Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч: Ніякага прашэньня пісаць ня буду


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Паводле жонкі Мікалая Статкевіча, ён ні ў якім выпадку ня стане пісаць прашэньне аб памілаваньні. Жонка Алеся Бяляцкага кажа, што пра вызваленьне яе мужа казаць рана, пакуль «няма пэўных дзеяньняў».

22 студзеня Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, атрымала ад мужа ліст, у якім той фактычна адказаў на пытаньне, ці пагадзіўся б ён напісаць прашэньне аб памілаваньні, каб выйсьці на волю. Марына Адамовіч зачытала «Свабодзе» вытрымку зь ліста, які быў адпраўлены 16 студзеня.

«Калегі з СПГ, гэта Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, цяпер ва ўрадзе, і яны з дапамогай патаемнай дыпляматыі зараз будуць дамагацца майго вызваленьня, як Хадаркоўскага. Але я супроць таемнай дыпляматыі там, дзе патрэбныя іншыя сродкі. І што я не Хадаркоўскі, я кандыдат на прэзыдэнта, а той бізнэсовец. Таму ніякага прашэньня я пісаць ня буду. Бо паклікаў людзей на Плошчу, дзясяткі тысяч прыйшлі, нягледзячы на страх. І здраджваць такой колькасьці людзей я ня здолею».

Паводле Марыны Адамовіч, выказваньне Аляксандра Лукашэнкі ў бок Мікалая Статкевіча, што той нібыта «палітычны труп», ёсьць доказам таго, што кіраўнік краіны насамрэч лічыць Мікалая Статкевіча сваім палітычным супернікам. «Інакш яго б не трымалі ў турме», — мяркуе Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году і адбывае пакараньне ў магілёўскай турме.

Ці зможа выйсьці на волю паводле амністыі праваабаронца Алесь Бяляцкі, пра якога таксама ішла размова падчас учорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь беларускімі журналістамі? Аляксандар Лукашэнка назваў «сур’ёзным аргумэнтам » зьвесткі пра тое, што Алесь Бяляцкі кампэнсаваў нанесеныя, паводле суду, страты. Як сказаў Лукашэнка, калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, павінна быць разгледжанае пытаньне аб ужываньні амністыі да Бяляцкага.

Жонка праваабаронцы Натальля Пінчук сказала на гэта, што «будзе верыць толькі дзеяньням, а ня словам», і патлумачыла, што ўжо не ўпершыню чуе пры магчымае вызваленьне мужа, але да гэтага так і не дайшло. Натальля Пінчук патлумачыла карэспандэнту «Свабоды»:

«Я б разглядала першым крокам да такога рэальнага дзеяньня новы закон аб амністыі. Пакуль яго няма, няма пра што і гаварыць».

Праваабаронца, былы адвакат Павал Сапелка пералічыў магчымыя мэханізмы вызваленьня Алеся Бяляцкага.
Улада можа выбраць любы варыянт, было б на тое палітычнае жаданьне

«Гэта можа быць ня толькі амністыя, але і зьмякчэньне пакараньня да не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, а таксама датэрміновае вызваленьне, паколькі Бяляцкі адбыў палову тэрміну і пакрыў страты. Улада можа выбраць любы варыянт, было б на тое палітычнае жаданьне. Пакуль закону аб амністыі няма, таму казаць пра яе рана. І калі зьявіцца такі закон, то ў ім павінен быць артыкул, паводле якога пакаралі Алеся Бяляцкага. Вось тады шанцы становяцца больш рэальныя. Але яшчэ трэба, каб у калёніі Бяляцкі не апынуўся ў ліку злосных парушальнікаў рэжыму».

Павал Сапелка нагадаў, што грамадзкасьць сабрала грошы і кампэнсавала страты, нібыта нанесеныя Алесем Бяляцкім, але гэта пакуль не прывяло да вызваленьня праваабаронцы, якога Павал Сапелка лічыць «закладнікам рэжыму».

Хто яшчэ з палітвязьняў мае магчымасьць датэрмінова выйсьці на волю? Паводле Паўла Сапелкі, да Мікалая Статкевіча і Мікалая Дзядка можа быць ужытае толькі памілаваньне, бо яны цяпер у турме, што перашкаджае ўжываць адносна іх амністыю. «Мікалай Аўтуховіч увесну мае выйсьці на волю, бо заканчваецца ягоны тэрмін. Датэрміновае вызваленьне іншых палітвязьняў для мяне пад вялікім пытаньнем», — сказаў былы адвакат Павал Сапелка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG