Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня: Перамога. Украіна. Хакей (фотагалерэя)

Усе важныя падзеі сёньняшняга дня ў Беларусі і сьвеце ў жывым блогу Свабоды.

ЖЫВАЯ ВІДЭАТРАНСЬЛЯЦЫЯ ЗЬ МЕНСКУ (3 гадзіны відэа)
12:24 9.5.2014

«У Менску пуставата, ментавата і параднавата»

Допіс чытача сайта Свабоды.

«Праехаўся па Менску: (новы) праспэкт Машэрава — Чырвоная — праспэкт Незалежнасьці. Насупраць стэлы ўчора гэтай парой быў нейкі нібы кірмашык — натоўп, шапікі, загародкі. Сёньня — пуста, гола.

На мосьце стаяў міліцыянт, але рух не перакрываў.

У некаторых — дзяцей і дарослых — балёнікі, нярэдка цэлымі вязанкамі, чырвоныя і зялёныя. Георгіеўскіх колераў не відаць. Зрэдку трапляюцца вэтэраны з ордэнамі.

На скрыжаваньні з Чырвонай стала ясна, чаму пуставата: у напрамку да стэлы праехаў картэж — даўжэзны чорны лімузын з прэзыдэнцкім штандарыкам, пару хвілін перад ім адна за адной дзьве міліцэйскія машыны, вакол лімузына адна-дзьве ўжо цывільныя. Пара дзясяткаў людзей з кожнага боку чакалі пераходу, міліцыянт ім казаў ня лезьці на ражон.

На плошчы Коласа і далей па праспэкце Незалежнасьці людней і весялей. Трапляюцца касьцюмаваныя купкі людзей — то ў аднастайных маечках, то з „БРСМ“ на сьпіне, то ў савецкім хакі.

Музыкі ў цэнтры было не чуваць. Ля Парка Чалюскінцаў духавы аркестар грае маршы».
12:23 9.5.2014

У Славянску сэпаратысты ў балаклавах праводзяць парад ваеннай тэхнікі


Як паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак, па цэнтры Славянску рухаецца танк, на якім сядзяць узброеныя сэпаратысты ў балаклавах. Да баявой машыны прымацаваны сьцяг “Народнага апалчэньня Данбасу“.
11:51 9.5.2014

Вяшчаньне ўкраінскіх каналаў адноўлена


Вакол тэлевежы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі ў Кіеве арганізавана кругласутачнае патруляваньне.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Вікторыя Сюмар назвала падпал кабэляў тэлевежы дывэрсіяй:

«Лёгіка расейскіх спэцслужбаў да гэтага часу грунтуецца на вучэньні Леніна пра першачарговыя „пошту, тэлефон, тэлеграф“, — адзначыла яна ў Facebook. — Падпалілі кабэлі ў калодзежы, доступ да якога ёсьць з вуліцы, кінуўшы ўсярэдзіну запальную сумесь», — паведаміла Сюмар.
11:46 9.5.2014

На парадзе ў Маскве — 11 тысячаў вайскоўцаў


У 25 расейскіх гарадах адбудуцца вайсковыя парады.

Самым маштабным быў парад у Маскве. У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць баявой тэхнікі, якую дэманстравалі на Чырвонай плошчы, значна павялічаная.

У маскоўскім парадзе ўдзельнічалі каля 11 тысяч вайскоўцаў, 151 адзінак рознай баявой тэхнікі, а таксама 69 самалётаў і верталётаў — па колькасьці гадоў зь дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У сваім выступе прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што 9 траўня быў, ёсьць і будзе галоўным сьвятам, днём нацыянальнага трыюмфу.
11:35 9.5.2014
Свабода выходзіць на плошчы — анонс жывой трансьляцыі
11:26 9.5.2014
Яцанюк не давярае заявам Пуціна і чакае правакацыяў на 9 траўня
11:26 9.5.2014
Украінцы адзначылі Дзень Перамогі, як ў Эўропе, — 8 траўня і без парадаў
11:25 9.5.2014
Парад у Маскве — браніраваны кулак для Захаду
10:56 9.5.2014

Лукашэнка: «Над Украінай згусьціліся хмары грамадзянскай вайны»


Выступаючы сёньня ля помніка Перамогі ў Менску на сьвяткаваньні Дня Перамогі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра мэтаскіраваную дзейнасьць пэўных сілаў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў сьвеце:

«Балюча гаварыць, што адной з такіх „гарачых кропак“ стала Ўкраіна. Тут згусьціліся хмары грамадзянскай вайны. І брат падняў руку на брата. Гэта неабходна спыніць».

Кіраўнік Беларусі таксама казаў, што блёк НАТО «нарошчвае сваю актыўнасьць ля нашай мяжы». Аднак «нашы Ўзброеныя сілы гатовыя ў любы момант адстаяць незалежнасьць Беларусі».
10:53 9.5.2014

Лукашэнка бяз стужкі


У Менск прайшло шэсьце вэтэранаў, кіраўніцтва Беларусі, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і праўладных грамадзкіх арганізацый.

Наперадзе калёны ішоў Аляксандар Лукашэнка з малодшым пазашлюбным сынам Мікалаем. Старэйшых сыноў побач зь ім не было. На лацкане пінжака ў Лукашэнкі не было ніякай стужкі, ні георгіеўскай, ні чырвона-зялёнай. А ў Мікалая Лукашэнкі была начэпленая стужка колераў афіцыйнага беларускага сьцяга.
XS
SM
MD
LG