Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гадзіны на Майдане вачыма жанчыны


Сваімі назіраньнямі і ўражаньнямі ад рэвалюцыйнага Кіева для сайта Свабоды дзеліцца кіеўская журналістка Алена Літвінава.


Упершыню за два месяцы супрацьстаяньня, актывістам у Кіеве ўдалося прымусіць Міністэрства ўнутраных спраў вывесьці падразьдзяленьні ўнутраных войскаў зь нейкага аб'екта, з Украінскага дому — былога музэю Ўладзіміра Леніна. У пэўным сэнсе гэта сымбалічна.

Актывісты паўстаньня, натхнёныя гэтымі перамогамі, у нядзелю яшчэ з большым энтузіязмам пачалі ўдасканальваць інфраструктуру свайго горада ў горадзе — хтосьці ачышчаў вуліцы ад сьнегу, які акуратна складалі ў мяшкі, якімі ўзмацнялі барыкады. Іншыя — упарадкоўвалі Ўкраінскі дом, у якім пасьля прысутнасьці войскаў была выяўлена вялікая колькасьць бутэлек з-пад алькаголю і кансэрваў, або ачышчалі гарадзкую каналізацыю на вуліцы Грушэўскага.

«Гэта на выпадак, калі пачне тануць сьнег, каб не падтапіла наш Майдан», — тлумачыць Андрэй. Ягоны напарнік быў настроены больш радыкальна:

«Усю гэтую сволач мы скінем у каналізацыю!».

Кожны чалавек у гэтым горадзе знаходзіць сабе справу. Нават нельга сказаць, хто больш арганізаваны — грамадзяне, якія прыйшлі падтрымаць, як яны гавораць, герояў, падгадаваць іх, або самаабарона Майдану. Ёй у выхадныя прыйшлося наўпрост рэгуляваць людзкія патокі.

«Калі ласка, глядзіце пад ногі. Не заходзьце з боку. Выхад усё роўна вузкі», — папераджаюць самаабаронцы тых, хто вырашыў прагуляцца з Майдану Незалежнасьці ў зону баявых дзеяў — Эўрапейскую плошчу і на вуліцу Грушэўскага.

Разам з тым, на барыкаду ў эпіцэнтар трагічных падзей 22 студзеня самаабарона нікога не прапускае, каб выключыць новую эскаляцыю. Спарадычна хтось выгуквае — «Слава Ўкраіне!», а ў адказ голасна гучыць: «Героям слава!».

У натоўпе мой погляд спыняецца на маладой маці з грудным дзіцем у калясцы. І я думаю — гэта што? Выклік, адчайнасьць або простая бестурботнасьць?.. У гэтых думках чую, як са сцэны Майдану паведамляюць пра паўстаньне ў Запароскай вобласьці, якая заўсёды лічылася чырвоным поясам, а зараз — надзейнай крыніцай электаральнай падтрымкі Віктара Януковіча. Мітынгі на вуліцы Грушэўскага ўзьнікаюць стыхійна. Вось кіяўлянін прапануе імправізаваны дыспут, як давесьці да ўсходніх рэгіёнаў, што ў Кіеве на плошчы стаяць не бандэраўцы і не нацыяналісты.

«Мы стаім тут. З аднаго боку, супраць нас — узброены „Беркут“, а са сьпіны — узброеныя ўнутраныя войскі. Мы не прыйшлі ваяваць, мы прыйшлі адстойваць свае правы. Што нам рабіць, як нам патрэбна сябе паводзіць, каб нас пачулі, а не стралялі?», — пытаецца ён у маладога хлопца з Днепрапятроўску, якога вітаюць аплядысмэнтамі як раз таму, што ён прадстаўляе адзін з усходніх рэгіёнаў...

Але раптам увагу прыцягвае зьяўленьне на Эўрапейскай плошчы Пятра Парашэнкі. Яго лічаць ценявым, або як мінімум, інфармацыйным спонсарам Майдану. Парашэнку належыць «5 канал», які цяпер адзін з нямногіх телэканалаў Украіны, што пастаянна інфармуе пра падзеі ў цэнтры Кіева. А яшчэ Парашэнка, відавочна, прэтэндуе і на пасаду прэзыдэнта. Сёньня ён пераконваў грамадзян, што апазыцыя зрабіла правільна, што не прыняла прапановы Януковіча ўзначаліць урад і ў той жа час не адмовілася ад іх:

«Галоўнае — адмяніць дыктатарскія законы, якія абмежавалі правы і свабоды грамадзян», — настойвае Парашэнка.

«Так мы вам верым ці што?» — запытвае ў палітыка хлопец без усялякай паслужлівасьці і асаблівага піетэту.

У адказ Парашэнка разварочваецца і паціскае хлопцу руку... Праз гадзіну на Майдане Незалежнасьці праходзіць цырымонія разьвітаньня з беларусам Міхасём Жызьнеўскім, які загінуў ад агнястрэльнай кулі. Дзясяткі тысяч грамадзян Украіны ў жалобе... Яго правялі ў апошні шлях пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і дзяржаўнымі сьцягамі Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG