Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны Крыж: для гуманітарнай дапамогі Расеі патрэбная згода ўраду Ўкраіны


Міжнародны Чырвоны Крыж паведаміў, што вядзе перамовы з Расеяй пра магчымую дастаўку расейскай гуманітарнай дапамогі ва Ўсходнюю Ўкраіну, дзе працягваюцца баявыя дзеяньні, ад якіх пакутуе грамадзянскае насельніцтва.

Арганізацыя заявіла, што для дастаўкі любой гуманітарнай дапамогі з-за мяжы на Данбас патрэбная згода ўраду Ўкраіны. Між тым прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея накіроўвае ва Ўкраіну дапамогу пад эгідай Чырвонага Крыжа. Украінская ўлада бачыць у рускай ідэі «гуманітарнай дапамогі» ня акцыю міласэрнасьці, а ваенна-палітычны крок, мэтай якога зьяўляецца ўвядзеньне ва Ўкраіну расейскага ваеннага кантынгенту пад выглядам міратворчых сілаў.

На мінулым тыдні Расея заявіла пра жаданьне адправіць гуманітарную дапамогу жыхарам Данбаса. Тое, што сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны крытычная і пагаршаецца, заявіў Міжнародны Чырвоны Крыж, які актыўна дастаўляе гуманітарную дапамогу на Данбас, дзе колькасьць унутрана перамешчаных асобаў дасягнула ўжо амаль 120 тысяч чалавек. Чырвоны Крыж аказвае дапамогу 25 шпіталям у Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцях. Цяпер арганізацыя пашырае апэрацыі ў Марыюпалі і Старабельску. Таму выбар Расеяй яе як партнэра лягічны.

Сітара Джабін, сьпікер Чырвонага Крыжа ў Жэнэве, заявіла ўкраінскай служба Радыё Свабода:

«Калі Расея будзе ажыцьцяўляць гэта па-за рамкамі Чырвонага Крыжа, яны могуць гэта рабіць, гэта ім вырашаць, што яны хочуць. Але як Чырвоны Крыж гэта будзе рабіць, гэта павінна абапірацца на нашы прынцыпы, адпавядаць ім».

Але якія гэта прынцыпы — прынцыпы дастаўкі гуманітарнай дапамогі Чырвоным Крыжам? Пра гэта Радыё Свабода спытала ў Андрэ Лаэрша з прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ва Ўкраіне.

«Звычайныя прынцыпы бесстароннасьці і нэўтральнасьці пры дастаўцы гуманітарнай дапамогі. Цяпер праводзяць дыскусію аб нядаўняй прапанове Расеі. Формы дастаўкі гуманітарнай дапамогі, удзел у гэтым Чырвонага Крыжа — усё гэта цяпер абмяркоўваецца. Пакуль не магу пацьвердзіць выніковасьць перамоў, ці аб’ёмы дапамогі, ці часавыя рамкі », — сказаў у інтэрвію Лаэрш.

Такім чынам, Чырвоны Крыж кажа, што дэталі расейскай прапановы яшчэ ня ўзгодненыя.

Затое прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін пасьля тэлефоннай размовы з кіраўніком Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу заявіў, што расейская дапамога будзе пастаўляцца пад эгідай Чырвонага Крыжа.

Кіеў падтрымае праўдзівы акт міласэрнасьці

Кіеў кажа, што Масква пад выглядам гуманітарнай дапамогі можа даслаць ва Ўкраіну так званых «міратворцаў». То бок, паўнавартасны вайсковы кантынгент.

«Ва Ўкраіне мы расцэньваем гэта больш як больш ваенна-палітычны крок, а не як крок міласэрнасьці. Мы б гэта расцэньвалі як акт уварваньня. У гэтым нас падтрымалі краіны Эўропы і ЗША. Украіна будзе вітаць дабрачынную дапамогу, калі яна будзе шчырай і калі яна ня выльецца ў якую ваенна-палітычную акцыю », — заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.

Кіраўнік расейскай дыпляматыі Сяргей Лаўроў заявіў у панядзелак, што афіцыйны Кіеў нібыта пагадзіўся на гуманітарную дапамогу з Расеі для Данбаса. Аднак пацьверджаньняў з Кіева няма.

«Я ня ведаю ні пра якія гуманітарныя канвоі, пра якія кажа крамлёўскі сайт. Украіна падала Расеі свае ўмовы, пры якіх можа быць накіраваная гуманітарная дапамога. Калі міністар замежных спраў Расеі кажа, што працэдура такой гуманітарнай дапамогі ўзгодненая з Украінай, тады мы можам толькі спадзявацца, што Расейская Фэдэрацыя прыняла пад увагу ўсе патрабаваньні міжнароднага заканадаўства, на якія ўказвала Ўкраіна», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода прадстаўнік МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

«Гэта павінна быць міжнародная гуманітарная місія, а не „вайсковы канвой“. Гэта розныя паняцьці», — адзначыла Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны Ірына Герашчанка. Любыя прапановы аб расейскай гуманітарнай дапамозе яна называе «блюзьнерствам».

Прадстаўнік Чырвонага Крыжа ва Ўкраіне Андрэ Лаэрш заявіў, што ў любым выпадку патрэбная згода ўраду Ўкраіны:

«Любая дапамога, якую плянуюць дастаўляць ва Ўкраіну, павінна быць узгодненая з украінскім урадам. Пры магчымай адмове ніякая дапамога дастаўляцца ня можа», — сказаў у інтэрвію Лаэрш.

Занепакоенасьць НАТО

А генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн выказаў занепакоенасьць верагоднасьцю расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну пад выглядам гуманітарнай дапамогі.

«Ёсьць высокая верагоднасьць гэтага. Мы бачым, як Расея рыхтуе глебу і падставы для такой апэрацыі пад выглядам гуманітарнай апэрацыі. І мы бачым назапашваньне войскаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў такой незаконнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне », — заявіў генэральны сакратар альянсу.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам.

Прэзыдэнты ЗША Барак Абама і Ўкраіны Пятро Парашэнка падчас тэлефоннай размовы пагадзіліся, што «любое расейскае ўмяшаньне ва Ўкраіне без выяўленай згоды і аўтарызацыі ўкраінскай улады недапушчальнае і будзе разглядацца як парушэньне міжнароднага права». Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Белага дома. Як заявіў у панядзелак прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у тэлефоннай размове са старшынёй Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэлем Барозу, расейскі бок ва ўзаемадзеяньні з прадстаўнікамі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа накіроўвае ва Ўкраіну гуманітарны канвой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG