Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ульяне Захаранцы — 90. Зь іх 15 — бязь Юры


Ульяна Захаранка
Ульяна Захаранка

6 лютага Ўльяне Рыгораўне Захаранцы, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, спаўняецца 90 гадоў.

Грамадзкія актывісты з Гомеля, Менска ды іншых месцаў сьпяшаюцца сёньня ў мястэчка Васілевічы, што пад Рэчыцай, каб павіншаваць Ульяну Рыгораўну зь юбілеем і пакланіцца ёй за выдатнага сына, грамадзяніна й сапраўднага патрыёта Беларусі.

Апазыцыйны генэрал Захаранка зьнік у Менску вечарам 7 траўня 1999 году. Не дайшоў да свайго дома на вуліцы Магілёўскай нейкую сотню мэтраў. Невядомыя схапілі яго, запіхнулі ў легкавік — і з таго часу ні сям’я былога міністра, ні маці, ні грамадзкасьць нічога пэўнага ня ведаюць пра ягоны лёс.

Пракуратура, міліцыя, а апошнім часам і Сьледчы камітэт шлюць маці адпіскі. Іх ужо каля чатырох дзесяткаў: маўляў, дасьледаваньне справы № 110352 па факту зьнікненьня сына працягнута. І так амаль пятнаццаць гадоў — з тых дзевяноста, што пражыла на белым сьвеце Ўльяна Захаранка.

Напярэдадні юбілею Ўльяна Рыгораўна выпісалася са шпіталю: ціск і стэнакардыя мучаць самотную жанчыну. Неяк яна расказвала Радыё Свабода пра свае будні:

«Я начамі наагул ня сплю, я не магу спаць: яны ў мяне ў вачах. І старэйшы сын-падводнік памёр — той у вачах. А праз год і Юру забралі. Хіба ж я магу гэта вытрымаць? І мужык памёр. Я нарадзілася 6 лютага. Валодзя памёр 7, Мікалай — 9 лютага. І вось усе гэтыя дні да дзясятага — яны ў мяне такія жалобныя! Я калі адна ў хаце, я толькі й плачу. Ноччу ня сплю, хаджу, сьвятло запалю ва ўсім доме. Колькі пакояў, столькі й лямпачак — і гараць усю ноч».

Найчасьцей ноччу прыходзіць да жанчыны працяглы і пякучы боль. Лекаў хапае хіба на гадзіну-другую, ня больш:

«Вось гэтыя ўсе лекі я выпіваю, калі кладуся спаць. Пройдзе гадзіна — і ціск у мяне будзе 200 зь лішкам. Раз ужо 200, то тут, хочаш ці ня хочаш, а трэба выклікаць хуткую дапамогу. Пачынаецца прыступ стэнакардыі. Гэта будзе плячо левае гарэць, сэрца гарэць. Нават зрок губляю. І адна ў хаце».

Спраўляцца з побытавымі справамі Ўльяне Рыгораўне дапамагаюць сацыяльная працаўніца і пляменьніца Люба.

Тупаючы па хаце, самотная кабета прыслухоўваецца да тэлефона, які стаіць на покуці пад абразком. Толькі тэлефон і думкі перасягаюць бесьперашкодна адлегласьць і межы.

Асабліва Ўльяна Рыгораўна чакае тэлефанаваньняў зь Нямеччыны, куды эмігравала сынава жонка Вольга зь дзьвюма дачушкамі — Аленай і Юлькай.

Дзяўчаты ўжо маюць сваіх дзяцей — Кірылу і Ўладзіка. Гэта ўнукі бясьсьледна зьніклага сына Юры і яе, Ульяны Рыгораўны, праўнукі.

Жанчына маркоціцца, што пакуль ня бачыла праўнукаў, толькі на фотаздымках. Нават Кірылку, якога, уцякаючы за мяжу, сям’я сына вывезла немаўляткам.

Іншым разам Ульяна Рыгораўна дзіву даецца, якія выкрунтасы выкідвае лёс. Яна, ваеннае дзяўчо-выгнаньніца з Украіны, і такі ж выгнаньнік, Коля Захаранка зь Беларусі, сустрэліся пры канцы вайны ў вызваленым амэрыканцамі нямецкім горадзе Кёльне, каб неўзабаве вярнуцца на радзіму, пабрацца шлюбам, нарадзіць і вырасьціць двух сыноў. А зараз дочкі аднаго зь іх разам з маці і ўжо сваімі дзецьмі знайшлі прытулак у той жа Нямеччыне, зь якой у 1945 годзе так імкнуліся дадому Ўльяна і Мікалай.

Ульяна Захаранка ведае, што сёньня ў яе хаце абавязкова раздасца тэлефонны званок зь Нямеччыны, і яна пачуе родныя галасы, у якіх не-не ды й праб’юцца ноткі голасу зьніклага сына.

Віншуем і мы Вас, Ульяна Рыгораўна, зь юбілеем! Зычым нармальнага ціску і сардэчнага рытму. Не губляем спадзеву, што неўзабаве ўсе мы будзем ведаць усю праўду пра Вашага выдатнага сына Юрыя Мікалаевіча Захаранку — Вашага сына і ўсёй нашай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG