Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарваная струна Ігара Сімбірова


Ігар Сімбіроў
Ігар Сімбіроў

23 студзеня споўнілася б 42 гады беларускаму музыку, барду і грамадзкаму дзеячу Ігару Сімбірову. Які заўчасна пайшоў з жыцьця летась. У чарговае падарожжа «Свабоды» мы выпраўляемся ў Асіповічы, родны горад Ігара Сімбірова. Каб разам зь ягонымі сябрамі ўзгадаць гэтага неардынарнага чалавека.

Наўпроставы лінк


Калі я толькі ўпершыню пачуў ягонае саркастычнае і музычна яскравае пацьвельваньне зь вядомага верша «А хто там ідзе», дык першае жаданьне было — падзяліцца гэтым запісам з усімі сябрамі і знаёмымі. Настолькі дасьціпна і трапна аўтар выявіў сьціплыя мары свайго народу эпохі стабільнасьці. Не абразіўшы пры гэтым Купалы і ня ўпаўшы ў клаўнаду. Яшчэ большым адкрыцьцём сталася тое, што таленавіты сьпявак — родам зь беларускага Ўсходу. З Асіповічаў Магілёўскай вобласьці. Што лішні раз сьведчыла: для беларускага духа краіна ня дзеліцца на Захад і Ўсход, на сталіцу і правінцыю. І Сімбірова хацелася слухаць яшчэ і яшчэ.

Мы ідзем па засьнежанай асіповіцкай вуліцы з Ігаравым сябрам, музыкам Сьцяпанам Саханчуком. Напрыканцы 90-х прафэсійны баяніст Сьцяпан узначальваў асіповіцкі Дом культуры чыгуначнікаў. І дзякуючы сумеснай працы Ігара са Сьцяпанам у Асіповічах зьявіўся надзвычай цікавы гурт «Куцьцякі».

— Гэта быў прафэсійны гулец на басе. На бас-гітары ён быў бог. Ён мне сказаў: «Сьцёпа, ты робіш фальклёр. А давай зробім сучасны фальклёр». І мы за гэтыя «Куцьцякі» ўзяліся. І за пяць гадоў вырасьлі да такога ўзроўню, што ў Асіповічах не выступалі. Выступалі ў Палацы чыгуначнікаў у Менску. На агульнагарадзкія тусоўкі нас не запрашалі, бо мы лічыліся апазыцыйны ансамбль. Нават было такое, што нас выклікаў мэр гораду і казаў — «давайце вы тут арганізуйце акцыю на плошчы „За бацьку“. Нават добра заплацім». Мы адказалі — «не», мы ідэйныя. Мы не пагадзіліся за грошы граць.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:13 0:00
Наўпроставы лінк

— Чым больш часу праходзіць, тым балючай гэта ўсё перажываецца. Пачынае даходзіць, пачынаеш разумець, што яго ўжо няма. І ніколі не сустрэнесься. А быў сьветлы чалавек. Мы былі лепшыя сябры.
Сьцяпан Саханчук
Сьцяпан Саханчук
Да сваёй беларускай сьвядомасьці Ігар Сімбіроў прыйшоў, калі вучыўся ў тэатральнай вучэльні ў Днепрапятроўску, а пасьля працаваў там у лялечным тэатры. На радзіму ён вярнуўся ў 98-м годзе ўжо цалкам сьвядомым чалавекам. І аддзяліць творчасьць ад грамадзкай дзейнасьці ніколі ня мог.

— У Асіповічах няма ніводнага чалавека, які б 15 сутак сядзеў. Ігар сядзеў разоў 15 толькі ў Асіповічах. Ня кажучы пра Жодзіна. Ён за ўсе Асіповічы адседзеў. Як якое мерапрыемства, яго на чыгуначным вакзале хапалі — і на 15 сутак. Ён ледзь ня кожны квартал сядзеў. Ён тут быў цэнтральнай фігурай. Ён пісаў, ён хадзіў, ён гаварыў. Ён заходзіў у райвыканкам, гаварыў, хто яны ёсьць на самой справе. Газэту выпускаў. Ён ім тут жыць спакойна не даваў.

Наўпроставы лінк

Па словах старшыні Асіповіцкага ТБМ Сямёна Бародзіча, Ігар быў адзіны ў горадзе чалавек, які ніколі і ні пры якіх абставінах не пераходзіў на мову большасьці.
Сямён Бародзіч
Сямён Бародзіч

— Пастаянна ёй карыстаўся. Паўсюль. З-за чаго меў нямала прыгод. Паколькі патрабаваў, каб усякія пратаколы пісалі па-беларуску. З-за гэтага таксама набіваў сабе шышак. Бо гэта злавала міліцыянтаў. Потым пачалі яго кідаць з работы на работу. Як яго ні паважалі на рабоце, але пад ціскам уладаў яго прасілі сысьці.

Быць беларускім нацыяналістам у правінцыі — гэта штодзённы подзьвіг. Асабліва калі трэба паехаць у сталіцу. Тады райцэнтраўскі вакзал ператвараецца ў непераадольную мяжу.

— Калі яго прыпісалі ў апазыцыю, то яго лавілі на вакзале ў Асіповічах. Не давалі яму сесьці. Ён ці на «Юбілейным», ці на «Савецкім» ад’яжджаў. То ў электрычцы затрымаюць, калі зь Менску вяртаўся. Бывала, і фізычна зьбівалі. Трапляў на суткі.

Ігар жыў у звычайным спальным гета зь некалькіх панэльных хрушчоб. Таксіст, які падвозіў мяне да ягонага дома, аказалася, добра ведаў нашага героя. І ведаў сытуацыю, у якой ён існаваў.

— Раён гэты называюць у нас «Южныя Досы». Тут пражываюць вайсковыя адстаўнікі, у асноўным расейцы. І, вядома, беларусу жыць у такім асяродку вельмі цяжка. Ён быў сапраўды сьвядомы. Яму тут нават і ў сьпіну плявалі. У яго заўсёды было нешта беларускае ў адзеньні. Шалік бел-чырвона-белы. Яму цяжка было ў гэтым раёне.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:38 0:00
Наўпроставы лінк

Колькі я ні кантактаваў зь Ігарам, я ні разу ня бачыў яго п’яным ці проста падшафэ. Я толькі па чутках ведаў пра ягоныя праблемы з алькаголем. Што яму зусім нельга было піць. Знакаміты асіповіцкі прасьбітар эвангельскай царквы Эрнст Сабіла лічыць, што галоўная хвароба Ігара была не алькагалізм.
Эрнст Сабіла
Эрнст Сабіла

— Гэтая хвароба была ў ім не галоўная. Галоўная хвароба была — нязломны імпэт і ганарыстасьць. Бог вёў бітву за ягоную душу. Неаднаразова Бог паказваў яго яму. Пры ўсім гэтым імпэце ён упадаў у хваробу запояў. І пасьля чарговага такога запою трэба было сесьці і падумаць — хто я такі. А гэтага ён ня мог зрабіць. І мама яму паказвала на гэта, і я. Але да глыбіні сэрца гэта не даходзіла. Ён ня бачыў сябе збоку, ён бачыў сябе сваімі самазакаханымі вачыма. Вось які я геній.

Надзвычай цяжка слухаць маці Ігара. Пані Дыяна згадвае апошнія дні жыцьця свайго сына.
Маці Ігара Сімбірова
Маці Ігара Сімбірова

— Пасьля кожнага запою. «Мама, я выблытаюся». Я кажу: «Сынок, табе кожнага разу ўсё горш». — «Я выблытаюся». На гэты раз ён не казаў, што выблытаецца. Я ўжо спаць клалася. Была адзінаццатая гадзіна. «Я хачу памаліцца». «Давай памолімся». Усталі на калені. Сталі маліцца. Як ён маліўся, як ён спавядаўся. «Божачка, ты ведаеш, што я вельмі вялікі грэшнік. Памілуй мяне. Ты ж бачыш, што я не магу вызваліцца ад алькаголю. Дапамажы мне». Такая малітва была... Унікальная.

Асобная тэма — як нашы мэдычныя работнікі паведамляюць пра сьмерць блізкіх.

— «Дыяна Кузьмінічна?» Я кажу: «Так». — «Гэта вас бальніца непакоіць». — «Што-небудзь трэба?» — «Нічога ня трэба». — «Што-небудзь здарылася?» — «Вы толькі не расстройваецеся». Ну, думаю, зараз скажуць, што ў рэанімацыю паклалі. «Вы толькі не расстройвайцеся». — «Дык што здарылася?» І чую, як мэдсястра ва ўрача пытае: «Гаварыць?» Тая кажа: «Гавары». «Ваш сын памёр». — «Як памёр? Як памёр? Ён жа толькі што жыў! Як ён памёр?»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:25 0:00
Наўпроставы лінк

Можна толькі здагадвацца што было б, калі б Ігар нарадзіўся ня ў гэты час, калі б ён застаўся ва Ўкраіне. Калі б ён дажыў да іншай сытуацыі, з сольнымі канцэртамі і запісанымі альбомамі. Але ён жыў тут і цяпер. І пакінуў па сабе заўважны сьлед ня толькі ў беларускай культуры, але і ў жыцьці тых, хто зь ім сутыкаўся. Слова ягонай каханай жанчыне, якая была зь ім апошнія гады.

— Застануся я, новая. З новым сьветаадчуваньнем. Гэтая сустрэча зьмяніла мяне цалкам. Быць самой сабой, не баяцца быць адкрытай душой. Вось тое, што застанецца ўва мне ад яго. Гэта яго рыса. Але яна недзе ўжо і мая.

Ён пайшоў, пакінуўшы нам прыклад — жыць беларускай мовай. Пакінуўшы запісаныя песьні, якія чакаюць выданьня на адным дыску. Пакінуўшы бяз працы кучу супрацоўнікаў спэцслужбаў, якім ужо няма каго будзе лавіць на Асіповіцкім вакзале. І пакінуўшы жаданьне яшчэ раз паслухаць ягоны жывы голас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG