Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Пуцін могуць сустрэцца ў Францыі


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд запрасіў новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку на сьвяткаваньне 70-годзьдзя з дня высадкі саюзьнікаў у Нармандыі. На гэтую ўрачыстасьць таксама запрошаны расейскі кіраўнік Уладзімер Пуцін.

У прэсавай службе Пятра Парашэнкі зазначылі, што запрашэньне пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне прагучала падчас тэлефоннай размовы:

«Прэзыдэнт Францыі выказаў сваю падтрымку ў пасьпяховым правядзеньні нацыянальнага дыялёгу і рэалізацыі рэформаў ва Ўкраіне», — цытуе «Інтэрфакс» прэсавую службу.

Там таксама сказалі, што прэзыдэнт Францыі накіраваў прывітаньне Пятру Парашэнку: «Як адзначыла місія назіральнікаў АБСЭ за выбарамі ва Ўкраіне, на выбарах была высокая яўка і галасаваньне прайшло згодна з міжнародным стандартам, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, якія існуюць ва ўсходняй частцы краіны».

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд запрасіў Пятра Парашэнку на сьвяткаваньне 6 чэрвеня 70-годзьдзя з дня высадкі саюзьнікаў у Нармандыі.

Паведамляецца, што на ўрачыстасьці плянуе прыбыць і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Гэта будзе першая сустрэча Пуціна з заходнімі лідэрамі пасьля абвастрэньня канфлікту ва Ўкраіне і расейскай акупацыі Крыма, якую не прызнае законнай ні Ўкраіна, ні Захад.

Чакаецца, што Пуцін у Францыі можа пабачыцца і з Пятром Парашэнкам.

Заходнія лідэры пазьбягаюць двухбаковых сустрэч з Пуціным на ўрачыстасьцях у Нармандыі, за выключэньнем гаспадара ўрачыстасьці прэзыдэнта Францыі. Прадстаўнікі пратаколаў заходніх краін шукаюць магчымасьці, каб іх лідэры не стаялі побач і не фатаграфаваліся разам Пуціным пад час гэтых урачыстасьцяў.

Пятро Парашэнка афіцыйна стане прэзыдэнтам Украіны пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў і інаўгурацыі.

Высадка ў Нармандыі 6 чэрвеня 1944 года — ваенная апэрацыя саюзьнікаў, якая дала старт Заходняму фронту ў Другой усясьветнай вайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG