Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварыў Лукашэнка, калі гаварыў пра Ўкраіну


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Учора на прэс-канфэрэнцыі пасьля галасаваньня на выбарах у мясцовыя саветы Аляксандар Лукашэнка закрануў шматлікія гарачыя пытаньні, у тым ліку і зьвязаныя з сытуацыяй ва Ўкраіне.

Вось некаторыя яго цытаты:

«Украіна павінна заставацца адзінай, непадзельнай і цэласнай, але Крым дэ-факта сёньня — частка Расеі».

«З-за гістарычнага мінулага, таго, што мы адзіны народ, ствараем адзіны праект, мы будзем з Расеяй. Трэба спыніць гэтыя спэкуляцыі. Калі паўстане пытаньне, мы заўсёды будзем з Расеяй — гэта я і сказаў Пуціну ў апошняй размове».

«Мы свой пункт гледжаньня вызначылі і выказалі. Ад нас ніхто і не патрабуе прызнаць і падтрымаць расейцаў або наадварот. Гэта кепска, што давялося Расеі прымаць такія захады».

Радыё Свабода папрасіла палітоляга Аляксандра Класкоўскага паразважаць пра тое, якія высновы можна зрабіць з гэтых пасажаў.

Як шчупак у нераце


«З адказаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарчым участку вынікае, што ён трапіў, як шчупак у нерат у гэтай геапалітычнай сытуацыі, калі Расея кінула выклік ня толькі Ўкраіне, а і ўсяму заходняму дэмакратычнаму сьвету. Ня тое што Лукашэнка вялікі дэмакрат. Але, па-першае, з Украінай ён ня хоча сварыцца і разумее, што ня варта перакрэсьліваць магчымасьці паляпшэньня дачыненьняў з Захадам. А па-другое, на яго цісьне статус найпершага вайскова-палітычнага хаўрусьніка Расеі. І ня толькі гэта, а яшчэ і шалёная эканамічная залежнасьць ад Расеі. Тузанесься — і адразу табе перакрыюць кран, і тады капец беларускай эканоміцы».

Мы з Расеяй


«Гэтая эканамічная залежнасьць — галоўны імпэратыў, які вымушае Лукашэнку пры ўсіх ягоных вэрбальных выкрунтасах, калі і нашым і вашым, дэкляраваць галоўнае — што мы будзем з Расеяй падчас усіх выпрабаваньняў і калізіяў. Гэта было пасланьне Крамлю — маўляў, можаце не сумнявацца. І гэта гучала даволі прыніжальна, таму што дэ-факта гэта пацьвярджэньне васальнага статусу Беларусі. Быў пэрыяд, калі нават у дэмакратычнай супольнасьці казалі: маўляў, так, гэта аўтарытарны кіраўнік, але ён гарант незалежнасьці, глядзіце, як ён дае па мардасах Маскве з арыштам Баўмгертнэра і нічога яна ня можа Лукашэнку зрабіць. Але там з Баўмгертнэрам, можа, і Пуціну было выгадна памяняць кіраўніцтва „Ўралкалія“, таму ён так лагодна і рэагаваў на той арышт».

Лукашэнка — збраяносец


«Калі пайшла сеча з Захадам за Крым і ўвогуле за ўплыў у сьвеце, вось тут Лукашэнку паказалі ягонае месца — месца нават не хаўрусьніка, а збраяносца. І ў пацьверджаньне гэтаму мы бачым, як сюды прылятаюць расейскія самалёты, а Лукашэнка нічога ня можа з гэтым зрабіць, апроч як прыкінуцца, нібыта ён сам пра гэта і прасіў».

Раскласьці яйкі па розных кошыках


«Разам з тым Лукашэнка спрабуе даслаць мэсыджы і Кіеву, і Захаду. Тут можна ўзгадаць развагі пра небясьпеку фэдэралізацыі Ўкраіны, у выніку якой можа распаўзацца ядзерная зброя, паколькі дэ-факта перасталі дзейнічаць нормы міжнароднага права, якія былі замацаваныя пасьля Другой усясьветнай вайны. Гэта спроба раскласьці яйкі ў розныя кошыкі, каб захаваць магчымасьць геапалітычнага балянсу. Але гэта болей імітацыя, таму што ключавой была ягоная фраза пра тое, што мы будзем у вырашальныя моманты заўжды з Расеяй, бо мы адзін народ і будуем саюзную дзяржаву. Трэба сказаць, што фразы пра адзін народ, звыклыя ў вуснах Лукашэнкі, сёньня становяцца асабліва небясьпечнымі. Бо калі адзін народ, дык тады ня трэба дзівіцца, што заўтра могуць прыехаць расейскія танкі на абарону так званага «рускага сьвету».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG