Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз выключыў восем беларусаў з «чорнага сьпісу», дабавіў аднаго (Дадаліся прозьвішчы)

абноўлена

Рада Эўразьвязу выключыла восем прозьвішчаў зь беларускага «чорнага сьпісу» службовых асобаў, які забароненая выдача віз і рахункі якіх на тэрыторыі ЭЗ маюць быць замарожаныя. У той жа час у сьпісе зьявілася адно новае прозьвішча.

«У сьвятле сур’ёзнай занепакоенасьці, якая працягваецца ў сфэры правоў чалавека, адзін чалавек дададзены ў сьпіс санкцыяў, — гаворыцца ў паведамленьні. — У той жа час рада лічыць, што больш няма падставаў для знаходжаньня ў гэтым сьпісе васьмі чалавек».

Са сьпісу выключаныя былы пракурор Менскай вобласьці Аляксандар Архіпаў; судзьдзя суду Фрунзенскага раёну Менску Ганна Смалюк, старшыня Магілёўскай рэгіянальнай выбарчай камісіі Валер Берастаў, сябар ЦВК Натальля Бушная, пракурор Андрэй Мігун, былы намесьнік старшыні КДБ Мікалай Свароб, намесьнік старшыні КДБ Пётар Трацьцяк, былы начальнік упраўленьня ўрадавай сувязі КДБ Ігар Варапаеў — паведамляе БелаПАН.

У сьпіс дададзена прозьвішча судзьдзі шклоўскага раённага суду Віталя Волкава. У студзені 2012 году судзьдзя Волкаў прыняў рашэньне пра перавод палітзьняволенага Мікалая Статкевіча ў закрытую турму ў Магілёве. Статкевіча абвінавацілі ў парушэньні правілаў утрыманьня ў папраўчай калёніі № 17 Шклова.


Як менавіта зьмяніўся сьпіс, прэс-служба не ўдакладняе, паведамляе БелаПАН.

Год таму Эўразьвяз зьняў санкцыі супраць беларускага гарэлачнага заводу «Аквадзіў», кампаніі «Спорт-пары» і Ганны Шадрынай, былой намесьніцы галоўнага рэдактара друкаванага органа Аляксандра Лукашэнкі — газэты «Советская Белоруссия».


У лістападзе 2013 сьпіс папоўнілі начальнік Бабруйскай папраўчай калёніі № 2 Аляксандар Какунін і ягоны намесьнік Юры Трутко.

Прозьвішчы асоб, якія былі выведзеныя з чорнага сьпісу і асобы, якая ў яго патрапіла, стануць вядомыя заўтра, пасьля публікацыі ў афіцыйным выданьні Эўразьвязу.

Усяго ў чорным сьпісе Эўразьвязу знаходзіцца 232 прозьвішчы і 25 юрыдычных асобы, адказных за рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама шэраг кампаній бізнэсоўцаў набліжаных да беларускага кіраўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG