Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Шарамет: Кіяне крычалі Лукашэнку «Жыве Беларусь!»


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Павал Шарамет, які быў відавочцам візыту ў Кіеў Аляксандара Лукашэнкі, апавёў Радыё Свабода, што Лукашэнка не баіцца бел-чырвона-белага сьцяга, «абалдзеў» ад увагі журналістаў і выклікаў цікавасьць віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

— Інфармацыю пра тое, што Аляксандар Лукашэнка паляціць на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі, да апошняга трымалі ў таямнцы. Чаму ўсё ж ён вырашыў прысутнічаць на цырымоніі асабіста?

— Пра тое, што Лукашэнка ляціць у Кіеў, афіцыйна не абвяшчалі, і гэта стала вядома толькі ўчора ў сярэдзіне дня, калі пра гэта напісаў «Беларускі партызан». Але я думаю, што Лукашэнка з самага пачатку хацеў ляцець у Кіеў і проста не хацеў у гэтым адкрыта прызнавацца.

Відавочна, што Лукашэнка шукае кантакты за межамі Эўразійскага зьвязу. Відавочна, што ён хоча падстрахавацца і трохі аддзяліцца ад прэзыдэнта Пуціна і прадэманстраваць сваю самастойнасьць.

Урэшце доля ізгоя — цяжкая. Цяжка жыць унутры агароджы, і хочацца вырвацца ў прыстойную грамаду. А падчас цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнка сядзеў побач з прэзыдэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі, прэзыдэнткай Літвы Даляй Грыбаўскайце: віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, які зь цікавасьцю глядзеў на Лукашэнку. Таму, думаю, што яму ўсё гэта вельмі падабаецца. Ён агулам быў ва ўдары.

— Аляксандар Лукашэнка ці не ўпершыню за доўгія гады трапіў у такую грамаду. Наколькі ўпэўнена ён там пачуваецца? Ці былі сытуацыі, калі ён сапраўды выглядаў ізгоем?

— Канечне, ён знаходзіцца ў ізаляцыі. Яму пасьміхаюцца, ніхто ад яго не адсаджваецца. Але глядзяць на яго як на дыктатара, і ніхто зь ім дэманстратыўна не «цалуецца» і не размаўляе.

Але ў Кіеве ён пачуваўся добра. Быў ён трохі абалдзеўшы, калі выйшаў з Рады, і яго абступіў, проста сьціснуў шчыльны натоўп журналістаў. Ахова ягоная была ачумеўшая, бо яны даўно ўжо адвыклі ад такой працы ня толькі ў Менску, але і ў той жа Маскве.

А калі ён паехаў на Сафійскую плошчу, там натоўп яго вітаў крыкамі. І ён таксама размахваў рукамі, нешта крычаў у адказ. І нават яго не напалохаў бел-чырвона-белы сьцяг, які быў роўна насупраць таго месца, дзе ён высадзіўся з машыны.

— А што крычалі?

— Крычалі «Жыве Беларусь», «Беларусь». Украінцы былі настроеныя вельмі міралюбна адносна ўсіх. Віталі кожную краіну і тых прэзыдэнтаў, якіх яны пазнавалі.
Лукашэнка абалдзеўшы, ахова ачумеўшая, Коля ашалеўшы
Крычалі «Слава Грузіі», «Слава Польшчы». А Лукашэнка ў Кіеве ведаюць і таму крычалі «Жыве Беларусь!». Ён склаў рукі ў рупар і таксама нешта крычаў у адказ, але немагчыма было разабраць.

І з Коляй пайшоў у Сафійскі сабор, дзе меў адбыўцца малебен.

Коля таксама, было відаць, што трохі ашалеўшы. Такімі вялікімі вачыма на ўсё гэта глядзеў. Тут жа ў Кіеве ўсе вольна перамяшчаюцца, нават пры наяўнасьці вялікай колькасьці прэзыдэнтаў. Відаць, ён да такога ня звыклы. Ахова ўвесь час прыглядала за дзіцём, гэта было відаць. І ў Колі быў навушнік у вуху — пастаянная сувязь са службай бясьпекі.

Але агулам было відаць, што Лукашэнка кайфуе.


— Ці дэлегацыя Аляксандара Лукашэнкі адрозьнівалася ад іншых? Напрыклад, паведамлялі пра тое, што ў беларускага прэзыдэнта нібыта самі вялікі картэж?

— Я не зьвярнуў увагу на тое, што ў Лукашэнкі самы вялікі картэж. На гэта чамусьці зьвярнула ўвага агенцтва ІТАР-ТАСС. Чаму? Ня ведаю.

Але ўсе зьвярнулі ўвагу на тое, што калі Парашэнка ў сваёй прамове казаў, што Крым — гэта частка Ўкраіны, то Лукашэнка пляскаў у ладкі стоячы. Я асабіста ня бачыў гэты момант, бо яго не было ў трансьляцыі. Але пра гэта пісалі журналісты, якія знаходзіліся на гаўбцы ў залі Рады, дзе адбывалася інаўгурацыя.

— Лукашэнка ў Кіеве зноў заявіў, што падтрымлівае цэласнасьць Украіны, параіў украінцам забраць сабе Крым, вярнуць Януковіча і разабрацца з тэрарыстамі. Як варта ўкраінцам ставіцца да гэтых заяваў?

— Аніяк ня варта ставіцца да заяваў Лукашэнкі. Гэта пустая балбатня, папулізм. Ён кажа адно, пасьля кажа іншае. Зразумела, што на словах ён будзе падтрымліваць адзінства Ўкраіны і будзе крытыкаваць любую вайсковую апэрацыю супраць Украіны. Бо наступнай пасьля Ўкраіны будзе Беларусь. І ў адзін момант Беларусь можа страціць незалежнасьць, а прэзыдэнт Беларусі стане фармальнай марыянэткай.

Таму ён заўжды будзе казаць, тое, што сказаў, бо разумее: Захаду такія рэчы падабаюцца, і Ўкраіне такія рэчы падабаюцца.
Лукашэнка будзе рабіць тое, што скажа Масква. У Кіеве ўсё гэта разумеюць
Украінскі рынак вельмі важны для Беларусі з пункту гледжаньня нафтапрадуктаў і прадуктаў харчаваньня. Фармальна ён заўжды будзе старацца захаваць добрыя стасункі з Украінай. Але фактычна ён будзе рабіць тое, што скажа Масква. Аніякіх сумненьняў у гэтым няма.

У прынцыпе ў Кіеве ўсё гэта разумеюць. Але ў такой складанай сытуацыі, калі на ўсходзе вайна, любы прэзыдэнт, які зьвязаны з Масквой, але выказвае адрозны ад расейскага пункт гледжаньня, натуральна, будзе вітацца.

— Як будзе паводзіць сябе зь беларускім прэзыдэнтам Пятро Парашэнка? Ці ён будзе ставіцца да яго да дыктатара і будзе дэманстраваць прахалоднае стаўленьне і адправіць Лукашэнку ў ізаляцыю, як заходнія лідэры, ці ўсё ж захавае існыя стасункі?

— Мне здаецца, што ў Лукашэнкі ніколі не было праблем з Украінай, які б тут ні быў прэзыдэнт. І пры Юшчанку, які быў такі ўжо дэмакрат і заходнік, аніякіх праблем у Лукашэнкі ў стасунках не было. Думаю, што і надалей ня будзе.

Калі толькі Лукашэнка ня будзе задзейнічаны ў сілавых акцыях супраць Украіны. Калі, напрыклад, расейскія войскі будуць зь Беларусі заходзіць ці яшчэ нешта такога кшталту.

Парашэнка вельмі прагматычны, гнуткі, асьцярожны, каварны — як заўгодна можна яго называць, — чалавек і палітык. Таму калі ня будзе падставаў для спрэчак, то і псаваць стасункі ён па сваёй волі ня будзе. Дый сэнсу ў гэтым аніякага няма.

Беларусы — асноўныя пакупнікі на ўкраінскіх рынках на поўначы краіны. Беларусы — былі асноўныя турысты ў Крыме, як ні дзіўна гэта прагучыць, і асноўныя турысты ў Адэсе. Беларусы пастаўляюць паліва. Беларусы пастаўляюць малочныя прадукты і каўбасу.

Які сэнс зь імі сварыцца? Анічога такога Лукашэнку не чакае. Калі толькі ён ня ўцягнецца ў нейкую вайсковую апэрацыю Расеі супраць Украіны і ня трапіць пад больш масштабныя санкцыі Захаду ў сувязі з гэтым.
Аляксандар Лукашэнка прыняў афіцыйнае запрашэньне ўкраінскага боку на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі. Ён прыбыў у Кіеў у пятніцу, 6 чэрвеня. На наступны дзень у Радзе Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за доўгі час апынуўся побач з прэзыдэнтамі эўрапейскіх дзяржаў, віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і зрабіў шэраг гучных заяў паводле ўкраінскіх падзеяў

Павал Шарамет апошнія гады шмат працаваў ва Ўкраіне. Да траўня мінулага году (калі адбыўся рэйдэрскі захоп тэлеканалу) Шарамет вёў на канале ТВi сатырычнае вечаровае шоў «Проти ночи с Павлом Шереметом». Цяпер ён вядзе ток-шоў «Правда» на нядаўна створаным «Грамадзкім тэлебачаньні Расеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG