Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У даведцы аб сьмерці Жызьнеўскага прычына сьмерці не названая


Міхаіл Жызьнеўскі
Міхаіл Жызьнеўскі

23 студзеня ўкраінскія сябры апазналі цела Міхаіла Жызьнеўскага — беларуса, якога днём раней забілі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

«Гэта дакладна ён. Я, мой муж і наш сябра Ўладзімер — самыя блізкія Міхаілу людзі ва Ўкраіне. Мы яго ведаем 6–8 гадоў», — сказала жыхарка Белай Царквы Саша Панчанка ў інтэрвію Радыё Свабода.

«Нас чамусьці запрасілі ня ў морг, а ў міліцыю. Там нас паўтары гадзіны ўпрошвалі, каб мы апазналі Мішу па фатаграфіях. Юрыстка, якую мы бралі з сабой, настаяла на тым, каб было апазнаньне цела. І тады мы паехалі ў морг», — распавядае Саша.

«Звычайна ў такіх сытуацыях завозяць на машыне. А мы ў другі канец Кіева зь нейкім няшчасным опэрам дабіраліся на мэтро. Ён яшчэ нас вадзіў, як Сусанін».

Панчанка кажа пра тое, што яна пабачыла:

«Наш сябра Вова працаваў некалі ў моргу санітарам. Калі я сьцягнула прасьціну на сэкунду, Вова пасьпеў заўважыць, што швы на целе сьвежыя. Гэта значыць, што пакуль нас упрошвалі паглядзець фатаздымкі і пакуль мы дабіраліся да моргу, яго хутка сшывалі! У яго дакладна па цэнтры грудзей — дзірка дыямэтрам у пятак. І цела швамі сьцягнулі так, каб гэтага не было бачна. І напісана, што прычына сьмерці не ўстаноўленая!»

Саша Панчанка абвяргае інфармацыю, што Міхаіла Жызьнеўскага забілі стрэлам у сэрца:

«Куля трапіла ня ў сэрца. І стралялі — гады! — сьпераду, атрымліваецца, што ў твар. Людзі, якія разьбіраюцца ў зброі, паглядзелі фатаздымкі. Гэта не пісталет Макарава, гэта 12-ты калібр. Гэты патрон, як паляўнічы, але ня з шротам, а з куляй. Людзі на Грушэўскага знайшлі такія гільзы».

Панчанка кажа, што на Майдан Жызьнеўскі ехаў з дакумэнтамі:

«Дакумэнты пры ім былі. Калі яго знайшлі, міліцыя б’ецца галавой аб сьценку і крычыць, што дакумэнтаў пры ім няма. У яго дакладана быў пашпарт, беларускі. Па-другое, ён журналіст нашай газэты „Соборний кліч“. Пры ім было журналісцкае пасьведчаньне. Ён быў пазаштатным журналістам, зьбіраў інфармацыю», — кажа Саша Панчанка.

Яна кажа, што будзе займацца перапраўкай цела Жызьнеўскага ў Беларусь.

«Мы маем ягонае пасьведчаньне аб нараджэньні і копію пашпарта. Трэба націснуць на амбасаду, каб атрымаць картку ўліку зь ягоным фота. На падставе гэтых дакумэнтаў павінны выдаць цела. Галоўнае — атрымаць цела. Каб перавезьці цела празь мяжу, трэба даведка з санстанцыі і пасьведчаньне аб сьмерці. Магчыма, спатрэбіцца даверанасьць родных», — заявіла Саша Панчанка Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG