Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За дзень цэх выграваецца так, што ў самым прахалодным яго месцы на градусьніку — плюс 33»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Анамальна сьпякотнае надвор’е трэці тыдзень трымаецца ў Беларусі. Пабітыя шматгадовыя тэмпэратурныя рэкорды. Ад трыццаціградуснага сквару ратуе толькі вада. Яна ж — адзіны паратунак для большасьці працаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў. Кандыцыянэры на вытворчасьці рэдкасьць, старое абсталяваньне награвае паветра ў цэхах ня горш за сонца — тэмпэратура ў некаторых сягае трыццаціградуснай адзнакі.

У заводзкіх цэхах тэмпэратура часам вышэйшая, чым звонку. Працоўныя ратуюцца правераным спосабам — вадою. На некаторых прадпрыемствах людзям робяць палёгку — дазваляюць за зьмену некалькі разоў абмыцца ў душы. Гэта ня дужа ратуе, прызнаецца работніца аднаго з такіх бабруйскіх прадпрыемстваў.

«Станкі пераграваюцца, дык ад іх яшчэ гарачэй. Але ж мы нічога ня можам зьмяніць тут. У нас жа цэхі савецкія. Абсталяваньне савецкае. Старое. Цярпім! Вады хапае. Працуем, а што нам яшчэ застаецца?»

На пытаньне, ці ёсьць кандыцыянэры ў бытоўках, работніца адказвае: «Няма іх. У кабінэтах вышэйшага кіраўніцтва стаяць, а ў ніжэйшага ні ў кога няма»

Паводле суразмоўніцы, наймальнік скараціў, пакуль стаіць сьпёка, працоўны дзень на гадзіну. Але плацяць за гэтую недапрацаваную гадзіну тры чвэрці тарыфнай стаўкі. На пытаньне, ці ёсьць кандыцыянэры ў бытоўках, работніца адказвае: «Няма іх. У кабінэтах вышэйшага кіраўніцтва стаяць, а ў ніжэйшага ні ў кога няма».

Пра тое, што няма кандыцыянэраў, кажа і працаўніца зь яшчэ аднаго бабруйскага заводу. На ім таксама скарочаны працоўны дзень з той жа няпоўнай аплатай. «Каб устанавілі нам якія дадатковыя вэнтылятары — дык у нашым цэху іх няма, — прызнаецца жанчына. — Хто зь веерамі сядзіць, а яшчэ скразьнякі робім, каб вецер гуляў. Ратуемся хто як можа. Як кажуць, паратунак тапельца — справа рук самога тапельца. Нам на курсах па тэхніцы бясьпекі даводзілі, што адаптацыя да сьпёкі адбываецца на працягу трох дзён, таму я яе нібыта і не заўважаю. Калі працуеш, дык асабліва на сьпёку і не зважаеш».

У нас адміністрацыя вынаходзіць розныя хітрыкі, каб заахвоціць людзей рабіць у сьпёку, — даводзіць наступны суразмоўца. Прадпрыемства, на якім ён працуе, якраз мадэрнізуецца.

Калі два гады таму ў цэхах працаваць было немагчыма й людзі страйкавалі, то цяпер усё нібытапраходзіць спакойна

«Калі два гады таму ў цэхах працаваць было немагчыма й людзі страйкавалі, то цяпер усё нібыта праходзіць спакойна, — кажа працаўнік, але пры гэтым дадае: — Наймальнік цяпер у такія сьпякотныя дні крыху хітруе. Замест таго, каб скарачаць працоўныя гадзіны, ён проста робіць людзям даплаты ды зьніжае нормы выпрацоўкі. А нашы людзі гатовыя пляваць дзеля грошай на сваё здароўе».

Грашыма, тым ня менш, тэмпэратуру ў цэхах не саб’еш:

«За дзень цэх выграваецца так, што ў самым яго халодным месцы на градусьніку 33 — што ўжо казаць пра працоўныя месцы ля абсталяваньня. Людзям тупа заніжаюць норму, каб працавалі крыху меней і за гэта атрымлівалі крыху больш. І ўсё, і працаўнікі восем гадзін малоцяць».

Калі ў афіцыйных паведамленьнях пра няшчасныя выпадкі на вытворчасьці, зьвязаныя са сьпёкаю, ня згадваюць, то трагедыі на вадзе і на пажарах ужо ня рэдкасьць. Тапельцаў усё больш. Людзі гінуць амаль штодня.

Паведамленьні пра пажары ў лясах і на палях вобласьці не такія частыя, але і яны ёсьць. Заяўляецца, што ўжо выгарала больш за трыццаць гектараў лесу. Гэта больш, чым за ўвесь мінулы год. Днямі ў Бабруйскім раёне загінуў пэнсіянэр, ратуючы сваё поле ад пажару. На адным з палёў згарэў камбайн зь некалькімі цэнтнэрамі збожжа. Разам зь ім выгараў ладны кавалак поля, якое зжаць не пасьпелі.

Засуха ў нас. За ўсё амаль лета ў нашай вёсцы не было ніводнага дажджу

Улады ўвялі забарону на наведваньне лясоў..

Неспакойна цяпер у чарнобыльскіх раёнах Магілёўшчыны. Вяскоўцы кажуць: «Жывём як на парахавой бочцы». У тутэйшых лясах ні ягад, ні грыбоў няма. Хоць і радыяцыя, але людзі ўсё адно іх зьбіралі. А цяпер у лясах няма чаго рабіць, — кажа жыхарка вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёну:

«Засуха ў нас. За ўсё амаль лета ў нашай вёсцы не было ніводнага дажджу. Таму ў лесе нам няма чаго рабіць».

На пытаньне, ці страшна жыць ля чарнобыльскага лесу ў такую сьпёку, кабета адказвае, што страшна, але побач Сож — ён уратуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG