Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма: Гуманітарная дапамога з Расеі перасячэ украінска-расейскую мяжу ў Харкаўскай вобласьці


Гуманітарная дапамога Луганску, накіраваная Расеяй пад эгідай Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК), перасячэ украінска-расейскую мяжу на мытным пункце ў Харкаўскай вобласьці, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» ў аўторак другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

«На пасяджэньні кантактнай групы ў панядзелак было вырашана, што гуманітарная дапамога пройдзе праз Харкаўскую вобласьць, маршрут да Луганска таксама вызначаны», — сказаў ён.

Л.Кучма падкрэсьліў, што «дапамога будзе ажыцьцяўляцца пад эгідай Міжнароднага Чырвонага Крыжа, а калёна — суправаджацца прадстаўнікамі АБСЭ».

Пасяджэньне кантактнай групы ў панядзелак прайшло ў фармаце тэлемосту, у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі «ДНР», у той час, як «ЛНР» на пасяджэньні прадстаўлена не была. «Відаць, яны не зацікаўленыя ў атрыманьні гэтай дапамогі», — сказаў Л.Кучма.

Ён таксама адзначыў, што ў Луганск будуць дастаўленыя ня толькі расейскія грузы, але таксама «дапамога Ўкраіны, ЭЗ і ЗША».

«Вельмі важна разьмеркаваньне гэтай дапамогі — перш за ўсё, яе павінны атрымаць бальніцы, дзіцячыя сады, інтэрнаты, іншыя людзі, якія маюць патрэбу. Ніводзін грам не павінны атрымаць баевікі», — падкрэсьліў Л.Кучма, адзначыўшы, што працэсам разьмеркаваньня дапамогі будуць займацца прадстаўнікі МКЧК.

Як паведамлялася, аўтакалёна з грузам гуманітарнай дапамогі адправілася ў аўторак з Нара-Фамінска да паўднёва-заходняй мяжы Расеі. У адміністрацыі Маскоўскай вобласьці паведамілі, што «аўтакалёна даставіць жыхарам Усходняй Украіны каля 2 тыс. тон гуманітарных грузаў, сабраных масквічамі і жыхарамі Маскоўскай вобласьці».

Гуманітарную дапамогу даставяць 280 «Камазаў». Сярод адпраўленых грузаў — прадукты харчаваньня, у тым ліку 400 тон круп, 100 тон цукру, 62 тоны дзіцячага харчаваньня, 54 тоны мэдычнага абсталяваньня і лекаў, 12 тыс. спальных мяхоў, 69 электрастанцый рознай магутнасьці.

Улады Растоўскай вобласьці заявілі, што аўтакалёна з Падмаскоўя прыбудзе ў Растоўскую вобласьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG