Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямцоў: Парашэнка будзе дамаўляцца з Пуцінам


Прадстаўнікі расейскай апазыцыі (за выняткам лідэраў радыкальных левых сілаў, якія падтрымліваюць пратэсты на ўсходзе Ўкраіны) да перамогі Пятра Парашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах паставіліся станоўча.

Былы дарадца Ўладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў лічыць, што гэтая перамога дэманструе правал пляну расейскага прэзыдэнта па дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.
«Самае галоўнае заключаецца нават ня столькі ў перамозе Парашэнкі, ня ў тым, што Парашэнка перамог у першым туры, самае галоўнае заключаецца ў тым, што Ўкраіна абсалютнай большасьцю галасоў прагаласавала за заходні выбар разьвіцьця сваёй краіны.

Першыя чатыры кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах Украіны па колькасьці атрыманых галасоў — гэта Парашэнка, Цімашэнка, Ляшко і Грыцэнка — уяўляюць сабой, з палітычнага пункту гледжаньня, захад і цэнтар Украіны. Гэта кандыдаты, якія ў той або іншай ступені незалежна ад асаблівасьцяў сваіх палітычных праграм і пэрсанальных дэталяў выступаюць за інтэграцыю Украіны ў заходні, сучасны сьвет.

Кандыдаты, якія прадстаўлялі ўсход, набралі непараўнальна меншую колькасьць галасоў. Гэта азначае татальны разгром пуцінскіх плянаў па ўсталяваньні кантролю за Ўкраінай і яе падзеле. Гэтыя вынікі паказалі, што Ўкраіна як ніколі адзіная, а працэс яе падзелу, які аб’ектыўна ў нейкай ступені існаваў, цалкам пераадолены.

Любы прэзыдэнт Украіны пасьля перамогі заняўся б вырашэньнем пытаньня тэрарыстычнай актыўнасьці. Гэтае пытаньне будзе вырашана, прычым гэта пытаньне ня вельмі аддаленага заўтра. Цяпер, калі ёсьць усе легітымныя паўнамоцтвы новаабранага прэзыдэнта, будуць, відавочна, прызначаныя новыя асобы на сілавыя структуры, або будуць пацьверджаныя паўнамоцтвы раней прызначаных, але пасьля гэтага антытэрарыстычная апэрацыя будзе завершаная».

Адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыс Нямцоў упэўнены, што Парашэнка пачне рашэньне праблемы ўсходу зь перамоваў з Уладзімірам Пуцінам, і ў выпадку, калі гэтыя перамовы будуць пасьпяховымі, маштабная вайсковая апэрацыя не спатрэбіцца.
«Я лічу, што Парашэнка, па-першае, павінен дамагчыся ад Пуціна вываду чачэнскіх баевікоў. Цяпер ужо існуе неабвержны доказ таго, што яны там прысутнічаюць. Я лічу, што на старце магчымыя перамовы Парашэнкі з Пуціным на тэму неадкладнага вываду з тэрыторыі незалежнай краіны людзей Кадырава. Як толькі кадыраўскія баевікі будуць выведзеныя з тэрыторыі ўсходніх і паўднёва-ўсходніх абласьцей Украіны, парадак пачне ўсталёўвацца з імклівай хуткасьцю. Потым, вядома, давядзецца разьбірацца і з тэрарыстамі.

Перад прэзыдэнтам Украіны стаяць важныя заданьні. Каб іх вырашыць, трэба мець і волю, і сумленнасьць, і мужнасьць, трэба быць выбітным чалавекам. Ня ведаю, ці валодае Парашэнка ўсімі гэтымі якасьцямі, але гэтыя заданьні трэба вырашаць. Акрамя захаваньня адзінства краіны, для чаго неабходна па сутнасьці зноўку стварыць войска і спэцслужбы, трэба праводзіць эканамічныя рэформы. Украіна ў гэтым сэнсе вельмі адстала».

На падставе матэрыялаў расейскай службы Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG