Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чэхіі: Калі Расея ўварвецца ва ўсходнюю Ўкраіну — я буду за ваенную акцыю НАТО


Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман у інтэрвію радыё Český rozhlas шырока выказаўся з нагоды украінска-расейскага канфлікту. З аднаго боку, ён разумее матывацыю Расеі пры далучэньні Крыму. Фэдэралізацыю Ўкраіны ён лічыць добрай ідэяй. Зь іншага боку, Зэман выступае за самыя жорсткія санкцыі і нават ваеннае ўмяшаньне НАТО ў тым выпадку, калі Расея паспрабуе анэксаваць ўсходнюю Украіну.

Вы ведаеце, я адношуся да тых, хто спрабуе зразумець далучэньне Крыма да Расеі. Па-першае, улічваючы дурное рашэньне Хрушчова 1954 году. Вы ведаеце, што Крым ніколі не належаў Украіне. Па-другое, большасьць жыхароў Крыму відавочна хацела злучэньня Крыму з Расеяй.

Я ніякі не «ястраб», але і я лічу спробу анэксіі ўсходняй Украіны ці яе анэксію выхадам за межы. У такой сытуацыі я б ператварыўся з «голуба» ў «ястраба» і запатрабаваў бы вельмі жорсткіх санкцыяў. Гэта была б ужо ланцуговая рэакцыя на тэрыторыі незалежнай дзяржавы. Гэта ўжо не тэрыторыя, падораная Хрушчовым, а тэрыторыя краіны, якая дамагалася сваёй незалежнасьці і якая заслугоўвае самастойнасьці. У выпадку, калі расейскія войскі перасякуць мяжу ўсходняй Украіны, тады жарты ў бок. Акрамя самых жорсткіх санкцый, я б у такім выпадку падтрымаў і гатоўнасьць да ваеннай акцыі, у тым ліку, уступленьне войскаў НАТО на тэрыторыю Украіны.

Інфармагэнцтвы зноў паведамілі аб беспарадках і сутыкненьнях ў Данецку. Як гэта можна расцаніць?

Гэта сьведчаньне таго, што ўкраінцы з усходу незадаволеныя сёньняшнім урадам. Гэта, дарэчы, не сапраўдны ўрад. Кабінэт ня створаны на аснове вынікаў выбараў. Рашэньнем сытуацыі зьяўляюцца выбары, як прэзыдэнцкія, так і парлямэнцкія. Я, увогуле, падзяляю меркаваньне, што фэдэралізацыя не зьяўляецца такй ужо дрэнны ідэяй. Нямеччына, ЗША і Швэйцарыя зьяўляюцца фэдэрацыямі, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Дэцэнтралізацыя магла б супакоіць сытуацыю і зьняць напругу.

Яшчэ дадам адну думку. Вы можаце дапусьціць шэраг памылак, і нічога страшнага ня здарыцца. Толькі гэтыя памылкі ня могуць быць такога маштабу, каб распаліць канфлікт па ўсёй краіне. Такой памылкай быў украінскі закон аб мовах. Я ня ведаю, які шалёны дэпутат прапанаваў забараніць траціне жыхароў краіны выкарыстоўваць сваю родную мову. Хоць я ў курсе, што старшыня парлямэнту наклаў вэта на гэты закон. Іншая справа, што на Майдане зьяўляюцца групкі фашыстаў, але гэта далёка ня большасьць удзельнікаў Майдану. Проста яны прыцягваюць больш за ўсё ўвагі.

Эўрапейскі саюз не выключае прыняцьця дадатковых санкцыяў у дачыненьні да Расеі. Вы ўжо раней сказалі, што жорсткія санкцыі могуць павярнуць Расею назад да таталітарнага рэжыму. Вы сапраўды так лічыце?

Я часта вяртаюся да маёй лекцыі для кубінскіх эмігрантаў у Маямі. Я ім казаў, што ёсьць санкцыі, ёсьць блякада, ёсьць эмбарга, і Фідэль Кастра застаецца ва ўладзе 40 гадоў. Час памяняць стратэгію. Камуністы гэта называлі «ідэалягічнай дывэрсіяй». Гэта значыць, пажаданы больш шырокі абмен студэнтамі, журналістамі, бізнэсмэнамі, турыстамі. Для дэмакратызацыі любога грамадзтва, ня толькі расейскага, трэба не ствараць міт абложанай крэпасьці. Калі там за кардонам усе ворагі — той, хто ім сымпатызуе, лічыцца здраднікам, а ня проста мае іншае меркаваньне. Так лічаць усе таталітарныя рэжымы. Давайце не ствараць абложаных крэпасьцяў і давайце не вяртацца да Халоднай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG