Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская антыядзерная актывістка баіцца новага Чарнобылю на яе ганку


Тацяна Новікава
Тацяна Новікава

Газэта The Guardian піша пра беларускую экалягічную актывістку Тацяну Новікаву і пра яе барацьбу супраць пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

У 2009 годзе Тацяна Новікава купіла драўляны дом побач зь беларуска-літоўскай мяжой. Яна выбірала месца старанна, кажа Тацяна. Яно побач з возерам, некранутае прамысловасьцю і — самае галоўнае для матэматыка, які працаваў над мадэлямі забруджваньня ў сувязі з наступствамі Чарнобылю — яго не дасягаюць ападкі ад самай страшнай ядзернай катастрофы ў сьвеце, якая здарылася ў 1986 годзе.

Але праз шэсьць месяцаў пасьля таго, як Тацяна купіла дом яе мары, Беларусь абвясьціла, што новая атамная электрастанцыя, будаўніцтва якой фінансуецца Расеяй, будзе пабудаваная побач — у Астраўцы.

Паводле Новікавай, улады дзейнічалі ў абыход афіцыйных правілаў плянаваньня, ігнаруючы праблемы бясьпекі і не праводзячы адэкватнай ацэнкі ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе.

Пасьля Чарнобылю радыеактыўнае забруджваньне вымусіла каля 350 тысяч чалавек пакінуць свае дамы. Пасьля гэта Тацяна не давярае дзяржаўным гарантыям бясьпекі. «Чарнобыль не павінен паўтарыцца», — кажа яна.

Новікава зьвярнулася да міжнародных прыродаахоўных органаў, каб паспрабаваць спыніць праект АЭС, але безь якога-небудзь посьпеху. Тым часам улады ўжо пачалі будаўніцтва.

«Праблема ў тым, што Лукашэнка ня слухае сваіх грамадзянаў», кажа Новікава.

Беларуская ўлада не цярпіць іншадумства, штогадовыя маршы «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваныя да гадавіны катастрофы, часта заканчваюцца арыштамі.

Таму Новікава вядзе працу за мяжой. Яна знаходзіцца ў Лёндане, каб пашырыць веды эўрапейскай грамадзкасьці пра праблему і стымуляваць Эўразьвяз зрабіць ціск на Беларусь, якая будуе АЭС за 60 кілямэтраў ад Вільні, сталіцы Літвы.

Група беларускіх актывістаў, у тым ліку са Свабоднага тэатру, ініцыявалі пэтыцыю супраць электрастанцыі. У пэтыцыі адзначаецца шэраг хібаў праекту: будаўніцтва пачалося да атрыманьня ліцэнзіі, праект зьяўляецца экспэрымэнтальным і не прайшоў належных выпрабаваньняў, больш за 50 незалежных экспэртаў знайшлі памылкі ў ацэнках узьдзеяньня будучай АЭС на навакольнае асяродзьдзе.

Новікава падкрэсьлівае, што Беларусь падпісала міжнародныя канвэнцыі, якія вызначаюць правілы экалягічнай бясьпекі, у прыватнасьці, правядзеньне грамадзкіх слуханьняў па патэнцыйна экалягічна небясьпечных праектах.

Новікава зьвярнулася ў чэрвені ў камітэт Орхускай канвэнцыі з просьбай прадухіліць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Адказ не задаволіў актывістку, паводле яе камітэт выказаў «асьцярожную перасьцярогу», лічачы, што афіцыйны Менск ня будзе слухаць Орхускі камітэт у любым выпадку.

«Лукашэнка кажа, што АЭС важная для энэргетычнай бясьпекі, — кажа Тацяна. — Але калі тэхналёгія настолькі прасунутая, то як будзе вырашацца праблема ядзерных адкідаў? Мы маглі б палепшыць нашу энэргетычную сыстэму шляхам мадэрнізацыі газавых станцый або выкарыстаньнем біяэнэргетыкі ў сельскай гаспадарцы».

Прэзыдэнцкія выбары ў наступным годзе нічога ня зьменяць, кажа яна, хоць яна спадзяецца, што канфлікт ва Ўкраіне можа зьмяніць палітыку ў рэгіёне і ўрэшце аслабіць уладу Лукашэнкі: «Мы і Ўкраіна маем тую самую праблему, імя якой — Пуцін».

Будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе фінансавацца за кошт Расеі. Афіцыйная ацэнка складае 9,4 млрд. даляраў ЗША, траціна гэтай сумы гэта будзе выдаткаваная ў 2015 годзе. Рэактары станцыі будуць вырабленыя расейскай кампаніяй «Атомэнергомаш».

Як і многія беларускія актывісты, Новікава зазнала перасьлед. Яна была затрыманая ў яе ўласным доме ў Менску падчас антыядзерных пратэстаў. Яе маці атрымлівала тэлефанаваньні з пагрозамі. У 2012 годзе Новікава была арыштаваная на 5 дзён за спробу перадаць экалягічную пэтыцыю ў расейскую амбасаду.

У 2011 годзе Новікавай быў пастаўлены дыягназ — рак шчытападобнай залозы. Гэтае захворваньне можа быць зьвязанае з наступствамі радыяцыйнага апраменьваньня ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя адзначае, што катастрофа выкліча 50 тысячаў новых выпадкаў раку сярод маладых людзей, якія жывуць у найбольш забруджаным рэгіёне. Павелічэньне долі захворваньняў на рак шчытападобнай залозы таксама было зарэгістраванае ў Японіі, пасля Фукусімы.

Аднак Тацяна адмаўляецца засяродзіцца на ўласных праблемах: «Я яшчэ жывая. Іншыя людзі зазналі яшчэ больш жорсткі перасьлед».

«Што я павінна рабіць? Спыніць сваё змаганьне? Я страціла здароўе, цяпер я страціла мой дом, — кажа яна. — Чаму я павінна ўцякаць ад гэтай праблемы? Я магу зьехаць у ЗША або ў Эўропу, але сытуацыя ня зьменіцца, калі я ўцяку. Можа быць, я і зраблю гэта, калі маё жыцьцё будзе ў небясьпецы. Але цяпер у мяне ёсьць магчымасьць нешта рабіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG