11:51
9.5.2014
Вяшчаньне ўкраінскіх каналаў адноўлена
Вакол тэлевежы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі ў Кіеве арганізавана кругласутачнае патруляваньне.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Вікторыя Сюмар назвала падпал кабэляў тэлевежы дывэрсіяй:
«Лёгіка расейскіх спэцслужбаў да гэтага часу грунтуецца на вучэньні Леніна пра першачарговыя „пошту, тэлефон, тэлеграф“, — адзначыла яна ў Facebook. — Падпалілі кабэлі ў калодзежы, доступ да якога ёсьць з вуліцы, кінуўшы ўсярэдзіну запальную сумесь», — паведаміла Сюмар.
11:46
9.5.2014
На парадзе ў Маскве — 11 тысячаў вайскоўцаў
У 25 расейскіх гарадах адбудуцца вайсковыя парады.
Самым маштабным быў парад у Маскве. У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць баявой тэхнікі, якую дэманстравалі на Чырвонай плошчы, значна павялічаная.
У маскоўскім парадзе ўдзельнічалі каля 11 тысяч вайскоўцаў, 151 адзінак рознай баявой тэхнікі, а таксама 69 самалётаў і верталётаў — па колькасьці гадоў зь дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У сваім выступе прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што 9 траўня быў, ёсьць і будзе галоўным сьвятам, днём нацыянальнага трыюмфу.
10:56
9.5.2014
Лукашэнка: «Над Украінай згусьціліся хмары грамадзянскай вайны»
Выступаючы сёньня ля помніка Перамогі ў Менску на сьвяткаваньні Дня Перамогі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра мэтаскіраваную дзейнасьць пэўных сілаў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў сьвеце:
«Балюча гаварыць, што адной з такіх „гарачых кропак“ стала Ўкраіна. Тут згусьціліся хмары грамадзянскай вайны. І брат падняў руку на брата. Гэта неабходна спыніць».
Кіраўнік Беларусі таксама казаў, што блёк НАТО «нарошчвае сваю актыўнасьць ля нашай мяжы». Аднак «нашы Ўзброеныя сілы гатовыя ў любы момант адстаяць незалежнасьць Беларусі».
10:53
9.5.2014
Лукашэнка бяз стужкі
У Менск прайшло шэсьце вэтэранаў, кіраўніцтва Беларусі, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і праўладных грамадзкіх арганізацый.
Наперадзе калёны ішоў Аляксандар Лукашэнка з малодшым пазашлюбным сынам Мікалаем. Старэйшых сыноў побач зь ім не было. На лацкане пінжака ў Лукашэнкі не было ніякай стужкі, ні георгіеўскай, ні чырвона-зялёнай. А ў Мікалая Лукашэнкі была начэпленая стужка колераў афіцыйнага беларускага сьцяга.