Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія. «Для рэформы турэмнай сыстэмы патрэбна палітычная воля»


Турэмны вопыт Грузіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:16 0:00

Міністар папраўчых устаноў і дзяржаўнай дапамогі асуджаным Грузіі Созар Субары апавёў карэспандэнту Свабоды пра вынікі рэформы турэмнай сыстэмы ў гэтай краіне.

Міністар папраўчых устаноў і дзяржаўнай дапамогі асуджаным Грузіі Созар Субары распавёў карэспандэнту Свабоды пра вынікі рэформы турэмнай сыстэмы ў гэтай краіне і пра тое, у якіх умовах сядзіць былы міністар унутраных спраў Вано Мерабішвілі.

— Спадар міністар, колькі зьняволеных утрымліваецца ў папраўчых установах, якімі кіруе міністэрства пад вашым кіраўніцтвам? Ці паляпшаюцца ўмовы, у якіх знаходзяцца вязьні?

— Давайце спачатку паглядзім, што адбылося за апошнія гады. У 2004 годзе, калі здарылася «рэвалюцыя ружаў», у Грузіі было каля 6 тысяч зьняволеных. А праз 7 гадоў іх колькасьць павысілася да 24500 чалавек. Паводле паказчыка колькасьці вязьняў на 100 тысяч насельніцтва Грузія была на другім радку ў сьвеце — у нас было каля 600 зьняволеных на 100 тысяч, у той час як у эўрапейскіх краінах у сярэднім 100 чалавек на сто тысяч насельніцтва. То бок гэта быў жахлівы паказчык, прычым ён гэтак падняўся за вельмі кароткі час. І пры гэтым інфраструктура заставалася старой, яшчэ ў асноўным савецкай. Новыя турмы будаваліся, але іх недахоп быў велізарны. І вось пасьля выбараў 2012 году, калі Міхаіл Саакашвілі сышоў у адстаўку, была праведзеная вялікая амністыя. За некалькі месяцаў з 24 тысяч колькасьць вязьняў скарацілася да 9 тысяч. І цяпер яна вагаецца паміж 9 і 10 тысячамі чалавек. Гэта, мы разумеем, таксама нямала для краіны з насельніцтвам у 4 мільёны чалавек, але ўсё ж лепш, чым раней.

Зь вялікай колькасьцю зьняволеных, зразумела, было зьвязана шмат праблемаў. Бо не хапала нармальных месцаў для ўсіх і гэтак далей. Яшчэ вялікай праблемай былі катаваньні. Катаваньні ператварыліся ў штодзённую практыку. Гэта была ня толькі турэмная палітыка, гэта была агульная палітыка, скіраваная на тое, каб людзі па ўсёй краіне палохаліся. Прыкладам, бізнэсовец, якога затрымалі, празь дзень-два падпісваў абавязаньне выплаціць на нейкія мэты мільёны лары, нават аддаць усю сваю маёмасьць, абы не застацца ў турме. Бо ён ведаў, што чалавека, якога трымаюць у турме, зьбіваюць, гвалцяць, што няма ніякага правасудзьдзя, а значыць, колькі захоча пракуратура ці палітычная ўлада, столькі яму і дадуць. І падзецца ад гэтага не было куды. І ў такую сытуацыю мог трапіць ня толькі грузінскі бізнэсовец, але і бізнэсовец з Ізраіля, з эўрапейскіх краін, з Турцыі. І яшчэ гэта рабілася дзеля таго, каб не спадзяваліся на справядлівы суд. Вось такі прыклад. У 2008 годзе ў судах было разгледжана 18 тысяч крымінальных спраў, і быў толькі адзін працэнт, калі падсуднага апраўдалі. Нават у Савецкім Саюзе было больш апраўдальных прысудаў у працэнтных адносінах. Вось такая была гісторыя за апошнія 10 гадоў і такімі праблемамі нам давялося займацца.

І яшчэ: не лячылі фактычна нікога. У турмах штогод памірала 140–150 чалавек. Гэта быў ганебны паказчык, ён быў большы за агульнаэўрапейскі амаль у тры разы. З-за ўсяго гэтага мы пачалі шпаркія рэформы.

— Былыя вязьні беларускіх турмаў, як і тыя, хто сядзіць цяпер, кажуць пра такую практыку: колькі ні скардзісься нагляднаму пракурору, выніку няма, а большасьць скаргаў увогуле з турмы не выходзяць, трапляюць у сьметніцу. Якая практыка рэагаваньня на скаргі цяпер у грузінскіх турмах?
Гэта стала нормай — вязьні цяпер тэлефануюць журналістам, амбудсмэну, пракурору

— Не, у нас са скаргамі цяпер няма той праблемы, як раней, што скарга трапляе ў рукі таго, на каго чалавек скардзіцца. Апавяду пра такі выпадак з былым міністрам унутраных спраў Вано Мерабішвілі. Ён прыйшоў на тэлеканал, дзе ў жывым эфіры вязьні званілі, называлі, зь якой яны калёніі, якія ў іх праблемы. Гэта стала нормай — вязьні цяпер тэлефануюць журналістам, амбудсмэну, пракурору. Хоць, калі шчыра, скаргі пракурору ідуць цяпер нячаста. Прадстаўнік пракуратуры ідзе ў турму, калі трэба заводзіць крымінальную справу, а такіх выпадкаў вельмі мала. За год, магчыма, 1–2 выпадкі. Большасьць скаргаў ідуць амбудсмэну альбо да нас у міністэрства. Бо ў нас ёсьць адмысловая інспэкцыя, яна называецца генэральнай інспэкцыяй. За паўтара года яна вызваліла ад пасадаў больш за 100 чалавек з-за скаргаў вязьняў, прычым у палове выпадкаў скаргі сталі падставай для завядзеньня крымінальнай справы. І яшчэ больш за 200 супрацоўнікаў атрымалі заўвагі па службе з-за скаргаў. Другі момант: калі скаргі трапляюць да амбудсмэна, той вывучае сытуацыю і, акрамя рэагаваньня, дае нам рэкамэндацыі.

— А на што скардзяцца вашы вязьні?

— Большасьць скаргаў тычацца лячэньня. Гэта застаецца сур’ёзнай праблемай, хоць апошнім часам мы прасунуліся наперад. Бюджэт на ахову здароўя ў турмах быў 7 мільёнаў лары, а цяпер стаў 14 мільёнаў. Удвая большы, а зьняволеных — амаль удвая меней. Такім чынам, грошай цяпер на добрае лячэньне хапае. Мы пачалі некаторыя праграмы, якіх пры Саакашвілі не маглі і ўявіць. Прыкладам, мы пачалі новую праграму па гепатыце С. Амаль год мы працавалі з кампаніямі, якія прадаюць лекі. Лекі вельмі дарагія, курс лячэньня каштуе 13 тысяч даляраў. Але мы закупляем на гэта лекаў утрая больш, чым раней.

— А ці бываюць выпадкі крайнія? Вось у Беларусі летась быў выпадак, калі ў сталічным сьледчым ізалятары загінуў вязень, узьніклі падазрэньні ў віне супрацоўнікаў адміністрацыі, але справу спачатку нават не зьбіраліся заводзіць, і дагэтуль расьсьледаваньне не завершанае. Ці такое магчыма ў грузінскай турме?

— Ведаеце, такое можа здарыцца паўсюль, ва ўсім сьвеце, і Грузія ня можа быць у гэтым сэнсе раем. У тым ліку і крымінал здараецца ў турмах. Летась быў у нас выпадак, калі вязьня зьбілі да сьмерці іншыя зьняволеныя. За гэта 5 вязьняў былі аддадзеныя пад суд, і 7 супрацоўнікаў турмы таксама прыцягнутыя да судовай адказнасьці, у тым ліку начальнік турмы. З-за таго, што не зьвярнулі ўвагі на праблему. Яны ня ўдзельнічалі ў зьбіцьці ці забойстве, але маглі быць больш асьцярожнымі і прадухіліць здарэньне, аднак гэтага не зрабілі. У такіх выпадках мы рэагуем вельмі жорстка і хутка.

— Вось цяпер у грузінскай турме сядзіць былы міністар унутраных спраў Вано Мерабішвілі, якога нядаўна другім разам асудзілі да зьняволеньня. У якіх ён умовах, ці скардзіўся ён на ўмовы? Калі так, што паказалі вынікі праверкі ягоных скаргаў?

— Ён у такіх самых умовах, як і іншыя. Магчыма, крыху больш ізаляваны, чым іншыя вязьні. Гэта зьвязана з тым, што ён былы паліцыянт. Але прывілеяваных вязьняў у нас няма. Ці ёсьць ад яго скаргі? 2–3 разы ад ягонага адваката былі скаргі на тое, што ў яго праблемы са здароўем. Яго абсьледавалі, але нічога сапраўды сур’ёзнага не знайшлі.

— А палітычныя вязьні ёсьць у грузінскіх турмах?

— У часы Саакашвілі былі. 190 чалавек парлямэнт прызнаў палітычнымі вязьнямі. Цяпер такіх няма, і, мяркую, ня будзе ніколі ў Грузіі. Упэўнены, што грузінскі народ не дапусьціць такога, як было пры Саакашвілі ці яшчэ раней.

— У Беларусі шмат хто параўноўвае беларускую турэмную сыстэму з савецкай і робіць выснову, што яны вельмі падобныя. На ваш погляд, каб рэфармаваць турэмную сыстэму да лепшага, з чаго варта пачынаць?

— З палітычнай волі. Бяз гэтага нічога ня будзе. Па-першае, установа, якая выконвае нагляд за вязьнямі і ўтрыманьне іх у турмах, павінна быць альбо незалежная зусім, як у Грузіі, альбо быць у Міністэрстве юстыцыі, але ні ў якім разе не падпарадкоўвацца Міністэрству ўнутраных спраў — паліцыі. Гэта галоўнае. І другое — патрэбныя рэформы ў справе кантролю грамадзтва за такой установай. Павінен быць кантроль амбудсмэна, кантроль Мін’юста. Яны не павінны быць часткамі адной установы, каб такі кантроль існаваў заўсёды. І другая рэч — трэба адмаўляцца ад былой савецкай інфраструктуры, заснаванай на бараках, дзе жыве некалькі соцень чалавек. Ад гэтага трэба пазбаўляцца. У Грузіі яшчэ засталося некалькі такіх турмаў, але мы вельмі хутка ад гэтага пазбаўляемся. Рамантуем, перарабляем памяшканьні на меншыя і больш утульныя, зь іншай, сучаснай пляніроўкай.
Созар Субары
Созар Субары

Даведка Свабоды. У Беларусі Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, які кіруе калёніямі і турмамі — структурнае падразьдзяленьне Міністэрства ўнутраных спраў. Дакладныя зьвесткі пра колькасьць зьняволеных у Беларусі ўжо шмат гадоў застаюцца закрытымі. Прадстаўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС кажуць пра 30 тысяч зьняволеных, назіральнікі і праваабаронцы называюць большыя лічбы. Паводле статыстычнай інфармацыі, якая ў студзені 2014 году зьявілася на Belarus Security Blog, у Беларусі на 1 траўня 2013 году было больш за 37 тысяч зьняволеных, зь іх у калёніях — больш за 26 тысяч, у сьледчых ізалятарах і турмах — больш за 6 тысяч, астатнія — у калёніях-пасяленьнях, выхаваўчых калёніях, арыштных дамах. У большасьці беларускіх калёніяў зьняволеных трымаюць у будынках барачнага тыпу. У 2012 годзе ў папраўчых установах Беларусі памерла 97 чалавек. За той жа год было зафіксавана 9 выпадкаў самагубства сярод зьняволеных.

Штатная колькасьць супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі — амаль 8 тысяч. За пэрыяд са студзеня па красавік 2013 году адзін супрацоўнік быў асуджаны за злачынства, усяго было выяўлена 167 выпадкаў парушэньня дысцыпліны і законнасьці.

Созар Субары паводле прафэсіі гісторык. Працаваў настаўнікам, журналістам, у сярэдзіне 2010-х гадоў быў амбудсмэнам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG