Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская рок-паэзія па-беларуску


У Магілёве прэзэнтавалі часопіс «Дзеяслоў» з анталёгіяй расейскай рок-паэзіі. Яна ў нумары прадстаўленая перакладзенымі на беларускую мову творамі дванаццаці расейскіх аўтараў. Сярод іх культавыя выканаўцы року Андрэй Макарэвіч, Барыс Грабеншчыкоў, Віктар Цой ды Юрый Шаўчук.

Музыка Юры Несьцярэнка пераклаў на беларускую мову нізку тэкстаў Андрэя Макарэвіча і прасьпяваў іх. Выкладзеныя ў інтэрнэт беларускамоўныя кампазыцыі сабралі сотні водгукаў. Музыка прызнаецца, што не чакаў такой папулярнасьці і ня можа яе вытлумачыць.

Адказваючы на пытаньне, чаму ён вырашыў перакласьці творы Андрэя Макарэвіча, Несьцярэнка адзначыў:

«Маё музычнае дзяцінства і юнацтва прыпалі на хвалю аўдэграўнднай папулярнасьці гурту „Машына часу“. Я нават ня ведаў тады, што там грае Макарэвіч. Я ведаў, што гэты гурт сьпявае песьні ні на што не падобныя. Пазьней Макарэвіч зацікавіў мяне тым, што ў яго беларускія карані. У дзедавым пакаленьні яны трапілі ў Маскву. Хоць Макарэвіч і піша на расейскай мове, але мне падаецца, што на падсьвядомым узроўні ён вяртаецца да таго досьведу, які заклалі ягоныя продкі».


Задума перакладаць Макарэвіча ў Юрыя Несьцярэнкі зьявілася некалькі год таму. Ён заўважае, што выбіраў для перакладу пераважна малавядомыя шырокай публіцы творы, у якіх, на ягоную думку, «адчуваецца сапраўдная паэзія». На пытаньне, як ставіцца беларускі музыка да апалы, у якую патрапіў Макарэвіч за сваю пазыцыю па сытуацыі ва Ўкраіне, Несьцярэнка адказвае каротка:

«Да ягонай творчасьці гэта не мае ніякага дачыненьня».

Адзін з гасьцей магілёўцаў, адказны сакратар рэдакцыі часопісу «Дзеяслоў» Анатоль Івашчанка таксама згадаў пра беларускае паходжаньне Андрэя Макарэвіча ў сьвятле ўкраінскіх падзеяў:

«Калі пачалася інфармацыйная гістэрыя і захопніцкая рыторыка, Макарэвіч быў першым, хто ў Расеі па-сутнасьці пратэставаў. І ці не беларускія гены талерантнасьці, здаровага розуму гучалі ў ім»,— так адрэагаваў Івашчанка на пытаньне, навошта перакладаць у Беларусі творы расейскай рок-паэзіі.
Барыс Пятровіч (п), Анатоль Івашчанка (л)
Барыс Пятровіч (п), Анатоль Івашчанка (л)


Галоўны рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч пра хвалю варажнечы ў Расеі да Андрэя Макарэвіча адзначае, што рок-музыка заўжды была ізгоем:

«Гэта было і ў Савецкім Саюзе, і такая сытуацыя не зьмянілася і па сёньня. У рок-музыцы дужа важны верш. Само слова. Пра што яно. Таму заўжды ўлада не вітала рок-музыкаў. І сёньня ў 21-м стагодзьдзі, калі няма ідэалягічных абмежаваньняў, тым ня менш, музыкі зазнаюць перасьлед не за тое, што яны сьпяваюць, а за сваю пазыцыю. А яна ў іх засталася ранейшай — за свабоду, за справядлівасьць, за лепшае жыцьцё».

Барыс Пятровіч кажа, што праект зь перакладамі на беларускую мову расейскай рок-паэзіі выклікаў зацікаўленасьць беларускай аўдыторыі. Днямі ў Менску, адзначае ён, вечарына, на якой беларускія музыкі сьпявалі перакладзеныя творы, сабрала багата людзей.

«У нас зьявілася ідэя, — працягвае Барыс Пятровіч, — прапанаваць расейскім музыкам, каб яны таксама прасьпявалі перакладзеныя на беларускую мову творы».

Акрамя анталёгіі расейскай рок-паэзіі прэзэнтаваны нумар «Дзеяслова» поўніцца творамі беларускіх літаратараў.

Паслухаць, як гучыць па-беларуску і пад гітару расейская рок-паэзія ў грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Відэа з прэзэнтацыі ў Менску

«Што нам вецер адказаў па сакрэце»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:40 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG