Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У настаўнікі — без экзамэнаў. Праўда, патрэбен мэдаль


Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч
Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч
Сёлета ўступная кампанія пройдзе паводле зьмененых правілаў. Павялічаць мэтавы набор на сельскагаспадарчыя і мэдычныя спэцыяльнасьці. Ня будзе асобнага конкурсу сярод гарадзкіх і сельскіх абітурыентаў, скароцяць ільготы пераможцам алімпіядаў. А сур’ёзны недабор на пэдагагічныя спэцыяльнасьці спадзяюцца ліквідаваць за кошт мэдалістаў — іх будуць залічваць без экзамэнаў і цэнтралізаванага тэставаньня.

У апошнія гады быў вельмі сур’ёзны недабор у пэдагагічныя ўнівэрсытэты, асабліва на фізыку і матэматыку. А набор на беларускую і расейскую філялёгію скарочаны ў 3–4 разы. Гэта азначае, што неўзабаве ў школах, магчыма, ня будзе каму выкладаць гэтыя дысцыпліны. Да прыкладу, на фізычны і матэматычны факультэты Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту падалі дакумэнты ўдвая менш абітурыентаў, чым быў плян прыёму. Паступіць можна было, набраўшы 100–120 балаў з 400 магчымых. Чвэрць студэнтаў зь фізфаку і матфаку адлічылі яшчэ зь першага курсу.

Сёлета права залічэньня без уступных выпрабаваньняў на пэдагагічныя спэцыяльнасьці дадзена выпускнікам школ, узнагароджаным залатым ці срэбраным мэдалём, тлумачыць міністар адукацыі Сяргей Маскевіч:

«Па абранай спэцыяльнасьці ён можа пры наяўнасьці рэкамэндацыі пэдагагічнага калектыву паступаць бяз здачы цэнтралізаванага тэставаньня. Гэта прынцыпова мяняе магчымасьці».

На думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, такія льготы для мэдалістаў не прывабяць абітурыентаў у пэдагагічныя ВНУ. Трэба найперш уздымаць прэстыж прафэсіі пэдагога, гарантаваць прыстойны заробак, добрыя ўмовы працы:

«Павінна быць для моладзі пэрспэктыва. Казаць сёньня, што прафэсія пэдагога пэрспэктыўная, не выпадае. Я асабіста ў гэта ня веру. То бок гэта павінна быць вельмі вялікае жаданьне, мець такое прызваньне і апантанасьць — быць менавіта пэдагогам, каб у нашай сытуацыі ісьці на такія складанасьці. Таму што маладым спэцыялістам нічога не гарантуецца, у тым ліку жыльлё, а набыць яго цяпер складана.
Казаць сёньня, што прафэсія пэдагога пэрспэктыўная, не выпадае

Такім чынам, я ня веру, што новыя правілы прыёму дадуць штосьці істотнае для падвышэньня прэстыжу прафэсіі пэдагога. Насамрэч мне падаецца, што зьмяняць трэба найперш шмат што ва ўмовах працы, каб яны бачылі пэрспэктыву ў разьвіцьці сябе як асобы».

Рэзка скараціўся набор на філялягічныя спэцыяльнасьці. Некалі на філфак БДУ прымалі 100 чалавек на беларускае аддзяленьне і гэтулькі ж — на расейскае. А цяпер набор у тры разы скарацілі. Да таго ж кажуць, што ў Магілёве, іншых абласных унівэрсытэтах студэнты давучваюцца, і больш на беларускую філялёгію наагул набіраць ня будуць. Ці праўда гэта? — пытаюся ў міністра адукацыі Сяргея Маскевіча:

«Тут усё залежыць ад таго, якія патрэбы ёсьць у пэўных спэцыялістах, які попыт на іх».

Карэспандэнтка: «Але можа быць такое, што, да прыкладу, у Магілёўскім пэдунівэрсытэце на філялягічных спэцыяльнасьцях студэнты давучваюцца, а новых набіраць ужо ня будуць?»

«Абавязкова будуць набіраць, абавязкова. Такое немагчыма».

А вось які набор будзе на беларускую філялёгію, міністар адукацыі Сяргей Маскевіч не ўдакладніў.

На 2014 год у БДУ заплянавана прыняць на беларускую філялёгію 20 студэнтаў на бюджэт, 5 — на платнае на дзённую форму, 5 — на завочную і 15 — на платнае навучаньне, паведамляецца на сайце БДУ. Што да абласных пэдунівэрсытэтаў, ня ўсе яшчэ вызначыліся.
Летась больш за 30% выпускнікоў атрымалі адзнакі менш за парогавае значэньне

А вось прахадныя парогавыя балы, нягледзячы на недабор студэнтаў на некаторыя спэцыяльнасьці, застануцца, запэўніў намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук:

«Мы спыняемся сёлета на варыянце захаваньня леташніх балаў. У мінулым годзе мы гэты парог павысілі, хацелі паказаць, што вышэйшая адукацыя патрабуе дастаткова высокай падрыхтоўкі ў школе. Тое, што летась больш за 30% выпускнікоў атрымалі адзнакі менш за парогавае значэньне — 15 балаў — па матэматыцы, ня сьведчыць пра тое, што ў школах зусім дрэнная падрыхтоўка».

Дакумэнты ў ВНУ ня прымуць, калі абітурыент атрымаў па цэнтралізаваным тэставаньні менш за 10 балаў па расейскай і беларускай мовах, менш за 15 — па фізыцы, матэматыцы, біялёгіі, хіміі, менш за 20 — па грамадазнаўстве, замежных мовах, гісторыі, геаграфіі. Так што невукі дыплёмы аб вышэйшай адукацыі не атрымаюць, паабяцалі чыноўнікі Мінадукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG