Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Ініцыятыва Лукашэнкі пра вытворчасьць ўласных самалётаў і верталётаў зьвязаная з падзеямі ва Ўкраіне


Аляксандар Лукашэнка прапанаваў на базе Баранавіцкага і Аршанскага авіярамонтных заводаў зьбіраць уласныя самалёты і верталёты. Як ставяцца да гэтай прапановы адмыслоўцы?

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка падчас наведваньня 558-га авіярамонтнага завода ў Баранавічах паставіў задачу наладзіць там уласную вытворчасьць самалётаў, а ня проста займацца рамонтам і мадэрнізацыяй старой савецкай авіятэхнікі. Беларускія верталёты Лукашэнка загадаў зьбіраць на авіярамонтным заводзе ў Воршы, які часткова належыць украінскай кампаніі «Мотор Січ», якая вырабляе добрыя рухавікі. «Рухавік ёсьць; яшчэ купіць пару-тройку складаных прыбораў, якія, можа быць, і ня трэба ў нас вырабляць. А ўсё астатняе — бяры і кляпай, рабі корпус», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Як паставіліся да ідэі вырабляць свае самалёты і верталёты беларускія адмыслоўцы?

Адмысловец у пытаньнях супрацьпаветранай абароны, падпалкоўнік у адстаўцы Станіслаў Суднік ініцыятыву падтрымаў.
Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік
«Беларусь здольная зьбіраць і свае самалёты, і верталёты, і гэтак далей. І ня толькі зьбіраць, але і распрацоўваць уласныя мадэлі. Мы — разумны народ. Проста для гэтага павінен быць вельмі сур’ёзны падыход. Ня цяп-ляп, што сказаў — і заўтра „кляпаем“, а па-сур’ёзнаму. База ў нас ёсьць, ёсьць у нас і адукаваныя людзі, і таму ўсё гэта можна арганізаваць. Калі ўжо на пасьлязаўтра такая задача — то гэта нерэальна, але разгарнуць такую галіну прамысловасьці — нармальны падыход. Іншая справа, ці ёсьць у нас на гэта рэсурсы».

Якраз у наяўнасьці рэсурсаў, асабліва фінансавых, сумняецца доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.
Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Грошай жа няма. Мы ня можам знайсьці грошы на мадэрнізацыю самалётаў СУ, якія выпрацавалі свой рэсурс. Нават на глыбокую мадэрнізацыю шукалі, падлічылі — грошай не знайшлі і ня ведаюць, што зь імі рабіць. Хацелі сьпісаць — Лукашэнка сказаў, што нельга сьпісваць, і пытаньне павісла. Сур’ёзныя інвэстары, мяркую, ня прыйдуць, таму я скептычна стаўлюся да такіх прапановаў. Можна займацца рамонтам і мадэрнізацыяй ды ўдасканальваць тую вытворчасьць, якая ў нас ёсьць. І на гэтым зарабляць грошы, на расейскіх замовах. Ня трэба ставіць задачы не па сілах».

Барыс Жаліба заўважыў, што Расея не прадасьць Беларусі свае сакрэтныя напрацоўкі ў авіябудаўніцтве, а ліцэнзіі, якія можна набыць на рынку разьвітых краінаў, «ня першай сьвежасьці»:

«Дык навошта вырабляць тое, што адстае ад іншых?» — кажа Барыс Жаліба.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі прапанову Аляксандра Лукашэнкі яшчэ абдумвае.
Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі
«На нашых заводах можна займацца мадэрнізацыяй, рамонтам, удасканальваньнем нейкіх рэчаў. Але пабудаваць новы верталёт, прыкладам, на беларускіх заводах, як мне падаецца, не зусім рэальна. Усё ж авіяцыйныя заводы, скажам, у Камсамольску-на-Амуры, ці ва Ўкраіне — там зусім іншая база, там іншая падрыхтоўка кадраў, іншыя тэхналёгіі, станочны парк. Але... можа і ўдасца».

Вядомы вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што пры добрым вывучэньні патрэбаў рынку, пошуку інвэстараў да палітычнай падтрымцы задача аб наладжваньні ўласнага авіябудаўніцтва цалкам рэальная. На думку Аляксандра Алесіна, Беларусь можа заняць нішу сярод лёгкіх пасажырскіх, транспартных самалётаў і беспілётнікаў. У будаўніцтве верталётаў таксама ёсьць пэрспэктывы, зьвязаныя з украінскай кампаніяй «Мотор-Січ», якую, як заўважыў аглядальнік, «Аляксандар Лукашэнка невыпадкова згадаў двойчы».
Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін ініцыятыву Лукашэнкі зьвязвае з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне. Паводле аглядальніка, Беларусь атрымала шанец стаць пляцоўкай, на якой будзе вырабляцца і пастаўляцца потым у Расею тая тэхніка, у вытворчасьці якой раней наўпрост каапэраваліся ўкраінскія і расейскія вытворцы, а цяпер, з палітычных прычынаў, гэтую каапэрацыю прыйдзецца хаваць:

«Калі ўлічыць, што эканамічныя сувязі паміж вайскова-прамысловымі комплексамі Расеі і Ўкраіны пагоршацца (а ў іх ёсьць сумесныя праекты па вытворчасьці самалётаў), то магчыма, што Беларусь стане той пляцоўкай, на якой удасца іх рэалізаваць як на нэўтральнай паласе. У галіне самалётабудаўніцтва, верталётабудаўніцтва. Але, безумоўна, толькі сваімі сіламі Беларусь самалёт не пабудуе».

Аляксандар Алесін не выключае, што магчымасьці каапэрацыі з украінскімі і расейскімі авіябудаўнікамі Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў падчас нядаўняй сустрэчы ў Гомельскай вобласьці з выконваючым абавязкі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым, а потым ў Менску з расейскім віцэ-прам’ерам Дзьмітрыем Рагозіным, які курыруе ВПК Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG