Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінец, Касьцян і Мусіенка камэнтуюць падзеі ў Кіеве


Свабода пацікавілася стаўленьнем да кіеўскіх падзей беларускіх палітыкаў, блізкіх да ўлады.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы намесьнік Міжнароднага славянскага парлямэнцкага саюзу Сяргей Касьцян заявіў Радыё Свабода, што апазыцыйных лідэраў ва Ўкраіне трэба арыштаваць, а мітынгоўцаў — разагнаць гумовымі дубінкамі.




Касьцян: Януковіч дагуляўся з Захадам


Сяргей Касьцян
Сяргей Касьцян
«Я лічу, што ў тым, што адбываецца ва Ўкраіне, вінаваты Януковіч. Бо ён лявіраваў то туды, то сюды, то да Расеі, то да Амэрыкі, до да Эўразьвязу, то да СНД. Гуляў, карацей, у палітычныя гульні. У выніку народ ня ведае, да якога берага прыбіцца. Таму і здарыліся пагромы. Януковіч прапусьціў момант, калі трэба было зрабіць рашучыя захады, каб спыніць Клічко, Цягнібока і Яцэнюка. Наручнікі — і ў турму! А ўсім астатнім — гумовымі палкамі па сьпіне. Але момант прапушчаны. І цяпер могуць дапамагчы толькі перамовы. Але не такія перамовы, дзе б Януковіч склаў зь сябе паўнамоцтвы і распусьціў парлямэнт. Не! Трэба, каб Януковіч сказаў: «Або падпісвайце пагадненьне, каб усе разышліся, або тут жа наручнікі надзену», — заявіў Касьцян.


Чаргінец: Патрэбныя саступкі


Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец
Не такі катэгарычны ў сваіх ацэнках старшыня Беларускага саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец, які сказаў, што, магчыма, і ўладам Украіны трэба пайсьці на саступкі і ўнесьці зьмены ў законы ці ў склад кіраўніцтва, але разам з тым апазыцыя мусіць зрабіць усё, каб спыніць дзеяньні правакатараў, каб прадухіліць далейшыя людзкія ахвяры:

«Кожны дзень павялічваецца напал, уцягваюцца новыя людзі. Але ёсьць адна важная дэталь: тыя, хто хоча вырашаць пытаньне мірным шляхам, адыходзяць ад сутычак. На першы плян высоўваюцца экстрэмісты. А натоўп вельмі проста справакаваць у такой сытуацыі. Вось ужо пайшлі ахвяры. Гэта, на жаль, заканамерна. Я хачу адзначыць, што ўлады пакуль не дапускаюць прымяненьня зброі і цяжкай тэхнікі з боку міліцыі. Цягам бліжэйшых дзён чакаць спаду напалу нельга. Чаму? Таму што толькі пачаліся кантакты паміж апазыцыяй і кіраўніцтвам краіны. Можа, трэба ўнесьці зьмены ў законы, можа, нават унесьці зьмены ў склад кіраўніцтва Ўкраіны, але галоўнае — гэта не паддавацца правакатарам, каб не працягвалася кровапраліцьце».


Мусіенка: Ахвяры — вельмі сумнеўныя


А вось кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру ЕcooМ Сяргей Мусіенка лічыць, што людзкія ахвяры, навіны пра якія ўскалыхнулі грамадзтва, — гэта частка пляну апазыцыі, таму што міліцыя ня мае агнястрэльнай зброі:

Сяргей Мусіенка
Сяргей Мусіенка
«Гэтыя ахвяры — вельмі сумнеўныя. Таму што такая мэтодыка выкарыстоўвалася ўжо неаднакроць. Адчуваньне дэжавю. Патрэбныя сакральныя ахвяры — на іх павесім. Тое, што там крывавы рэжым... гэта ўсё ня так. Таму я не лічу, што пяройдзены нейкі Рубікон. Але эскаляцыя напружаньня нарастае — гэта адназначна. І гэтая эскаляцыя — ні на карысьць народу, ні на карысьць будучыні Ўкраіны, ні на карысьць тых, хто гэта ўсё распачаў. Я лічу, што ўлады зрабілі ўсё, каб не было ахвяраў. Міліцыя ўзброеная гумовымі кулямі, сапраўднай зброі ў іх няма. Таму надуманасьць гэтых ахвяраў відавочная. Праходзілі ўжо такое ў Вільні, Сэрбіі».

Аналітык разам з тым лічыць, што па справах аб забойствах людзей павінна адбыцца сьледзтва:

«Так, мёртвыя людзі — гэта факт. Павінна быць сьледзтва. Трэба разабрацца, хто гэта зрабіў. Але таксама мы бачым, як падпальваюць міліцыю. А адказнасьць за гэта хто будзе несьці? У дэманстрантаў такое адчуваньне, што яны ў натоўпе, яны схавалі твары, і ім можна рабіць усё — рабаваць крамы, забіваць людзей, падпальваць каго-небудзь. Але я думаю, што апазыцыя зробіць усё, каб ніякіх расьсьледаваньняў не было. Яны таму і хаваюць твары, каб іх ніхто не пазнаваў», — дадаў Сяргей Мусіенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG