Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі галадоўнік: «Дапаможа галадоўка ці не — ня ведаю, але рабіць нешта трэба»


Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў

25 сакавіка на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага абвясьцілі трохдзённую папераджальную галадоўку.

Яны заяўляюць, што пратэстуюць супраць дыскрымінацыі, якую зазнаюць працаўнікі прадпрыемства, будучы сябрамі незалежнага прафсаюзу. Старшыня суполкі Міхаіл Кавалькоў, якога не пускаюць на тэрыторыю прадпрыемства, распачаў галадоўку ля прахадной. Трое актывістаў прафсаюзу акцыю пратэсту падтрымліваюць на сваіх працоўных месцах.

Галадоўка пачалася, як сьцьвярджае Міхаіл Кавалькоў, а дзявятай раніцы. Калі ён прыехаў да заводзкай прахадной, ля яе былі ўжо супрацоўнікі міліцыі. Актывіст кажа, што міліцыянты папярэдзілі яго пра недапушчальнасьць правядзеньня галадоўкі без дазволу Бабруйскага гарвыканкаму. Калі галадоўка ўсё ж будзе абвешчана, казалі міліцыянты Кавалькову, то яе прыраўнаюць да несанкцыянаванага пікетаваньня.

Адміністрацыя прадпрыемства на акцыю пратэсту, па словах Кавалькова, пакуль ніяк не адрэагавала. Старшыня заводзкай суполкі пераконвае, што кіраўніцтва прадпрыемства пра намеры працаўнікоў галадаць ведае. Актывіст заяўляе: галадоўнікі паведамілі адміністрацыі пра акцыю пратэсту адмысловым лістом, у якім выклалі свае матывы.

«Для наладжваньня нармальных адносінаў, — кажа Міхаіл Кавалькоў, — адміністрацыя заводу павінна спыніць перасьлед працаўнікоў прадпрыемства за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу Беларускага, а таксама пачаць перамовы зь пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюзу па выпрацоўцы і заключэньні працоўнай дамовы ды скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы».
Бабруйскі завод трактарных дэталяў
Бабруйскі завод трактарных дэталяў

Правядзеньне папераджальнай галадоўкі стала калектыўным рашэньнем суполкі прафсаюзу, сьцьвярджае Міхаіл Кавалькоў. Адміністрацыю прадпрыемства вінавацяць у тым, што яна ўхіляецца ад перамоваў.

Як ставіцца да акцыі пратэсту адміністрацыя, высьветліць не ўдалося. Няма такой рэакцыі і на афіцыйным сайце прадпрыемства. Ёсьць, аднак, публікацыя, якою самога Кавалькова вінавацяць у зрыве перамоўнага працэсу з кіраўніцтвам заводу. У ёй згадваюцца намеры адміністрацыі стварыць камісію па вырашэньні праблемаў узаемадачыненьняў з суполкай Свабоднага прафсаюзу. Публікацыя датаваная 3 лютага.

Сярод патрабаваньняў да кіраўніцтва прадпрыемства значыцца і пункт пра допуск старшыні суполкі Міхаіла Кавалькова на тэрыторыю заводу. То бок прафсаюзьнікі патрабуюць выкананьня рашэньня суду, якое было вынесена амаль год таму, але дагэтуль не выконваецца.

Без выканьня гэтага патрабаваньня, — заяўляе адна з работніц прадпрыемства, якая вырашыла падтрымаць галадоўку, — саступаць адміністрацыі нельга: «Гэта першае, а потым, — заяўляе яна, — пойдзе наша супрацоўніцтва. Пакуль жа яго не пускаюць — гэта ўсё мыльная вада, а не супраца», — мяркуе актывістка-прафсаюзьніца. Яна спадзяецца, тым ня менш, на пазытыўны вынік акцыі пратэсту.

«Спадзяемся на добрую волю нашых наймальнікаў, што яны пойдуць насустрач нам і пачнуць з намі супрацоўнічаць. Можа, нейкі крок і будзе зроблены зь іхнага боку».
Той прафсаюз, які пад крылом у адміністрацыі, ён жа нічога ня робіць. Заступіцца за рабацяг і няма каму

Яшчэ адзін удзельнік галадоўкі аптымізму мае менш. Ён заяўляе, што не баіцца рэпрэсіяў з боку адміністрацыі за падтрымку акцыі пратэсту.

«Надакучыла іхная хлусьня. Толькі адны абяцаньні», — выказваецца актывіст-прафсаюзьнік пра пазыцыю адміністрацыі прадпрыемства.

Пра саму ж галадоўку кажа:

«Дасьць яна што ці ня дасьць — ня ведаю, але рабіць жа нешта трэба. Прыцягваць увагу грамадзкасьці. Ціснуць на сумленьне. Працоўныя ведаюць пра яе. Абмяркоўваюць. Працоўныя ж таксама незадаволеныя. Заробак падае. Той прафсаюз, які пад крылом у адміністрацыі, ён жа нічога ня робіць. Заступіцца за рабацяг і няма каму».

Сам Міхаіл Кавалькоў заяўляе, што асноўнае патрабаваньне да адміністрацыі цяпер — каб суполцы выдзелілі памяшканьне пад офіс на тэрыторыі заводу. Гэта патрэбна для перарэгістрацыі ў сувязі са зьменай статусу прадпрыемства. Іначай суполку могуць ліквідаваць.

Кавалькоў зьбіраецца ўсе тры дні галадоўкі пражыць ля прахадной у сваёй машыне. Заяўляе, што да акцыі пратэсту зьбіраюцца далучыцца і былыя работнікі прадпрыемства, якіх звольнілі з прычыны іхнага сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG