Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 90-годдзе да Ульяны Захаранкі прыехалі паплечнікі сына

абноўлена

6 лютага Ўльяне Рыгораўне Захаранцы, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць яе зь юбілеем прыйшлі сваякі, што жывуць у Васілевічах, прыехалі грамадзкія актывісты з Гомеля й Менску. Рэпартаж зь мястэчка Васілевічы, што на Гомельшчыне.

Толькі за дзень да свайго 90-гадовага юбілею Ўльяна Рыгораўна выпісалася са шпіталя, дзе лекавалася ад стэнакардыі й высокага ціску:

«Курс лячэньня прайшла і на дзень раней папрасілася дамоў. А там лекарка наша — яна з маёй радзімы, з Украіны — дык яна сёньня ўранку прыйшла з мэдсястрой мяне адведаць і павіншаваць. І падарунак мне прынесла. Кажу ёй: „Малайчына, Любоў Мікалаеўна, бо я, лічы, усё жыцьцё працавала ў шпіталі — хворых карміла. Мяне ўся вобласьць за гэта ведае“. У шпіталі яны мяне добра даглядалі — і лекары, і мэдсёстры. Вельмі добра. Кропельніцы ставілі — і мне лягчэй стала».

Адзінае, што непакоіла Ўльяну Рыгораўну ў шпіталі — гэта холад у палатах. І ўжо толькі дома яна па-сапраўднаму адагрэлася, бо мінулым летам з ініцыятывы Анатоля Лябедзькі, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой быў Юры Захаранка, Беларусь сабрала звыш 30 мільёнаў рублёў, каб Ульяне Рыгораўне набыць абсталяваньне для абагрэву хаты, правесьці да яго прыродны газ ды памяняць звычайныя вокны на сучасныя шклопакеты:

«Грошы прысылала ўся Беларусь. Дзякуй! Трэба яшчэ напісаць і падзякаваць за дапамогу. За дзень зрабілі газавае ацяпленьне. Вокны таксама за дзень. Пляменьніца Люба зь імі разьлічвалася, я ня ўмешвалася, бо яна ўсе законы ведае. Цяпер у мяне цёпла. А што мне больш трэба? Вопраткі ў мяне хапае, я яшчэ калі працавала, то набыла. Гэта Лябедзька арганізаваў, каб мне зрабілі газавае ацяпленьне».

Дзьверы сёньня ў бабулі Ўльяны, лічы, не зачыняюцца. Усьлед за лекарамі прыйшла пляменьніца Люба з мужам, павіншаваць зь юбілеем прыехалі гомельскі грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора, былы міністар працы Аляксандар Сасноў, які працаваў ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра разам зь Юрыем Захаранкам.

За сьвяточным сталом Аляксандар Сасноў прамаўляў:

«Дарагая Ўльяна Рыгораўна! Дазвольце вас павіншаваць з такім юбілеем вялікім, з тым, што вы да гэтага часу памятаеце ўсё, што адбылося — усё сваё жыцьцё. Ведаю, што вы й цяпер чакаеце свайго сына, які быў і маім калегам. Мы разам калісьці працавалі ў тым урадзе, зь якога потым сышлі абодва. Я не магу сказаць, што Юры быў маім сябрам, але мы былі паплечнікамі, аднапартыйцамі. Ён быў добры, кемлівы, разумны чалавек, зь якім лёгка было працаваць і вырашаць розныя праблемы. Што яго трэба чакаць, я таксама разумею, як і вы. Яшчэ раз віншую вас з днём нараджэньня — зь юбілеем вас».

Пакуль мы сядзелі за сьвяточным сталом, які Ўльяна Рыгораўна заўсёды накрывае да прыезду гасьцей, раз-пораз званіў тэлефон. Гэтым разам зь Нямеччыны патэлефанавала Алена, дачка Юрыя Захаранкі, каб павіншаваць бабулю з 90-гадовым юбілеем.

Ульяна Рыгораўна — у тэлефон унучцы: «Ужо мне трохі лепей. Ужо ж сяджу за сталом. Госьці ў нас. Мы зь Любай іх сустракалі і праводзім. Знаёмыя ўсе, што ў нас бывалі».

Маці Захаранкі: Мне пішуць, што пошукі сына працягваюцца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00
Наўпроставы лінк

Ульяна Рыгораўна пераказала, што Аленачцы прысьніўся яе прыезд у Беларусь да бабулі на дзень народзінаў. Ульяна Рыгораўна й сама гэтага жадае, бо з моманту ад’езду сям’і сына ў Нямеччыну яна іх больш ня бачыла. А ў дачок Юрыя Захаранкі нарадзіліся ў Нямеччыне свае дзеці, Юравы ўнукі і яе, Ульяны Рыгораўны, праўнукі.
За сьвяточным сталом
За сьвяточным сталом

На дні народзінаў у Васілевічах у хаце Ўльяны Захаранкі слова трымаў і гомельскі грамадзкі актывіст, сябра АГП Уладзімер Кацора, які найбольш клапоціцца пра маральную й матэрыяльную падтрымку Ўльяны Захаранкі.

Чаму — патлумачыў:

«Мы прыяжджаем сюды, як і зь Менску нашы сябры і калегі па партыі, дэмакратычным лягеры, бо немажліва праходзіць міма людзкога болю. Мы спачуваем Ульяне Рыгораўне. І мы бачым, на жаль, што яна не адзіная ў такой сытуацыі. Гвалт над людзьмі, над народам, так можна сказаць, узмацняецца. І калі ня мець падтрымкі, не аказваць такую падтрымку — і маральную, і матэрыяльную, то заўтра мы ня будзем адчуваць сябе людзьмі. І каб людзьмі звацца, каб ня страціць гонар і годнасьць, мы павінны гэта рабіць».

Юры Захаранка
Юры Захаранка
Апазыцыйны генэрал Захаранка зьнік у Менску вечарам 7 траўня 1999 году. Не дайшоў да свайго дома на вуліцы Магілёўскай нейкую сотню мэтраў. Невядомыя схапілі яго, запхнулі ў легкавік — і з таго часу ні сям’я былога міністра, ні маці, ні грамадзкасьць нічога пэўнага ня ведаюць пра ягоны лёс. Пракуратура, міліцыя, а апошнім часам і Сьледчы камітэт шлюць маці адпіскі. Іх ужо каля чатырох дзясяткаў: маўляў, дасьледаваньне справы № 110352 па факце зьнікненьня сына працягнута. І так амаль пятнаццаць гадоў — з тых дзевяноста, што пражыла на белым сьвеце Ўльяна Захаранка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG