцекачы вяртаюцца. Яны едуць проста да сябе дадому? Ці ня ўсё так проста?

— Так, едуць па хатах. На 90% горад цэлы, рэальна я бачыў толькі некалькі спаленых ці разьбітых будынкаў. Гутарыў з тымі, хто ехаў у цягніку — кажуць, іх кватэра цэлая. Хоць расказвалі, што ў кагосьці жытло пацярпела і жывуць цяпер у сваякоў. Дзяржава абяцае ўсё аднавіць.

— Які ў былых уцекачоў настрой?

— Па-рознаму. Яны ня надта гаваркія. Некаторыя пабойваюцца, а некаторыя ўжо спакойныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG