Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Булуган» з тварам Алэна Дэлона


Самай фэерычнай кар’ерай у Беларусі лічыцца ўзьлёт Лукашэнкі: з «нікога» — у прэзыдэнты. Як вымяраць вяршыняй — безумоўна. Але калі ўзяць у разьлік стартавую пазыцыю і час — дык Лукашэнка тут не рэкардсмэн. Рэкардсмэн — Дзьмітрый Булахаў.

Да прыходу на пасаду прэзыдэнта Лукашэнка ня быў «нікім» — ён чатыры гады зьяўляўся дэпутатам парлямэнту (для параўнаньня: Барак Абама таксама прыйшоў у Белы дом з дэпутата парлямэнту — быў сэнатарам ад штату Ілінойс). А да дэпутацтва Лукашэнка працаваў дырэктарам саўгасу — які-ніякі, а начальнік, некалькі сотняў у сваім падпарадкаваньні меў. І прэзыдэнтам ён свайго часу зрабіўся ва ўзросьце зусім не маладым (бязь месяца 40 гадоў).


Булахаў жа ў 30 гадоў за імгненьне ўзьляцеў зь невысокай прыступкі службовай лесьвіцы, з абсалютнай невядомасьці, у дзясятку-дваццатку самых уплывовых асобаў тады яшчэ БССР. У сакавіку 1990 году Булахаў быў абраны народным дэпутатам БССР, а праз тры месяцы, на першай сэсіі Вярхоўнага Савету, узначаліў (у значнай ступені, выпадкова) галоўную парлямэнцкую камісію — Камісію ВС па заканадаўстве і аўтаматычны зрабіўся членам Прэзыдыюму ВС БССР.

На пачатак 1990 году, калі адбыліся выбары у ВС-12, Булахаў працаваў сьледчым у Магілёўскім абласным упраўленьні ўнутраных спраў; гэта была ня самая нізкая пасада (бо былі і ніжэйшыя — у райаддзелах), але ў адным гэтым абласным упраўленьні над ім быў добры дзясятак ступеняў. Сьледчым Булахаў быў здольным (казалі, што раскрыў першую справу па рэкецірах), і пры спрыяльных абставінах і службовай руплівасьці гадоў праз пятнаццаць Булахаў мог атрымаць пасаду намесьніка начальніка ўпраўленьня і пагоны палкоўніка. Для крэсла начальніка і генэральскіх лямпасаў патрэбныя былі куды большая руплівасьць і абставіны надзвычай спрыяльныя. А таксама — высокія сувязі.

Але абставіны для Дзьмітрыя Булахава склаліся куды больш спрыяльна, чым у самых сьмелых марах.

Яшчэ ў пачатку 1990-га Булахаў, калі б у калідоры магілёўскага ўпраўленьня раптам убачыў намесьніка міністра ўнутраных спраў, палічыў бы за лепшае схавацца, не трапляцца яму на вочы — і правільна б зрабіў, бо што ў вайсковага, што ў міліцэйскага афіцэра правіла «далей ад начальства» — у крыві. А ўжо ў чэрвені таго самага 90-га нейкі намесьнік міністра, калі б убачыў у калідоры міністэрства Дзьмітрыя Булахава, магчыма, схаваўся б — з той самай прычыны. А магчыма, і наадварот: на гэтым узроўні дзейнічалі ўжо іншыя правілы, і генэрал ня страціў бы шанец прывітаць уплывовага члена Прэзыдыюму — Бог ведае, калі і зь якой прычыны можа спатрэбіцца ягоная пратэкцыя. Дастаткова сказаць, што міністар унутраных спраў генэрал-лейтэнант Віктар Піскароў абраўся таксама старшынём парлямэнцкай камісіі, але з дадаткам «пры» — Камісіі па справах ахвяраў рэпрэсіяў пры Вярхоўным Савеце, што было на ступень ніжэй за булахаўскую пасаду.

Словам, Булахаў імгненна пераадолеў ня менш як дзесяць прыступак службовай лесьвіцы, узьняўшыся над былымі сваімі начальнікамі на нябесную кар’ерную вышыню. У жніўні 91-га, зь ліквідацыяй ЦК КПБ і здабыцьцём Незалежнасьці, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету зрабіўся своеасаблівым калектыўным прэзыдэнтам, вяршыцелям лёсаў і нават жыцьцяў (апошняе — літаральна: Прэзыдыюм меў права памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне).

І гэта — у трыццаць гадоў, пры нязьменнай увазе СМІ, пры амаль штодзённых інтэрвію па тэлебачаньні ды радыё, і з камплімэнтам ад журналістак за прывабную зьнешнасьць — «наш Алэн Дэлон».

Было ад чаго закружыцца галаве.

Але ўсё гэта хутка прыелася, зрабілася руцінай — перад пэрспэктывай заняць куды больш уплывовае крэсла.

Да самай высокай пасады, Старшыні Вярхоўнага Савету — заставалася толькі дзьве прыступкі: віцэ- і першы віцэ-сьпікер. З прызначэньнем увосень 91-га Васіля Шаладонава Генэральным пракурорам у Шушкевіча вызвалілася вакансія намесьніка. Булахаў мог разьлічваць, што Шушкевіч прапануе яму заняць гэтае месца: у верасьні 91-га не ў апошнюю чаргу дзякуючы трактоўцы Булахавым рэглямэнту Шушкевіч змог абрацца старшынём парлямэнту.

Прызнаюся, мяне дзівіла, чаму Шушкевіч гэтага ня робіць. Калі б тады, у канцы 91-га, Шушкевіч назваў кандыдатуру Булахава (а толькі старшыня меў магчымасьць прапаноўваць сваіх намесьнікаў) — яго б не абралі. Дэпутаты Апазыцыі БНФ не галасавалі б за яго, бо на Сэсіі Незалежнасьці 24-25 жніўня Булахаў імкнуўся «заблытаць» прапановы апазыцыі (і нават у самы крытычны момант фактычна атаясаміў абвяшчэньне незалежнасьці з парушэньнем Канстытуцыі), ну а намэнклятура ня бачыла ў ім свайго — для такой стратэгічна важнай пасады ў дэпутацкай большасьці былі свае кандыдатуры зь ліку былых камуністычных сакратароў (і пазьней старшыню Савецкага райвыканкаму Кузьняцова ўсё ж навязалі Шушкевічу — і ён пагадзіўся).

Увогуле, з прычынаў асабістых палітычных інтарэсаў, Шушкевічу было б выгодна вылучыць Булахава — разумеючы, што ён ня пройдзе (так зробіць у ліпені 94-га Лукашэнка, вылучыўшы яго на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суду). Але Шушкевіч ня ўнёс у Вярхоўны Савет ягоную кандыдатуру — і зрабіў з Булахава асабістага ворага.

У пачатку студзеня 1992 года на дарозе Менск-Магілёў Булахаў, кіруючы службовай «Волгай», насьмерць зьбіў жанчыну. У МУС вырашылі не ўзбуджаць крымінальнай справы, патлумачыўшы, што віны кіроўцы не было. Іншыя казалі, што калі б за рулём аўтамабіля сядзеў прафэсійны кіроўца, трагедыі ўдалося б пазьбегнуць. У кожным разе, Булахаў ня меў права сядаць за стырно службовай «Волгі».

Празь дзесяць месяцаў, у кастрычніку 92-га, гэтую гісторыю шмат хто назаве прычынай таго, што Булахаў выступіў на баку намэнклятуры, падвёўшы юрыдычнае абгрунтаваньне пад адмову аб правядзеньні ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савету па новым законе. Аргумэнты Булахава былі разьбітыя дэпутатамі Апазыцыі, але для парлямэнцкай большасьці гэта ня мела значэньня, як нічога для іх ня значылі і 440 тысяч сабраных Народным Фронтам подпісаў.

Аднак у паводзінах Булахава можна было ўгледзіць і іншую прычыну. Пры тым, што ў 1992 годзе ён стабільна ўваходзіў у першую дзесятку найбольш папулярных палітыкаў краіны і ў выпадку новых выбараў, хутчэй за ўсё, быў бы абраны ў новы склад парлямэнту (паводле «фронтаўскага» законапраекту, у Сойм) — шанцы пераабрацца ўжо ў самім парлямэнце на пасаду раўназначную ранейшай у Булахава былі невялікія. Яго не лічылі «сваім» ні БНФ, ні намэнклятура. А праца «шараговага» дэпутата Булахава не задавальняла.

Падаецца, менавіта імкненьне самазахаваньня на дзяржаўным Алімпе (нароўні з разуменьнем, што ў які заўгодна момант падкантрольнае Кебічу МУС можа вярнуцца да наезду са сьмяротным вынікам) і былі прычынай агрэсіўнай атакі Булахава на рэфэрэндум.

Булахаў тарпэдаваў законапраекты Апазыцыі БНФ, а ўвосень 1993-га, калі абвастрэньне эканамічнай сытуацыі паставіла пад пагрозу існаваньне ўраду Кебіча — выступіў па тэлебачаньні з падтрымкай прэм’ера і рэзкай крытыкай Народнага Фронту. Але у тыя дні ён ужо працаваў і на Лукашэнку.

Пройдзе час, і Булахаў пашкадуе пра сваё рашэньне. Ён не атрымае пасьля перамогі Лукашэнкі ніякай пасады, У 1995-ым Булахаў скэптычна выкажацца пра ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, будзе прадстаўляць Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, які ўвайшоў у канфлікт з Лувкашэнкам, у Канстытуцыйным Судзе. Ён не абярэцца ў дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, а увосень 1996-га ён надрукуе ў прэсе «Ліст да бацькоў», дзе патлумачыць, чаму нельга падтрымліваць Лукашэнку («Сёньня я ня веру ніводнаму слову прэзыдэнта»). На некалькі гадоў ягонае імя зьнікне з газэтных палосаў — да сакавіка 2000-га, калі ўказам Лукашэнкі ён будзе прызначаны прадстаўніком Беларусі ў ворганах СНД. Будуць казаць, што, няўдала паспрабаваўшы сябе ў бізнэсе, Булахаў зьвярнуўся да Лукашэнкі і пакаяўся. І што Лукашэнка, пераканаўшыся, што ён зламаны — дараваў. У красавіку 2006-га Лукашэнка зробіць яго сваім памочнікам і прадстаўніком у «нацыянальным сходзе». Але на гэтай пасадзе ён застанецца толькі некалькі месяцаў — у ноч з 7 на 8 верасьня таго самага 2006-га году Булахаў памрэ ў сваёй кватэры. Тыя, хто ведаў яго блізка, скажуць у інтэрвію, што ў апошнія гады ён меў сямейныя праблемы і піў.

Але ў пачатку 1994-га Булахаў яшчэ старшыня камісіі і член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Пасада, якая абсалютнай большасьцю палітыкаў разглядалася б як вяршыня жыцьцёвай кар’еры (гэта вышэй за віцэ-прэм’ера), — ва ўспрыманьні Булахава была пачаткам. Пэўна ж, нельга абвінавачваць палітыка ў наяўнасьці асабістых амбіцыяў — пытаньне ў тым, якія мэтады і якая мэта. У выпадку з Булахавым (і з Ганчаром таксама) мэтай і былі тыя самыя асабістыя амбіцыі. Бо калі з гэтым не пагадзіцца, а ўявіць, што яны кіраваліся не прыватнымі інтарэсамі — дык застаецца адно меркаваць, што інтарэсам такім было зьнішчэньне незалежнай беларускай дзяржавы. Бо падтрымалі яны чалавека, які адкрыта заяўляў пра аднаўленьне імпэрыі.

Менавіта Булахаў, а не Лукашэнка, вымавіў упершыню, яшчэ ў 1993 годзе, фразу, што «Сувэрэнітэт — не ікона, на якую трэба маліцца». Лукашэнка гэтую фразу толькі паўтарыў. Праўда, шмат разоў.

У студзені 94-га Булахаў паспрыяў адстаўцы Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савету, у лютым Булахаў падтрымаў увядзеньне прэзыдэнцтва, а ў сакавіку, разам з парлямэнцкай большасьцю, дамогся як найхутчэйшага правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў — перад тым, як адбудуцца парлямэнцкія. У красавіку Булахаў ўзначаліў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі — і людзі Кебіча вырашылі вярнуцца да здарэньня на трасе Менск-Магілёў.

«Каманда Кебіча распачала актыўную працу супраць прэтэндэнтаў на пасаду Прэзыдэнта. Як стала вядома «Свабодзе», адным з найбольш небясьпечных канкурэнтаў лічыцца дэпутат А. Лукашэнка, які будзе зьбіраць галасы сярод вяскоўцаў, на каторых якраз і разьлічвае Вячаслаў Францавіч.

Ёсьць зьвесткі, што В. Кебіч хацеў бы «паразумецца» з А. Лукашэнкам, каб той зьняў сваю кандыдатуру на ягоную карысьць. За гэта Вячаслаў Францавіч нібыта гатовы аддзячыць Лукашэнку нават пасадаю прэм’ера ў будучым урадзе.

Магчыма, дзеля таго, каб схіліць «барацьбіта з карупцыяй» да больш шчыльнага супрацоўніцтва, каманда Кебіча занялася паплечнікамі Лукашэнкі. Найперш дэпутатам Дз. Булахавым, які ўзначальвае выбарчую кампанію «змагара».

Карэспандэнт «Свабоды» атрымаў зьвесткі з дасьведчаных крыніцаў, што чыноўнікі Саўміну, якія курыруюць праваахоўныя органы, узяліся раскопваць «справу Булахава» — аўтамабільную аварыю, у выніку якой загінула жанчына. Кажуць, што расьсьледаваньне гэтай трагедыі было сфальсыфікаванае і нібыта пэўныя людзі з Саўміну прыклалі да гэтага руку, бо тады Булахаў быў ім выгадны... А цяпер, калі ён пачаў гульню ў іншай камандзе, вырашылі астудзіць спрыт Булахава, а заадно і ўсяго Булугана (Булахаў, Ганчар, Лукашэнка)».
(«Свабода», 16 красавіка 1994 г.).

Гэтая спроба нічым дрэнным для Булахава ня скончылася — да выбараў заставалася два месяцы.

Не прыжылося і слова «Булуган» — як вядома, «тройка» хутка распалася, але тады, у першай палове 1994-га, іх, Булахава, Ганчара і Лукашэнку, успрымалі разам.

Дзьмітрый Булахаў быў кіраўніком ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за Лукашэнку, і менавіта ён ў красавіку-траўні ўспрымаўся як кіраўнік перадвыбарчага штабу (хаця, як пазьней выявілася, кіраваў штабам дэпутат Леанід Сініцын). Але Сініцын пэўны час заставаўся ў ценю, як і Віктар Ганчар. Прадстаўляць свайго фаварыта грамадзкасьці (у тым ліку і праз прэсу) даводзілася звычайна Дзьмітрыю Булахаву; ён, так бы мовіць, быў «тварам» тройцы.

«— Вашага кандыдата ў прэзыдэнты часта абвінавачваюць у папулізьме...

— Папулізм — гэта магутная зброя, накіраваная на фармаваньне грамадзкай думкі ў падтрымку тых ці іншых дзеячоў. Калі папулізм накіраваны на стварэньне добрага іміджу палітыка — гэта дапушчальна, але калі папулізм рэалізуецца праз уладу — гэта недапушчальна... Усе выкарыстоўваюць папулізм, аднак пасьля выбараў папулізм павінен саступіць месца прафэсіяналізму.

— На сваёй нядаўнай прэс-канфэрэнцыі Вы заявілі: «скажу вам з усёй шчырасьцю: Лукашэнка — адзіны чалавек, які здольны аздаравіць сытуацыю ў рэспубліцы». Вы на самой справе ўпэўнены, што Лукашэнка, у выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, ня будзе рабіць папулісцкіх захадаў, накшталт павелічэньня безрэсурснай грашовай эмісіі?

— На мой погляд, самае галоўнае, што ён забясьпечыць — гэта магчымасьць прыходу да кіраваньня дзяржавай прафэсійных людзей.

— Лукашэнка працуе зараз над сваёй эканамічнай праграмай?

— Так, вельмі актыўна і напружана.

— Хто яму дапамагае?

— Давайце ня будзем пакуль што раскрываць карты.

— Чаму ж? Імёны могуць вельмі шмат сказаць пра зьмест праграмы.

— Час называць імёны пакуль не настаў.

— Лукашэнка яшчэ задоўга, як пачаў перадвыбарчую кампанію, неаднаразова выказваўся за ўзнаўленьне СССР.

— Ня ўсе тыя сувязі, што былі парушаны ў выніку белавескага пагадненьня, былі шкоднымі. Таму пэўная эканамічная і палітычная інтэграцыя, калі яна падтрымліваецца насельніцтвам, будзе толькі на карысьць.

— Інтэграцыя зь ліквідацыяй?

— Зь ліквідацыяй чаго?

— Сувэрэнітэту. Я маю на ўвазе поўную інкарпарацыю ў састаў Расеі.

— У састаў Расеі поўнай інкарпарацыі ня можа быць. Можа быць саюз дзяржаў, я падкрэсьліваю — дзяржаў, а не ўваходжаньне на правах расейскай губэрні.

— Лукашэнка абяцаў правесьці рэфэрэндум па пытаньні стварэньня канфэдэрацыі з Расеяй.

— Я думаю, што гэты крок ня мае ніякага практычнага сэнсу ва ўмовах, калі на падобныя дзеяньні ня пойдзе Расея»
. (Інтэрвію Ігару Сінякевічу, «Звязда», 21 траўня 1994 г.).

Што ж будзе тады, калі Расея пойдзе на такія дзеяньні — пра гэта Булахаў не сказаў.

Пазьней мне сказалі пра пляны Булахава і Ганчара: як таранам, Кебіч выштурхоўваецца Лукашэнкам, Ганчар прызначаецца прэм’ерам, Булахаў — старшынём Канстытуцыйнага Суду. Пасьля шэрагу грубых парушэньняў Канстытуцыі (яны ведалі характар Лукашэнкі і такія парушэньні прагназавалі) Лукашэнка адхіляецца ад улады, Ганчар ідзе на выбары і абіраецца прэзыдэнтам; пасьля парлямэнцкіх выбараў Булахаў узначальвае Вярхоўны Савет.

Ажыцьцяўленьне гэтай шматхадовай камбінацыі абарвалася абраньнем Лукашэнкі, які разыграў уласную партыю.

Абяцаньне Ганчару Лукашэнка ня выканаў — прапанаваў яму толькі віцэ-прэм’ера.

А вось абяцаньне Булахаву — выканаў.

Улічваючы складаныя адносіны да Булахава ў Вярхоўным Савеце, вылучаць яго на фактычна пажыцьцёвую (адзінаццаць год кадэнцыі) пасаду можна было толькі пасьля кансультацыяў з парлямэнцкімі фракцыямі. Сумняваюся, што прадстаўнікам Лукашэнкі ўдалося б угаварыць дэпутатаў Апазыцыі прагаласаваць за Булахава — але нейкую частку былых прыхільнікаў Кебіча яны б угаварылі (у абмен на абяцаньне пасадаў). Узяло б гэта ня дзень і ня два.

Лукашэнка ж прапанаваў кандыдатуру Булахава адразу пасьля інаўгурацыі, што для многіх (калі ня ўсіх) было нечаканасьцю.

Дэпутаты націснулі кнопкі. Галасоў не хапіла.

Я паглядзеў на Булахава — ён зьбялеў.

«Нічога страшнага, Дзьмітрый Пятровіч малады чалавек, у яго ўсё наперадзе» — сказаў Лукашэнка.

І ўсьміхнуўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG