Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: чарговае звальненьне сябра незалежнага прафсаюзу


З Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольнены сябар Свабоднага прафсаюзу Беларускага Дзьмітры Сакалоўскі.

Фармальная прычына — сканчэньне тэрміну кантракту. Сам жа Сакалоўскі лічыць галоўнай прычынай сяброўства ў незалежным прафсаюзе. Ён заяўляе, што адміністрацыя такім чынам хоча ліквідаваць на заводзе суполку Свабоднага прафсаюзу.

Летась ад пагрозы звальненьня, кажа Дзьмітрый Сакалоўскі, ён выбавіўся, схадзіўшы на прыём да старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітрыя Бонахава. Цяпер ісьці ня хоча, бо лічыць такі мэтад адстойваньня права на працу несур’ёзным. На заводзе ён адпрацаваў наладчыкам 11 гадоў, у яго пяты разрад. Сьцьвярджае, што нараканьняў на ягоную працу не было.

Сакалоўскі: «Проста мне выдалі паведамленьне, што не працягваецца кантракт, і ўсё. Нефармальна кіраўніцтва цэху папярэджвала: выходзь са Свабоднага прафсаюзу — будзеш працаваць далей. Проста захацелі выкараніць Свабодны прафсаюз. Да мяне звольнілі чалавека ўлетку, наладчыка. Ён таксама быў у Свабодным прафсаюзе. Летась і сёлета тонка намякалі, каб выйшлі з Свабоднага прафсаюзу».

Карэспандэнт: «На вашу думку, чаму адміністрацыя заводу так узьелася на прафсаюз?»

Сакалоўскі:
«Бароніць працоўных. Пачалі бегаць да нас сябры зь іншага прафсаюзу. Той прафсаюз як бы „пад дырэктарам“, ён не бароніць правы працоўных. Людзі зьвяртаюцца да нас, і дужа шмат судоў выйграем».

Дзьмітры Сакалоўскі кажа, што ён адзіны, хто ў сям’і працуе. Жонка — у дэкрэтным адпачынку.

«Атрымліваецца, што сродкаў да існаваньня няма. Будзем жыць на дэкрэтныя, пакуль працу знайду. Дужа цяжка ўладкавацца на дзяржаўныя прадпрыемствы, калі ты быў у свабодным прафсаюзе».

Начальнік цэху, дзе працаваў Дзьмітры, гутарыць пра яго звальненьне адмовіўся. Параіў зьвярнуцца да кіраўніцтва прадпрыемства. Там таксама не ўдалося атрымаць камэнтар. Адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі заявіў:

«Вы наагул вазьміце ягоную асабістую справу. Паглядзіце, колькі ў яго ёсьць вымоваў за прамінулыя паўгода. Пацьверджана ўсё дакумэнтальна. Усё, да пабачэньня».

Старшыня заводзкай суполкі прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў заяўляе, што Дзьмітрыя Сакалоўскага звольнілі б значна раней, калі б да ягонай працы або дысцыпліны былі прэтэнзіі з боку адміністрацыі. Аднавіць жа калегу па прафсаюзе на працы праз суд амаль немагчыма, кажа Кавалькоў, бо фармальна звальненьне адбылося без парушэньняў. Паводле калектыўнай дамовы адміністрацыя не абавязаная называць прычынаў — толькі паведаміць за месяц, што канчаецца кантракт, які працягвацца ня будзе.

Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў
«Сакалоўскі — другі звольнены наладчык за тры месяцы з гэтага ўчастку — сябра Свабоднага прафсаюзу. Яго звальненьне — перасьлед па прафсаюзнай прыкмеце. Ідзе зьнішчэньне пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Я прымаю рашэньне пра пачатак галадоўкі. Зьвярнуць увагу на сваволю адміністрацыі я магу толькі такім чынам».

На афіцыйным сайце прадпрыемства ёсьць дзьве вакансіі для наладчыкаў. Міхаіл Кавалькоў кажа, што наладчыкаў на заводзе не хапае. Паводле прафсаюзьніка, спэцыфіка іхнай працы вымагае адмысловых навыкаў, якія працаўнік набывае, абслугоўваючы абсталяваньне.

Старшыня кангрэсу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук канстатуе, што стаўленьне адміністрацыі прадпрыемства да прафсаюзнай суполкі за прамінулы год пагоршылася. Канфлікты былі і раней, аднак цяпер суполка сутыкаецца зь непрыхаваным ціскам з боку адміністрацыі. Паводле прафсаюзьніка, пазыцыя кіраўніцтва прадпрыемства супадае з памкненьнямі ўладаў:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
«Ажыцьцяўляецца кампанія па зачыстцы прафсаюзнага поля ад незалежных прафсаюзаў. Сацыяльна-эканамічная сытуацыя няпростая. Усё больш і больш канфліктаў на прадпрыемствах наконт заробкаў. Улада разглядае незалежны прафсаюзны рух як фактар падвышанай для сябе рызыкі. Пагатоў істотна падвысіўся рэйтынг даверу да незалежных прафсаюзаў. Цяпер ён каля сарака працэнтаў», — зазначае Аляксандар Ярашук.

Адносіны адміністрацыі прадпрыемства з заводзкай суполкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага абвастрыліся ў лістападзе 2011 году, калі прафсаюзьнікі арганізавалі збор подпісаў за падвышэньне заробкаў. Неўзабаве суполку пазбавілі сядзібы ў будынку заводакіраўніцтва. Міхаіл Кавалькоў сьцьвярджае, што ён ня можа прайсьці на прадпрыемства, хоць ёсьць судовае рашэньне пра разблякаваньне пропуску. Цяпер у абласным судзе актывісты суполкі дамагаюцца, каб адміністрацыя заводу выплаціла ім прэмію за высокую культуру вытворчасьці. (Сябрам афіцыйнага прафсаюзу такую прэмію выплацілі).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG