Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: Яшчэ ня позна пазьбегнуць найгоршага


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў артыкуле «Калі Пуцін уварваўся ў маю краіну», апублікаваным у сёньняшнім выданьні Washington Post праводзіць гістарычныя паралелі да сытуацыі ва Ўкраіне.

У ліпені 2008 году ўрад Грузіі быў пад магутным ціскам: Расея рыхтавала правакацыі ў двух рэгіёнах нашай краіны і зьбірала войскі на нашай мяжы. Амаль кожны заходні палітык, якому мой урад у тыя дні выказваў занепакоенасьць, казаў, што Расея не нападзе і заклікаў нас захоўваць спакой і не рэагаваць на крокі Расеі. Мой сябар Ота фон Габсбург, адзін з самых дасьведчаных эўрапейскіх палітыкаў, быў менш спакойны. Ён наўпрост прадказаў, што Расея нападзе, ужываючы ўсю вайсковую моц, якую яна мае, незалежна ад таго, што зробіць Грузія, каб гэтага пазьбегнуць. Гісторыя паўтараецца, сказаў ён мне.

Празь некалькі тыдняў дзясяткі тысяч расейскіх салдатаў перайшлі нашу мяжу, самалёты пачалі кругласутачна нас бамбаваць. І хоць Уладзімір Пуцін не дасягнуў сваёй канчатковай мэты — заняць сталіцу Грузіі, ягоныя войскі дагэтуль акупуюць пятую частку тэрыторыі маёй краіны.

Ёсьць надзвычайнае падабенства паміж раньнімі стадыямі расейскай агрэсіі супраць Грузіі і ты, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Назіраючы за апошнімі падзеямі і рэакцыяй у сьвеце, я не перастаю думаць пра тое, што гісторыя паўтараецца — і пра іншыя прыклады агрэсіі ў Эўропе.

У 1930-х нацыстоўская Нямеччына акупавала частку суседняй Чэхаславаччыны пад зачэпкай абароны этнічных немцаў. Сёньня Расея сьцьвярджае, што абараняе этнічных расейцаў — або людзей, якім насьпех раздалі расейскія пашпарты — у Крыме або ў грузінскіх рэгіёнах. У верасьні 1938 году, калі Нямеччына правяла анэксію Судэтаў, брытанскі прэм’ер Нэвіл Чэмбэрлен назваў тую сытуацыю «сваркай у далёкай краіне паміж людзьмі, пра якіх мы нічога ня ведаем». Падобна да таго, і сёньня некаторыя задаюцца пытаньнем, ці варта Захаду клапаціцца аб Украіне, і кажуць, што ў гэтай гульні стаўка ў Расеі большая, чым у Захаду. Шмат хто на Захадзе кажа пра неабходнасьць дасягнуць пэўнага кампрамісу з Расеяй, што моцна патыхае Мюнхенам 80-гадовай даўніны. Яны абгрунтоўваюць свае матывы такімі супольнымі стратэгічнымі інтарэсамі, як непашырэньне ядзернай зброі і барацьба з тэрарызмам; гэткім самым чынам, прыкрываючыся патрэбай стрымаць Савецкі Саюз і спыніць пашырэньне камунізму, Чэмбэрлен падпісаў дамову з Гітлерам. Цяпер, вядома, мы ведаем, што ўсе спробы задобрыць нацыстаў прывялі вялікія эўрапейскія дзяржавы да здачы Гітлеру адной краіны за адной і, урэшце, да Другой сусьветнай вайны.

Такія глябальныя катастрофы якраз і адбываюцца, калі традыцыйны міжнародны парадак разбураецца і больш ня дзейнічаюць ніякія правілы. Украіна — апошняя самая яскравая праява гэтага. Уявіце сабе, што было б, калі б Украіна не адмовілася ад свайго істотнага ядзернага арсэналу ў 1990-х гадох. Каб пераканаць украінцаў гэта зрабіць, Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія, разам з Расеяй, падпісалі пагадненьні, якія гарантавалі тэрытарыяльную цэласьць Украіны ўзамен на перадачу яе ўзбраеньняў Расеі. І аднак, што сталася, тое сталася.

Зноў жа, Эўразьвяз і Расея падпісалі пагадненьне, якім прадугледжваўся вывад расейскіх войскаў з Грузіі ў 2008 годзе. Расея так ніколі гэтага і не зрабіла — хоць нашы эўрапейскія гаранты рэдка пра гэта згадваюць.

Матывацыя ў Пуціна падобная, як у перадваеннай Нямеччыне: ён хоча выправіць тое, што яму здаецца несправядлівым абыходжаньнем і прыніжэньнем з боку заходніх дзяржаваў пасьля Халоднай вайны. Ён спрабуе вярнуць страчаныя землі і захапіць прыродныя рэсурсы. Амаль нічога не гаворыцца пра берагавыя радовішчы нафты ў Абхазіі, якія «Роснефть» канфіскавала ў 2009 годзе. Амэрыканскія кампаніі інвэставалі значныя сродкі ў распрацоўку радовішчаў сланцавага газу ля берагоў Крыму. Але Ўкраіна як энэргетычна самадастатковая краіна і нават буйны экспартэр газу ў Эўропе была б для Пуціна найстрашнейшым кашмарам.

Пуцін дэстабілізуе сваіх суседзяў, намагаючыся забіць у зародку прагу НАТО і Эўразьвязу да далейшага пашырэньня. Ён таксама разглядае пэрыядычныя тэрытарыяльныя захопы як шлях да свайго палітычнага амаладжэньня ўнутры краіны. У ягоным успрыманьні ідэалягічных пагрозаў ёсьць свая лёгіка: Калі б Украіна перастала быць скарумпаванай алігархіяй і стала б сапраўднай эўрапейскай дэмакратыяй, апанэнты Пуціна пабачылі б кантраст — і магчымы сэнс змагацца за сваю сучаснасьць.

Чаму Захад мусяць хваляваць падзеі ва Ўкраіне? Мы назіраем ня проста разьдзел адной з найвялікшых краінаў Эўропы, а разбурэньне эўрапейскага парадку, які наступіў пасьля Халоднай вайны. Гэты парадак грунтаваўся на ясных правілах, якія ня толькі абараняюць малыя краіны, але і забясьпечваюць стабільнасьць і працьвітаньне вялікіх краін, абараняюць меншасьці і вырашаюць канфлікты мірным шляхам. Можна ўявіць сабе наступствы, калі б межы на кантынэнце пачалі б перамалёўвацца паводле этнічных падзелаў. Калі больш няма ніякіх правілаў, непазьбежна пачне раскручвацца сьпіраль гвалту і разбурэньня.

Такіх наступстваў усё яшчэ можна пазьбегнуць. Амэрыканскія санкцыі, абвешчаныя ў чацьвер — гэта добры першы крок. Іх трэба неадкладна ўвесьці ў дзеяньне, сваю рэакцыю мусіць узмацніць і Эўропа. Украіну, Грузію і Малдову трэба ў тэрміновым парадку рыхтаваць да ўступленьня ў Эўразьвяз і НАТО, каб прадэманстраваць, што Расея ня можа дасягаць свае мэты незаконнымі сродкамі.

Нам не патрэбны новы візіянэр накшталт Чэрчыля, каб ведаць, што рабіць далей. У сёньняшніх дэмакратычных краінаў дастаткова досьведу; калі ўжыць здаровы розум і крышачку адвагі, мы можам пазьбегнуць найгоршага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG