Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто расьпінае славянскіх дзетак


Дзяржаўныя расейскія тэлеканалы працягваюць інфармацыйную вайну супраць Украіны. Факты і камэнтары нашых мэдыяэкспэртаў.

Не так даўно адзін канал паказаў кадры з мастацкага фільму «Брэсцкая крэпасьць», дзе дзяўчынка плача каля трупа маці — дзіця выдавалі за ахвяру бамбёжкі ці то Данецку, ці то Славянску. Апошнімі днямі зьявіліся новыя жудасныя гісторыі — пра тое, як украінскія ваенныя прыбілі цьвікамі трохгадовага хлопчыка да дошкі аб’яваў і прымусілі яго маці глядзець, як ён памірае, пра «чорных трансплянтолягаў», якія гандлююць органамі забітых салдат. Дзяржаўныя расейскія каналы — ОРТ, РТР, а таксама НТВ, «Мір» — рэтрансьлююцца на Беларусь, і гэтыя жахі бачаць і беларускія гледачы.

Як гэта ўплывае на беларусаў? Меркаваньні мэдыяэкспэртаў.

Пра хлопчыка, якога нібыта расьпялі на дошцы аб’яваў на цэнтральнай плошчы Славянску, распавяла на Першым расейскім канале нейкая Галіна Пышняк, якая прадставілася ўцякачкаю са Славянску. Ніякага відэапацьверджаньня ў сюжэце не было — толькі словы Галіны Пышняк. Карыстальнікі сацыяльных сетак, а пазьней і журналіст «Новой газеты» Яўгені Фельдман ужо выкрылі, што гэта Галіна Астапенка, якая пастаянна пражывае ў горадзе Абухаў Кіеўскай вобласьці. Сваё абурэньне каналам ОРТ ужо выказалі лідэр расейскай Партыі прагрэсу Аляксей Навальны, сустаршыня партыі «РПР-Парнас» Барыс Нямцоў.

Жыхары Славянска абвяргаюць рэпартаж Першага расейскага тэлеканала

І хоць праз пэўны час фальшыўкі расейскіх СМІ выкрываюць, узьдзеяньне на гледачоў яны аказваюць, кажа аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок», мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

«Вядома, што пастановачныя сюжэты ўплываюць на эмацыйны стан. Людзі заўсёды з большым даверам ставяцца да таго, што яны бачаць па тэлебачаньні ці думаюць, што бачаць. Бо важная ня толькі тая карцінка, той малюнак, што ёсьць на экране, а той тэкст, які зачытвае дыктар ці хтосьці прамаўляе. І тады ў чалавека ўзьнікае адчуваньне, што ён гэта ўсё бачыць. Усё гэта ўплывае на большасьць людзей, і гэта ёсьць маніпуляцыі, і гэтыя маніпуляцыі рэальна маюць эфэкт.

Калі браць беларускіх тэлегледачоў, то расейскія каналы ў нас рэтрансьлююцца дзяржаўнымі каналамі Беларусі. У кабэльных сетках большасьць каналаў з так званага сацыяльнага пакету — таксама рэтрансьляваныя. То бок беларускія ўлады ведаюць, што яны сядзяць на рубільніку, але яны гэты рубільнік не адрубаюць».

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае, што Беларусь і сёньня знаходзіцца ў інфармацыйнай расейскай прасторы. І, як паказваюць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, большасьць беларусаў прымае пазыцыю, якую рэтрансьлюе Крэмль праз свае тэлеканалы. І з гэтага можна зрабіць дзьве высновы, кажа Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Першая выснова — што, на жаль, разьвіцьцё новых тэхналёгіяў, разьвіцьцё інтэрнэту не прывяло да тых вынікаў, якія чакаліся. Усё ж такі тэлебачаньне застаецца сродкам маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю. І другая — тыя захады, якія на пачатку 2000-х гадоў рабілі беларускі ўрад, прэзыдэнт, для таго каб зьменшыць уплыў расейскіх тэлеканалаў, яны ўсё ж такі выніку не далі. І калі наша тэлебачаньне навучылася „блякаваць“ сюжэты, якія тычацца непасрэдна прэзыдэнта, то такі вось прапагандысцкі накат працягвае ісьці на Беларусь».

Сябра праўленьня БАЖ, мэдыяэкспэрт Аляксандар Коктыш распавёў, што літаральна дзень таму ён размаўляў са знаёмым высокапастаўленым чыноўнікам. І нават прадстаўнік вэртыкалі ўлады сказаў, што тое, што паказваюць расейскія каналы пра Ўкраіну — гэта перабор. Аляксандар Коктыш кажа, што ўсе беларускія сродкі масавай інфармацыі, і дзяржаўныя, і незалежныя — аказаліся не гатовыя да такога інфармацыйнага ціску з боку Расеі:

Аляксандар Коктыш
Аляксандар Коктыш

«Вядома ж, у першую чаргу аказаліся не гатовымі дзяржаўныя СМІ, таму што на фоне „лабавых атак“ расейцаў яны выглядаюць, можна сказаць, крыху бездапаможна. Дзяржаўныя СМІ, вядома, выйграюць. Тут складана змагацца і сказаць, што вось мы перамагаем, на нас раўняюцца нашы калегі ці нам давярае абсалютная большасьць беларусаў, таксама цяжка.

Але што тычыцца простых людзей, на прыкладзе нават сваёй уласнай маці магу сказаць, што, напрыклад, калі раней яна абсалютна безаглядна давярала расейскім СМІ, то цяпер у яе ўжо ўзьнікаюць сумневы і пытаньні. І гэтыя пытаньні гавораць пра тое, што на 100% яна ўжо не давярае тым выкладкам, тым фактам, сюжэтам, якія даюць расейскія СМІ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG