Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайска-беларускі парк атрымае зямлю ў прыватную ўласнасьць за поўцаны


9 ліпеня ўступіў у сілу ўказ прэзыдэнта пра дзейнасьць кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Індустрыяльны парк „Вялікі камень“». Згодна зь ім кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дазволіў аддаваць зямельныя ўчасткі ў межах парку ў прыватную ўласнасьць інвэстарам.

Паводле ўказу зямельныя ўчасткі даюцца ў сталае ці часовае карыстаньне, арэнду тэрмінам да 99 гадоў ці ў прыватную ўласнасьць без правядзеньня адпаведных аўкцыёнаў. Зямлю ў прыватную ўласнасьць можна атрымаць па цане, роўнай 50 адсоткам ад яе кадастравага кошту, паведамляе Нацыянальны прававы партал.

Першы намесьнік гендырэктара кампаніі па разьвіцьці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасьць можа толькі юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь.

Кірыл Карацееў
Кірыл Карацееў

«У нас на сёньняшні дзень законам аб зямлі ўжо прадугледжана магчымасьць прадстаўленьня зямлі ў прыватную ўласнасьць. І ў гэтым пляне ўказ па індустрыяльным парку, які ўступае ў сілу, не нясе ніякіх навацыяў. На сёньня магчыма прадстаўленьне ў прыватную ўласнасьць прадпрыемствам, якія створаныя на тэрыторыі РБ, у тым ліку з замежным капіталам. Незалежна ад паходжаньня — ці гэта кітайскі капітал, ці нейкі іншы. То бок гэтая норма і так сёньня дзейнічала па Беларусі. Практыкі яе прымяненьня практычна не было, гэта так. Гэты вопыт не распаўсюджаны. Але навацыяў няма».

Паводле Карацеева, захоўваецца забарона на продаж зямлі ў прыватную ўласнасьць замежным кампаніям, якія ня ёсьць рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь.

«У нас парк кітайска-беларускі, але не таму, што ён для кітайцаў. Ён для ўсіх інвэстараў».

Пры гэтым спадар Карацееў адзначае, што сама працэдура куплі зямлі спрошчаная.

«Калі ў звычайным прававым полі, каб атрымаць зямлю ў тую ж прыватную ўласнасьць ці ў арэнду, неабходна было зьвяртацца ў аблвыканкам — там ёсьць пэўныя працэдуры, то ў гэтым выпадку гэтую працэдуру спрасьцілі і падвялі пад мадэль парку. А мадэль парку палягае ў тым, што дзяржава перадае права выкарыстаньня земляў кіроўнай сумеснай кітайска-беларускай кампаніі. Гэта кампанія абавязваецца стварыць неабходную інфраструктуру, транспартную, інжынэрную. Пасьля гэтага яна на гэтыя зямельныя ўчасткі прыцягвае рэзыдэнтаў. І кампанія альбо здае ў арэнду гэтым рэзыдэнтам зямлю, альбо прадае ў прыватную ўласнасьць. То бок мэханізм той самы, толькі зьмяніліся крыху працэдуры».

Падрыхтоўка пляцоўкі пад «Вялікі камень»
Падрыхтоўка пляцоўкі пад «Вялікі камень»

Паведамленьні ў мэдыях, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дазволіў перадаваць беларускія землі кітайцам у прыватную ўласнасьць, спадар Карацееў лічыць «вырванымі з кантэксту».

Кіраўніку аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніду Заіку даводзілася працаваць у Кітаі, дзе зямля, як ён адзначае, не прадаецца, а прадаецца гаспадарчае права выкарыстаньня зямлі на некалькі гадоў — сама ж зямля там застаецца ў народнай уласнасьці. Што да эканамічнай дзейнасьці за межамі Кітаю, спадар Заіка адзначае:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Паводле расейскай практыкі, там, дзе кітайцы ўвайшлі, стварылі свае рынкі, прадпрыемствы, расейская паліцыя і расейскія ўлады ўжо ня могуць ступіць нагой. Таму я ня буду тут маляваць нейкія вясёлкавыя пэрспэктывы і адсылаць да нейкіх законаў. Які закон для кітайцаў? У кітайцаў законаў няма, там, у адрозьненьне ад эўрапейскай, практыка іншая: камандуе партыя, спэцслужбы і армія. Хоць на паперы нешта ёсьць. Кітайцы гэта зробяць так: будуць жаніцца, і потым гэта будуць рэзыдэнты.

Няхай пойдуць на востраў Хайнань і атрымаюць такія ж правы рэалізацыі і выкарыстаньня зямлі. Няхай паспрабуюць

Кітайцы хочуць увайсьці і шчыльна, на дзесяцігодзьдзі тут асесьці. Беларуская намэнклятура, сярод якой ёсьць і генэралы КДБ, альбо гэтага не разумее, альбо пайшла на такую змову. Існуюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя, доўгатэрміновыя. Мы ж у Кітаі ніякіх зонаў не ствараем. Мы ў Кітаі ніякай зямлі не атрымліваем. Няхай пойдуць на востраў Хайнань, выдзеляць 80 квадратных кілямэтраў для будаўніцтва на востраве турыстычнай базы для беларусаў. І няхай атрымаюць такія ж правы рэалізацыі і выкарыстаньня зямлі. Няхай паспрабуюць. Там кожны кавалачак зямлі на ўліку. Там зямлі не хапае. У Кітая не хапае жыцьцёвай прасторы. І, паважаныя беларускія кіраўнікі, палітолягі і так далей, крыху ўключыце свае мазгі і падумайце, што гэта азначае для Беларусі. Кітайцы яшчэ нідзе і ніадкуль самі не сыходзілі. Наадварот, узьнікалі і ўзьнікаюць канфлікты паміж уласным бізнэсам і кітайскім на глебе нацыянальных супярэчнасьцяў. Кітай — гэта добра, гандляваць і сябраваць трэба. Але не да такой ступені, каб разьмясьціць у сябе ля Менску некалькі дзясяткаў тысяч прадстаўнікоў гэтай сяброўскай краіны».

Карэспандэнт: «Дык што гэта азначае для Беларусі?»

Заіка: «Гэта азначае калясальную стратэгічную памылку, якую выпраўляць будуць ужо не цяперашнія палітыкі, а будуць выпраўляць дзеці. І наўрад ці ў іх гэта атрымаецца. Кітайскія дзеці цяперашніх інвэстараў будуць спрытнейшыя, чым дзеці нашай намэнклятуры».

Эканаміст Міхал Залескі адзначае, што пытаньне зь зямлёй — самае страшнае, і пакуль яно не атрымае адказу, гэта будуць афёры і злачынствы супраць беларускага народу.

Усе іншаземцы, усе прыхадні маюць права атрымліваць тут зямлю толькі на ўмовах карыстаньня

«Зямля ў Беларусі павінна належаць беларусам і больш нікому. Бо яна дасталася нам тут ад Бога. І ніякі гандаль за сьпінай у людзей немагчымы. Спачатку трэба зрабіць зямлю прыватнай уласнасьцю, каб кожны ведаў, што яму належыць. А пасьля гэнага ўласьнікі зямлі няхай ствараюць рынак, гандлююць гэтай зямлёй паміж сабой. Усе іншаземцы, усе прыхадні маюць права атрымліваць тут зямлю толькі на ўмовах карыстаньня».

Тое, што зямлю ў прыватную ўласнасьць можна атрымаць па цане, роўнай 50 адсоткам ад яе кадастравага кошту, спадар Залескі пракамэнтаваў так:

«Гэны кадастравы кошт — гэта фікцыя розуму. Кошт зямлі складаецца дзеля таго, што яна прадаецца і купляецца. А гэны кадастравы кошт — выдумка. Якія эканамічныя рэаліі ён адлюстроўвае? Гэта прастора для карупцыі».

Куток, дзе разьмесьціцца «Вялікі камень»
Куток, дзе разьмесьціцца «Вялікі камень»

Спадар Залескі называе сябе самым вялікім сябрам кітайскага народа ў Беларусі і прапагандыстам яго дасягненьняў, бо цягам сарака гадоў вывучае кітайскую культуру.

«Але справа ў тым, што маніпуляцыі зь зямлёй да высьвятленьня пытаньня аб прыватнай уласнасьці на зямлю зьяўляюцца афёрамі. Тут кітайцы ні пры чым. Кітайцы робяць роўна столькі, колькі ім дазваляюць мясцовыя людзі. Мясцовыя людзі, якія маюць справу з кітайцамі, нам пайменна вядомыя. Мы ведаем, чые подпісы стаяць пад дакумэнтамі з кітайцамі. Вось на гэтых людзей трэба ціснуць, а не на кітайцаў».

30 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 326 «Аб дзейнасьці кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Індустрыяльны парк „Вялікі камень“». Закладка першага каменя ў «Вялікі камень» адбылася 19 чэрвеня ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці. У цырымоніі ўзялі ўдзел чыноўнікі Беларусі і КНР.

Парк будзе будавацца 30 гадоў на тэрыторыі Смалявіцкага раёну на плошчы 8048 га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG