Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч — чацьвёрты дзень народзінаў за кратамі


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

26 лютага ў палітвязьня Яўгена Васьковіча дзень народзінаў. Яму споўнілася 23 гады. Апошнія чатыры зь іх ён адзначае ў няволі.

Як сьцьвярджаюць ягоныя паплечнікі з аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», палітвязьня больш як месяц ужо не караюць штрафным ізалятарам у магілёўскай турме № 4. Раней, паводле іхных зьвестак, Яўген праводзіў у карцэры да 20 дзён на месяц. Партыйцы заяўляюць, што супраць зьняволенага актывіста ўжываюцца катаваньні, і патрабуюць ад турэмнай адміністрацыі спыніць іх.

Пра тое, што стаўленьне да Яўгена Васьковіча з боку турэмнай адміністрацыі зьмянілася, кажа адказны сакратар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі. Ён лічыць, што гэтага ўдалося дасягнуць, абнародаваўшы зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня Васьковіча ў турме, а таксама пра ягоны фізычны стан. Паводле партыйца, з кастрычніка 2011 году, калі Яўгена зьмясьцілі ў турму № 4, у штрафным ізалятары ён адседзеў 247 сутак. Пры росьце ў 186 сантымэтраў ён важыць 65 кіляграмаў.

Дзяніс Садоўскі
Дзяніс Садоўскі
«Пасьля таго, як мы агучылі гэтыя жахлівыя лічбы, была даволі бурная рэакцыя кіраўніцтва турмы й мясцовых уладаў. Яны ўсё гэта абвяргалі», — кажа Дзяніс Садоўскі і адзначае пазытыўны бок сытуацыі для Васьковіча:

«Аднак факт такі, што яго, паводле нашай інфармацыі, цяпер ня кідаюць у ШЫЗА. Туды яго не зьмяшчаюць фактычна паўтара месяца. За час, што ён у Магілёўскай турме, не было такога ніколі».

Родныя Васьковіча — маці і дзьве бабулі — сустракаліся зь ім у турме. Яны адзначаюць, што Яўген не наракаў на асаблівае стаўленьне з боку турэмшчыкаў. Адна з бабуляў, Тамара Ўладзімераўна, спрабавала распытаць яго пра ўмовы ўтрыманьня.

Тамара Васьковіч
Тамара Васьковіч
«Ён нам нічога такога не гаварыў. Увесь час усьміхаўся і казаў, што ў яго ўсё нармальна, — згадвае Тамара Ўладзімераўна і пераказвае гутарку з унукам. — А я ў яго запыталася: „А чаго ты схуднеў?“ А ён мне адказвае: „Бабуля, а я ўжо на пяць кіляграмаў паправіўся. Быў шэсьцьдзесят кіляграмаў, а стаў шэсьцьдзесят пяць“. Дык што ты, пытаюся, сядзіш у санаторыі, а не ў турме? А ён мне: „Ну, не ў санаторыі, але...“ Ён ня хоча гаварыць праўды, я так зразумела, бо яму будзе кепска. Я яму сказала, што ўсе яму пераказваюць вітаньні. А ён мне: я нічога ні ад кога не атрымліваю. Пошты ён не атрымлівае», — кажа бабуля Яўгена Васьковіча.

Закранула Тамара Ўладзімераўна і пытаньне пра напісаньне ўнукам ліста пра памілаваньне. Ён на гэта адказаў, зазначае яна каротка: «Я нікому кланяцца ня буду, і гаворка на гэтым скончана».

У Бабруйску на працягу апошніх двух гадоў на дзень народзінаў Васьковіча зьбіраюцца мясцовыя актывісты, каб згадаць усіх беларускіх палітвязьняў. Сёньня на вечарыне гасьцюе Павал Севярынец. На пытаньне, хто Васьковіч — герой ці ахвяра, лідэр беларускіх хадэкаў адказвае, што Яўген — гераічная постаць. Палітык заўважае:

Павал Севярынец
Павал Севярынец
«Як хрысьціянскія дэмакраты мы не ўхваляем такіх мэтадаў, але і ягоны ўчынак, і гераічныя паводзіны на судзе і падчас адседкі — сьведчаньне мужнасьці Яўгена, — кажа Павал Севярынец. — Ён праз сваю асабістую ахвяру дамагаецца перамогі для нас усіх. Гэта тая мужнасьць, якая зрабіла героем Каліноўскага».

Яўгена Васьковіча ў 2011 годзе асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня за напад на будынак Бабруйскага КДБ з выкарыстаньнем бутэлек з «кактэйлем Молатава». Віны актывіст не прызнаў. У гэтак званую «крытку» яго зьмясьцілі пасьля абвінавачаньня ў злосным парушэньні рэжыму ўтрыманьня ў папраўчай калёніі.

Беларускія праваабаронцы лічаць Васьковіча палітвязьнем. Яны зазначаюць, што прысуд яму і яшчэ двум хлопцам, якія разам зь ім удзельнічалі ў нападзе на будынак спэцслужбы — Паўлу Сырамалотаву і Арцёму Пракапенку — вынесены непрапарцыйна жорсткі. Сырамалотава летась вызвалілі — калі ён напісаў прашэньне аб памілаваньні. Пракапенка надалей адбывае сямігадовае пакараньне, яго таксама прызнаюць за палітвязьня. Арцёмавы бацькі не ўхваляюць учынак сына. Як і Васьковіч, Арцём Пракапенка адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG