Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэрспэктыва» просіць Лукашэнку «ня ўводзіць дурныя паперкі»


Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» просіць Аляксандра Лукашэнку не падпісваць указ пра абавязковасьць суправаджальных дакумэнтаў для індывідуальных прадпрымальнікаў.

18 лютага ў Аляксандра Лукашэнкі заплянаваная нарада па пытаньнях працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле кіраўніка «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, на сустрэчы будзе абмяркоўвацца праект указу, паводле якога ІП, якія выплачваюць адзіны падатак пры розьнічным гандлі таварамі, абавязаныя ажыцьцяўляць перавозку, захоўваньне і рэалізацыю гэтых тавараў на падставе дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё тавараў.

У лісьце да кіраўніка краіны «Пэрспэктыва» называе гэтую норму «несвоечасовым і контрапрадуктыўным крокам, які выкліча напружанасьць і пратэсты ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі», — перадае БелаПАН.

Прадпрымальнікі канстатуюць: у Расеі, адкуль яны прывозяць большую частку свайго тавару, «існуе вялікая і сур’ёзная праблема з выдачай пацьвярджальных дакумэнтаў пры адгрузцы тавару для беларускіх прадпрымальнікаў».

«Калі б мы былі ў Эўразьвязе, у нас бы не было ніякіх праблемаў. Але мы ў гэтым пляне жывем з Расеяй, — кажа Шумчанка ў інтэрвію Радыё Свабода. — Яны прыдумляюць тэхрэглямэнт. Пры гэтым у іх ён не выконваецца. А з нас патрабуюць. Мы прыходзім на рынак ці на базу і просім суправаджальныя дакумэнты. А нам кажуць: „Вы, беларусы, чокнутыя“. Мы жывем у Мытным саюзе, дзе гандлююць фальшывымі накладнымі, дзе ня хочуць зьвязвацца зь беларусамі, бо ў нас адбываюцца сустрэчныя праверкі».

«Мы прыносім грошы. Плацім наперад болей падаткаў, чым аналягічныя суб’екты гаспадараньня за мяжой — гэта значыць, што мы яшчэ не атрымалі прыбытак, а ўжо сплацілі наперад падаткі», — апісвае Шумчанка становішча беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Але трэба ўсё гэта разбурыць і ўвесьці, выбачаюся за выраз, дурныя паперкі!» — абураецца кіраўнік «Пэрспэктывы».

Пры гэтым Шумчанка сьцьвярджае, што такая ініцыятыва ідзе ад чыноўнікаў і ўраду, «якія ўжо ўсё завалілі».

«Калі яны хочуць рыць сабе яму, хай рыюць. Хай прымаюць рашэньне, якое хочуць. Пасьля самі ж будуць разграбаць», — кажа Шумчанка і тлумачыць: «Падаткі могуць упасьці ў 2–3 разы, людзі з афіцыйных месцаў працы пойдуць у ценявы бізнэс».

Шумчанка кажа, што «ўлады атрымаюць шырокія сацыяльныя пратэсты — гэта міна запаволенага дзеяньня пад палітычныя кампаніі Лукашэнкі: у 2015-м — прэзыдэнцкія выбары, у 2016-м — выбары ў Палату прадстаўнікоў».

Анатоль Шумчанка адзначыў, што сам факт нарады па пытаньнях суправаджальных дакумэнтаў «сьведчыць пра неадназначнасьць праблемы — ня так усё гладка, як хочацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG