Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Асіповічах пахавалі музыку Ігара Сімбірова (фота)


У Асіповічах 14 ліпеня пахавалі музыку, грамадзкага актывіста Ігара Сімбірова. Разьвітацца з ім да дома прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек.

У апошні шлях нябожчыка праводзілі родныя, сваякі, а таксама палітык Рыгор Кастусёў, пастар Беларускай эвангельскай царквы Эрнст Сабіла, магілёўская паэтка Тацяна Барысік, на вершы якой Ігар напісаў не адну песьню, актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», Партыі БНФ, ТБМ, сябры, калегі-музыкі, якія з ім выступалі і якіх ён вучыў музыцы ды шмат іншых людзей.

Ля труны пра жыцьцёвы шлях Ігара Сімбірова гаварылі па-беларуску і па-расейску. Казалі пра ягоны талент і ягоную веру ў лепшую долю Беларусі. Гаварылі пра ягоную самаадданасьць і гатоўнасьць дапамагчы ўсім, хто меў патрэбу ў гэтым. Былі ў словах прамоўцаў смутак, жальба і шкадаваньне, што Ігар Сімбіроў пайшоў на 42 годзе жыцьця.

«Я не магу паверыць у тое, што перажыў Ігара, і што стаю перад ягонай труной. Мы хутка сустрэнемся там і яшчэ пагамонім. Незадоўга да сьмерці ён дапамагаў мне на будоўлі царквы, а разьвітваючыся, ён неяк доўга ў мяне ўглядаўся, а потым па-асабліваму прамовіў — «Да пабачэньня», — казаў пастар Эрнст Сабіла.

На разьвітаньне ля труны зь целам Ігара Сімбірова прагучаў гімн «Магутны божа».

Труну несьлі на плячах не адну сотню мэтраў. Пахавалі Ігара Сімбірова на Асіповіцкіх кладах, што ля вёскі Прудок.

Ігар Сімбіроў памёр раптоўна 12 ліпеня ў Асіповічах на 42 годзе жыцьця. Сьмерць яго напаткала ў шпіталі.

Прычына — ацёк галоўнога мозгу.

Мэдыкі намагаліся яго выратаваць, але ня здолелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG