Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны гандаль як спосаб выжываньня


Belarus - The State Border Committee of Belarus building, 07Mar2012
Belarus - The State Border Committee of Belarus building, 07Mar2012

Рэвалюцыйныя падзеі ва Ўкраіне мала паўплывалі на прыватны памежны гандаль беларусаў і ўкраінцаў.

Жыхары суседніх зь Беларусьсю Чарнігаўскай, Жытомірскай, Ровенскай, Валынскай абласьцей па-ранейшаму езьдзяць у памежныя беларускія гарады па харчы, а беларусы купляюць ва Ўкраіне абутак, адзеньне, сьпіртовыя напоі. А калі ўдаецца, вязуць да суседзяў на продаж нават угнаеньні й ядахімікаты. За кошт напаўлегальнага гандлю адны другім дапамагаюць выжываць.

Ад беларускага Гомеля да ўкраінскага Чарнігава крыху больш за сто кілямэтраў. Гэта адлегласьць — зусім не перашкода для чарнігаўскіх кабет, каб па некалькі разоў на месяц прыехаць у горад па-над Сожам і затаварыцца харчамі — сям’ю пракарміць і знаёмым на замову што-кольвек прывезьці.

Апавядае спадарыня Людміла з украінскага Чарнігава:

«Я наагул маю статус Маці-гераіні, бо выхоўваю шасьцёра дзяцей. І каб не Беларусь, то выжыць было б складана. Прадукты харчаваньня ў Беларусі вырабляюць паводле стандартаў, яны больш якасныя і ўвогуле таньнейшыя — дзіцячае харчаваньне, малако, некаторыя сыры, масла. Дарэчы, такога якаснага масла, як у Беларусі, нідзе няма».

Кабета кажа, што ўкраінцы, бывае, едуць па харчы ў Жлобін, Бабруйск, бывае й Менск. Складана толькі правезьці празь мяжу на продаж нешта звыш устаноўленай нормы, якая абмежавана зь лістапада да траўня асабліва моцна:

«Паводле нормы можна везьці: 2 кіляграмы сасісак, 2 кіляграмы масла. І сям’ю пракорміш, і штосьці выручыш. Мы ж оптам не гандлюем, а толькі для сябе і для знаёмых. Беларусы, можа, яшчэ лепшыя людзі, чым „хахлы“. Усюды добрыя людзі. І ў Менску знаёмыя, у Бабруйску, Жлобіне і ў Гомелі».
Мы ж оптам не гандлюем, а толькі для сябе і для знаёмых


Украінка кажа, што людзі вымушаныя займацца гандлем. Праца ў тым жа Чарнігаве ёсьць, але заробкі звычайна невысокія:

«Праца ёсьць, але заробкі ў межах 1300 грывень — на іх немажліва выжыць. Надзвычай маленькія заробкі».

Людміла непакоіцца, што паездкі ў Беларусь апошнім часам сталі менш выгаднымі з-за падзеньня курсу грыўны. Раней тысячу абменьвалі на мільён беларускіх ці нават крыху болей. Цяпер — у два разы менш:

«Курс памяняўся, грыўна дужа ўпала — і ня надта выгадна езьдзіць. Ужо многія толькі па Ўкраіне езьдзяць. Абмен такі: за 1 тысячу грывень — 500 тысяч беларускіх. Гэта дужа мала».

У сваю чаргу беларусам, калі ўлічыць стан грыўны, езьдзіць па пакупкі да сваіх паўднёвых суседзяў значна лацьвей. Але некаторыя жыхары памежных раёнаў былі напалоханыя апошнімі падзеямі ва Ўкраіне і вось толькі цяпер спакваля аднаўляюць паездкі. Бо без украінскіх тавараў і беларусам цяжэй выжываць.

Апавядае спадарыня Галіна, жыхарка памежнай вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёну:

«Нашы езьдзілі ў Алеўск на кірмаш — там бяруць шмоткі, абутак бяруць альбо іншае што. Там таньней, у Алеўску».

Не зарастаюць і так званыя кантрабандныя шляхі-пуцявіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

Днямі беларускі Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў пра затрыманьне вясковага кіроўцы з Маларыцкага раёну. У ягоным аўтамабілі «Аўдзі» ў пакетах было выяўлена звыш 800 кіляграмаў мяса. Ніякіх дакумэнтаў на мяса кіроўца ня меў. Адгаворваўся: паехаў у лес у бок Ўкраіны па бярозавы сок — і знайшоў.

Мясцовая кабета дадае: «Усё возяць: і цыгарэты, і ядахімікаты, і ўгнаеньні, і мяса. Яны ж тут не працуюць, а ўсе — кантрабандысты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG