Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Варкута, рэзэрвацыя для антысаветчыкаў


Іван Якубовіч
Іван Якубовіч

Сярод тысяч беларусаў дзень сьмерці «правадыра ўсіх народаў» Сталіна дагэтуль выклікае супярэчлівыя пачуцьці. Тыя з палітычна рэпрэсаваных, каго не пасьпелі расстраляць ці закатаваць у лягерах, пасьля 5 сакавіка 1953 году атрымалі шанец на рэабілітацыю і доўгае вяртаньне дадому. Пра гісторыю адной беларускай сям’і, якой давялося правесьці доўгія гады ў Варкуце — Ігар Карней.

Бацьку Івана Якубовіча, жыхара вёскі Ліхасельцы тагачаснай Баранавіцкай вобласьці, забралі пад покрывам ночы акурат 65 гадоў таму — у 1949-м. Як звычайна, пастараліся «добрыя людзі», пільныя суседзі. Нягледзячы на тое, што Іван быў зусім малы, кажа, што тая карцінка перад вачыма да сёньня:

«Мне тады было гады два — я сам з 1947-га, а гэта здарылася ў 1949-м. Досыць цьмяна, але памятаю, што прыехалі чатыры чалавекі ў доўгіх шынялях, паселі на лаўках, па двое каля кожнага вакна. Потым зайшлі ў хату і бацьку ад нас забралі. Як кажуць, без суда і сьледзтва, „тройка“. А потым ужо маці некуды цягалі, відаць, на допыты».

На даносы чэкісты рэагавалі імгненна. Як кажа суразмоўца, хтосьці з суседзяў «залажыў», што да Івана Данілавіча завіталі «бандыты» і ён іх нібыта прытуліў:

«Такая справа, што тут дзейнічала антысавецкае падпольле. Як называла іх савецкая ўлада — „банда“. Базаваліся яны крыху далей — у Гарадзеі, Ліпе, дзесьці ў тым раёне — і не давалі расслабляцца бальшавікам. Аднойчы апынуліся ў Ліхасельцах, зайшлі да бацькі, а той нібыта запрасіў іх пераначаваць ці нешта яшчэ. Ну, вось нехта і стукануў. А ўжо потым, калі аднаго з „бандытаў“ узялі, ён пачаў паказваць на таго, на таго, на таго. І ўсіх потым забіралі, бацьку ў тым ліку. Ясна ж, як паказаньні выбіваюцца...»

Далей падзеі разгортваліся імкліва: перасыльны пункт Калдычэва, «цялятнік» да Варкуты. Агулам — 10 гадоў строгага рэжыму:

«Яго, канечне, не пакінулі для хоць бы фармальнага сьледзтва. Падпіска аб нявыезьдзе, зразумела, не прадугледжвалася. Проста забралі — і з канцамі. Крыху патрымалі ў былым канцлягеры Калдычэва пад Баранавічамі, адтуль — наўпрост у Варкуту. Ужо потым даведаліся, што далі яму 10 гадоў: 58 артыкул, які пункт — ужо ня памятаю, але прыпісалі „пасобніцтва зьвяржэньню савецкай улады“. Але агулам у Варкуце ён прабыў да 1968-га».

Іван Іванавіч згадвае, што наступныя 5 гадоў пасьля 1949-га ніякіх зьвестак пра бацьку фактычна не было. І толькі сьмерць Сталіна дазволіла многім людзям распачаць пошук сваякоў, якіх ужо лічылі нежывымі:

«У 1954-м, праз год пасьля сьмерці Сталіна, бацьку нарэшце дазволілі пісаць. Якраз тады мы даведаліся, што ён пераведзены на вольнае пасяленьне і туды, у Варкуту, магла прыехаць сям’я. Таму што яго самога адтуль не выпускалі. Там быў такі ОЛП („Особый лагерный пункт“), дык ён кожны тыдзень мусіў туды езьдзіць адзначацца, што ня зьехаў, ня ўцёк і г.д. Я потым сам побач хадзіў у краму, бо доўга яшчэ заставалася і зона, і ОЛП. То бок як бы расканваіраваны, але мусіў знаходзіцца там усе прысуджаныя гады. І вось ён штотыдзень хадзіў, расьпісваўся, што застаецца ў полі зроку».
Іван Данілавіч з сынам, жонкай і сямейнай парай, якая праходзіла па той жа «антысавецкай справе»
Іван Данілавіч з сынам, жонкай і сямейнай парай, якая праходзіла па той жа «антысавецкай справе»

У 1954 годзе сямігадовы на той час Іван з маці Еўдакіяй паехалі да бацькі ў Варкуту. Гэта была першая іх сустрэча за 5 гадоў. Цікаўлюся пра дзіцячыя ўражаньні ад «лягернай цывілізацыі»:

«Ды якая там цывілізацыя? Мы прыехалі туды ў 1954-м, бацька нас выклікаў. Варкута сама па сабе была як бы цэнтрам, а вакол у тундры раскіданыя шахты: 1-я, 12-я, 16-я. То бок пасяленьні вакол руднікоў. У другім раёне ад цэнтру быў пасёлак Дарожны, дзе першае, што я ўбачыў, — чатыры баракі. Гэткія „фінскія домікі“ з чатырма ўваходамі. Каго там толькі не было: і ўкраінцы, і беларусы, і „лясныя браты“ — эстонцы, латышы, літоўцы. Але найбольш украінцы. У асноўным палітычныя, якіх нібыта і вызвалілі з-пад канвою, але якія ня мелі права выехаць з Варкуты. Дык вось з аднаго боку жылі, скажам так, халасьцякі — па чатыры чалавекі, на ўсіх кухня і пакой (ну, які, зрэшты, пакой у бараку?). А як ужо ў нас была сям’я, то бацьку, маці і мне далі асобны „пад’езд“. Зноў жа, з пакойчыкам і куханькай. І вось там я жыў да самай адпраўкі ў армію, да 1966 году».
Фатаздымак з надпісам «На памяць з Варкуты» для сястры Веры Данілаўны і яе мужа Мікалая.
Фатаздымак з надпісам «На памяць з Варкуты» для сястры Веры Данілаўны і яе мужа Мікалая.

Як кажа Іван Якубовіч, варкуцінскую загартоўку атрымаў ня толькі ён: у 1956-м у тым жа бараку нарадзілася сястра Тамара. На той час бацька ўжо быў рэабілітаваны і нават атрымаў матэрыяльную кампэнсацыю:

«Неяк, памятаю, была вясна, бацьку з маці выклікалі ў „гэбэ“. Вяртаюцца — сьмяюцца: бацьку рэабілітавалі, то бок — фактычна апраўдалі. Гэта быў 1956 год. Цяжка паверыць, але тады яму вярнулі ўсё, што ён зарабіў за прамінулыя гады, працуючы на шахце. Пры тым, што на Поўначы было так: калі ты атрымліваеш палучку, табе яшчэ 100% даплачваюць за цяжкія ўмовы працы. І яму ўсё гэта пералічылі. На шахце дарабляў фактычна да пэнсіі, дабываў свой тэрмін».

Разьвянчаньне культу асобы яшчэ доўга кацілася да лягерных выселкаў — спыніць адладжаны мэханізм «перавыхаваньня» было цяжка нават тады, калі пачалося расфармаваньне перанаселеных зонаў:

«Я зэкаў бачыў штодня, калі іх вазілі на працу. Якраз дзе стаяў наш барак, пачалі разбудоўваць пасёлак, дык там іх ня сотнямі, а тысячамі гналі на гэтую будоўлю. Аўтаматчыкі з сабакамі, ахова — зона зонай. І гэта па вуліцы, па горадзе, праз цэнтар — тысячамі вадзілі. А потым было ўвогуле цікавае відовішча: зьняволеных пачалі пераводзіць у іншыя месцы, прыбіралі вышэй ці ніжэй, а сабак з канвою пакінулі. І вось людзі ідуць на працу, у цэх — людзі свабодныя, вызваленыя — а сабакі бягуць ззаду, па баках і шалёна гаўкаюць. Яны ж былі прывучаныя ахоўваць калёны, якія гналі на працу ў шахты, яшчэ куды».

Праз 20 гадоў: зь сябрам пасьля вяртаньня ў Беларусь
Праз 20 гадоў: зь сябрам пасьля вяртаньня ў Беларусь
У 1959 годзе тэрмін зьняволеньня Івана Данілавіча Якубовіча скончыўся. Але на сямейнай радзе прынялі нечаканае рашэньне — застацца яшчэ, пакуль добра плацяць. Калектывізацыя, якая распачалася ў Заходняй Беларусі, асаблівых пэрспэктываў не абяцала:

«Пасьля вызваленьня бацька перайшоў на будоўлю, кінуў шахту. Бо калі сядзеў у турме, спачатку быў пад канвоем. А потым пачалі ганяць у шахты. Нават дзесьці здымкі былі: вакол канвой, чатыры кані цягнуць ваганэткі, а зьняволеныя сякуць вугаль у шахце. Расказваў: канвэераў не было, дык тачкі вазілі сьляпыя коні. Гадоў сем, напэўна, высякаў ён гэты вугаль, пакуль ня вызвалілі».

Адно з самых значных варкуцінскіх уражаньняў — моцныя маразы, якія трымаліся большую частку году:

«Адчуваньне холаду было практычна заўсёды. Лета — гэта чэрвень, ліпень, першая дэкада жніўня. Я ж пасьля школы пайшоў на працу: у 16 атрымаў пашпарт і пасьля 3 гады адпрацаваў у мантажным упраўленьні сувязі. Цягнулі па шахтах правады, амаль у любы мароз. Там „акціраваны дзень“ — 45 градусаў, то бок да 45 мусіш працаваць без усялякіх выбрыкаў. І я працаваў у тундры. Праўда, там зрок і страціў, бо вакол толькі сьнег і сонца, больш нічога, вочы проста рэжа. Але і атрымліваў — дзякуй богу: у Варкуце па тамтэйшых мерках атрымліваў 400 рублёў. Правады цягнулі спачатку на шахты, потым па пасёлку, раскідвалі кабэлі на падстанцыі і г.д.»

У 1966 годзе Івана прызвалі ў войска. Каб кампэнсаваць лішак холаду, закінулі ў іншую скрайнасьць — у Ташкент. Там пасьля дэмабілізацыі ён ажаніўся, зьявіўся на сьвет сын Ігар. У Беларусь сям’я прыехала на пачатку 1980-х. Бацькі затрымаліся ў Варкуце да 1968-га, вярнуўшыся на радзіму пасьля амаль 20-гадовага экстрыму. Нажытага па двайных стаўках заробку хапіла на дом ды жывёлу ў суседняй зь Ліхасельцамі вёсцы Друцкаўшчыне. Аспрэчваньне палітычнага прысуду ў той час не практыкавалася — дзякуй, што жывы.

Памёр Іван Данілавіч у 1985 годзе, ягоную жонку Еўдакію пахавалі летась.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG