Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў агучыў ультыматум самаабвешчанай уладзе Крыму


Аляксандар Турчынаў

Выканальнік абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў даў самаабвешчанай ўладзе Крыму тры гадзіны для вызваленьня ўсіх закладнікаў і спыненьня правакацый на тэрыторыі паўвострава.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы кіраўніка дзяржавы.

Паводле Турчынава, у сераду падчас чарговай правакацыі ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі быў захоплены ў закладнікі камандуючы ВМС Украіны контрадмірал Сяргей Гайдук.

«Гэта ня першы факт незаконнага захопу вайскоўцаў і цывільных асоб у Крыме», — сказаў ён.

19 сакавіка працоўнай групе на чале зь першым віцэ-прэм’ер-міністрам Віталём Ярэмам і в. а. міністра абароны Ігарам Ценюхам, якая вылецела ў Крым «для вырашэньня ўсіх праблемных пытаньняў, самаабвешчаная ўлада аўтаноміі не дала пасадзіць самалёт».

«Расейскія вайскоўцы цынічна адмаўляюцца весьці перамовы аб спыненьні правакацый і вызваленьні закладнікаў, спасылаючыся на ўзброеныя атрады і рашэньні самаабвешчанага ўрада Крыму», — сказаў Турчынаў.

Ён адзначыў, што расейскіх вайскоўцаў і самаабвешчаны ўрад Крыму ўжо папярэдзілі, калі да 21-й гадзіны ня будуць спынены ўсе правакацыі супраць украінскіх вайскоўцаў, а адмірал Гайдук і ўсе астатнія закладнікі, як ваенныя, так і цывільныя, ня будуць вызваленыя, уладай будуць прыняты адэкватныя меры. «У тым ліку тэхнічнага і тэхналягічнага характару», — растлумачыў ён.
XS
SM
MD
LG