Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз абнародаваў дадатак да «чорнага сьпісу»


Афіцыйны часопіс Эўразьвязу сёньня апублікаваў імёны расейскіх грамадзян, уключаных у санкцыйны «чорны сьпіс». Цяпер у ім цалкам 48 асобаў, якія, на думку ЭЗ, нясуць адказнасьць за расейскую пазыцыю па Ўкраіне.

У сьпіс дададзеныя 15 чалавек, у прыватнасьці, віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Козак, сталы прадстаўнік прэзыдэнта ў Крыме Алег Белавенцаў, міністр па справах Крыму Алег Савельеў, губэрнатар Севастопаля Сяргей Мяняйла, сэнатар ад выканаўчай улады Крыму Вольга Кавіцідзі, віцэ-сьпікеры Дзярждумы Людміла Швецава і Сяргей Нявераў, кіраўнік Генштабу Валерый Герасімаў і дырэктар ГРУ Ігар Сяргун, супрацоўнік ГРУ Ігар Стралкоў, лідэры сэпаратыстаў на паўднёвым усходзе Ўкраіны Герман Пракоп і Валерый Болатаў, кіраўнік Данецкай народнай рэспублікі Сяргей Пургін, прадстаўнікі кіраўніцтва ДНР Дзяніс Пушылін і Сяргей Цыплакоў. Усім ім забараняецца ўезд у краіны Эўразьвязу, іх актывы (пры наяўнасьці такіх) на тэрыторыі ЭЗ замарожваюцца.

17 сакавіка Эўразьвяз апублікаваў першапачатковы санкцыйны сьпіс для Расеі і Крыму, у якім было 21 прозьвішча. Тады ў яго былі ўключаныя 8 прадстаўнікоў кіраўніцтва Крыму: прэм’ер-міністар Сяргей Аксёнаў; сьпікер Дзяржсавету Уладзімір Канстанцінаў; першы віцэ-прэм’ер ураду Рустам Тэміграліеў, намесьнік камандуючага Чарнаморскім флётам Дзяніс Беразоўскі і інш.

21 сакавіка ў сьпіс былі дададзеныя яшчэ 12 высокапастаўленых чыноўнікаў, сярод іх віцэ-прэм’ер ўраду РФ Дзьмітрый Рагозін, сьпікер Савета Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка, сьпікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін і іншыя.

Абноўлены сьпіс уступае ў сілу ад сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG