Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў вярнуцца да справы Бяляцкага

Шчыраваньні Аляксандра Лукашэнкі перад рэдактарамі СМІ, запрошанымі на сустрэчу зь ім.


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
«Лукашэнка дае адмашку для амністыі Бяляцкага» — Равяка

Праваабаронца Тацяна Равяка ня верыць, што Аляксандар Лукашэнка ня ведае пра справу Алеся Бяляцкага. Так яна камэнтуе даручэньне прэзыдэнта праверыць інфармацыю пра тое, што Алесь Бяляцкі кампэнсаваў матэрыяльную шкоду, якую паставіў яму ў віну суд.

Лукашэнка ня супраць амністыі


«Амністыі не прыводзяць да ўсплёску крымінагеннай абстаноўкі, мы можам на гэта пайсьці».

Лукашэнка лічыць, што бліжэйшым часам можна правесьці амністыю па аналёгіі з тымі, якія ўжо былі ў Беларусі. У такім разе, адзначыў ён, на волю могуць выйсьці каля 2 тысяч чалавек.

Лукашэнка: «Беларуская мова — ня дзеля рэвалюцыі


«Беларуская мова — гэта ня фактар для разыгрываньня палітыкі».

«Беларуская мова — ня дзеля рэвалюцыі. Гэта палітызаваная праблема. Калі хочаш загаварыць на беларускай мове — разгортвай кнігу і чытай. (...) Ня трэба залішне ўлазіць у гэта. Гэта вельмі тонкая жывая матэрыя».

Лукашэнка пераконвае, што ў краіне створаны ўмовы для вывучэньня беларускай мовы, і нават заклікаў пры неабходнасьці адкрыць пры дзяржаўных ВНУ спэцыяльныя курсы для тых, хто хоча вывучаць беларускую мову.

«Я абсалютна ня супраць беларускай мовы. Я нават больш, чым вы, хачу, каб нашы людзі свабодна размаўлялі на беларускай мове».

«Адзінае, што я не прымаю, — гэта ціск. Як толькі пачынаеш ціснуць — адваротная рэакцыя».

Лукашэнка пра мыта на аўто: ці варта народу так напружвацца?


Лукашэнка кажа, што папярэдзіў урад: сродкі, атрыманыя ад выплаты дзяржпошліны на допуск аўтамабіляў да дарожнага руху, павінны накіроўвацца толькі на рамонт дарог.

«Я ўраду сказаў: калі толькі гэтыя грошы пойдуць не на дарогі, і мяне людзі потым папракнуць, што мы дзіркі закрывалі, як некаторыя папісваюць у газэтах і на інтэрнэт-рэсурсах, — наракайце на сябе. Адвялі асобны рахунак — усе грошы туды, і ўсе грошы на дарогі».

Лукашэнка зьдзіўлены нэгатыўнай рэакцыяй насельніцтва: «Невялікія гэта грошы. Таму ці варта так замарочвацца на гэтай праблеме і гвалтам крычаць, што абабралі, абадралі і г.д.? Тое, што гэтыя грошы ня сыдуць ні ў адукацыю, ні нават у ахову здароўя, а будуць выдаткаваныя менавіта на дарогі, гарантую. І я папярэдзіў урад».

«Ці варта народу так напружвацца? Пры тым гэта ня самая бедная частка. Вось калі грошы пойдуць не на дарогі, як было заяўлена, тады вы зьніміце скуру і з ураду, і з прэзыдэнта, што не пракантралявалі».

Лукашэнка: новыя беларускія грошы будуць як эўры


У Беларусі пакуль яшчэ ня склаліся ўмовы для правядзеньня дэнамінацыі, хоць профільныя ведамствы да яе гатовыя:

«Мы гатовыя ў любы момант правесьці дэнамінацыю. Але ўсё-ткі нават для гэтага тэхнічнага кроку павінны быць пэўныя ўмовы. Ці не павінна быць такая працэнтная стаўка, не павінна быць трывог на рынку, каб насельніцтва не хвалявалася. І ў эканоміцы каб не было крызісных зьяваў».

«Мы падумаем з адмыслоўцамі, калі гэты пэрыяд прыйдзе. Тут трэба быць вельмі асьцярожнымі. Таму мы падбярэм час і пра гэта заявім ня менш чым за паўгода».

Лукашэнка паведаміў, што новыя грошы ўжо зацьверджаныя, прычым нароўні з купюрамі ў Беларусі, магчыма, будуць хадзіць і манэты.

Лукашэнка кажа, што вонкава новыя грошы будуць падобныя да эўра.

«Трэба падабраць час, каб ні ў якім выпадку нас людзі не папракнулі, што мы правялі дэнамінацыю, а нехта на гэтым нажыўся. У мяне будзе жорсткае патрабаваньне: калі мы будзем у цэнах акругляць, то толькі ў меншы бок. Людзі тут нічога ня страцяць».

«Нават калі сёлета мы адчуем, што эканоміка цьвёрда стане на рэйкі нармальнага руху, мы за паўгода абвесьцім народу, што будзем праводзіць дэнамінацыю».

«Гарантую! Падманваць ня буду».

Лукашэнка — Статкевічу: Можаш не пісаць, што ты вінаваты


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чакае ад Мікалая Статкевіча прашэньня аб памілаваньні. «Можаш не пісаць, што ты вінаваты», — цытуе словы прэзыдэнта Белапан.

Такі быў адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне дырэктара Белапан Алеся Ліпая наконт лёсу палітвязьняў у Беларусі. Пытаньне задавалася падчас сустрэчы прэзыдэнта з кіраўнікамі беларускіх СМІ.

«Статкевіч палітычна для мяне не канкурэнт. Статкевіч — палітычны труп для беларусаў. На апошніх выбарах ён вёў гэтую палітыку на карысьць прэзыдэнта. Ён ня быў мне супернікам і палітыкам, і ня будзе. Статкевіч таго ня варты, каб быць каменем спатыкненьня ў нашых стасунках з Эўразьвязам», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

У стасунках з Пуціным аж «іскрыць»


Лукашэнка высока цэніць, што Расея аказвае падтрымку, у тым ліку «рэальнымі грашыма».

«Мы вельмі сябруем з Пуціным, нягледзячы на тое, што часам паміж намі „іскрыць“. Я яму магу шчыра сказаць, і ён можа мне».

Расея аказвае рэальную падтрымку Беларусі ў тым ліку ў рэалізацыі маштабнага праекту па будаўніцтве атамнай электрастанцыі:

«Гэта рэальныя грошы, гэта ня словы. Мы гэта павінны шанаваць і ні ў якім разе не павінны ставіцца кепска да Расеі».

«Мы сябры, браты, мы наагул адзін народ. Калі нам цяжка — хто працягнуў руку? МВФ? А маглі б — грошай процьма, падзець няма куды, але з палітычных меркаваньняў, адкрыта сказалі, ня могуць. А Расея падставіла плячо».

«Калійная вайна» каштавала Беларусі 1,7 млрд даляраў


«Што тычыцца сфэры калійных угнаеньняў, то тут недаатрымана $1,5–1,7 млрд даляраў. Гэта тыя грошы, якіх нам не хапала, і ў народа зьявілася нейкая фобія, што будзе дэвальвацыя. Якраз гэтых грошай не хапала».

«Расея абмежавала пастаўкі нафты на нашы заводы, хай трохі, на пару-тройку мільёнаў тон мы атрымалі менш нафты».

Лукашэнка нагадаў, што раней штогадовы прырост эканомікі Беларусі складаў 9,8–11% на год, аналягічна Кітаю. «Мы яму нават не саступалі, гэта быў самы высокі рост. Я пабойваўся перагрэву эканомікі. Але мы тады вельмі добра прырасталі, добра займаліся вытворчасьцю, правялі мадэрнізацыю некаторых буйных прадпрыемстваў, ад якіх цяпер залежыць наша жыцьцё. Шмат што тады зрабілі, многае будавалі, і будавалі танна, і заробак быў ня менш за $500».

«Гэта быў шалёны рост нашай эканомікі. Пасьля такіх шалёных тэмпаў, натуральна, надыходзіць нейкі спад, ва ўсіх дзяржавах, і нам трэба было пераходзіць ня проста на аб’ёмны рост эканомікі, а на якасны рост. Але вельмі шкада, што гэта супала з другой хваляй крызісу ў асноўных нашых партнэраў».

Лукашэнка пра стасункі з Захадам: ёсьць нейкі дыялёг


«У апошні час акрэсьліўся пэрыяд, калі мы адзін на аднаго ня коцім, не наступаем. Мы пачалі неяк размаўляць (...) Літва зразумела, што траціна бюджэту ў іх — гэта Беларусь. Латвія — тое ж самае. (...) Мы правялі шэраг мерапрыемстваў, няхай не публічных (з эўрапейскімі палітыкамі. — Інтэрфакс): часта многія эўрапейцы, прыяжджаючы да нас, просяць, каб гэта было не публічна».

«Я зь імі адкрыта размаўляю, калі яны просяцца да мяне на прыём, нікому не адмаўляю, з усімі гутару — ад кангрэсмэнаў ЗША да звычайных палітыкаў і нават былых з Эўропы. І ў нас такіх кантактаў адбылося вельмі шмат, пайшоў нейкі дыялёг».

«Мы хочам жыць на сваім кавалку зямлі, валодаць сувэрэнітэтам. Я не хачу, каб мой народ больш хадзіў пад чыімсьці бізуном. Гэта мая галоўная задача як першага прэзыдэнта. Наша незалежнасьць — гэта сьвятое, але яна яшчэ павінна быць зразумелая нашым суседзям (...) Яна не павінна быць агрэсіўнай. Мы ня тая краіна, у нас ня тая моц, каб агрэсіўна ставіцца да Захаду і да Ўсходу».

Лукашэнка: Дэвальвацыі ня будзе


«У нас сёньня дастаткова золатавалютных рэзэрваў, мы яшчэ ў бліжэйшы час атрымаем для падмацаваньня ЗВР каля $1,5 млрд ад Расейскай Фэдэрацыі, добрыя крэдыты. У скрайнім выпадку, калі ў нас будуць лішнія золатавалютныя рэзэрвы, мы падтрымаем эканоміку. Страху ў гэтым ніякага няма, людзі атрымаюць дадатковую заработную плату».

«Мы штучна дэвальваваць нацыянальную валюту пад тое, каб даць хаця б нейкі глыток (можа, гэта і добра) паветра для БелАЗу, МАЗу і так далей, ня будзем, таму што дэвальвацыя нацыянальнай валюты — гэта ў выніку рост цэн. Мы гэта ўжо праходзілі. Таму нават не на 25%, не на 30%, не на 15% мы гэтага рабіць ня будзем».

Лукашэнка даручыў вярнуцца да справы Бяляцкага


Аляксандар Лукашэнка даручыў Аляксандру Радзькову, першаму намесьніку Адміністрацыі прэзыдэнта, праверыць інфармацыю пра кампэнсацыю Алесем Бяляцкім грашовай шкоды, у нанясеньні якой яго прызнаў вінаватым суд.

Інфармацыю пра тое, што Алесь Бяляцкі кампэнсаваў шкоду, на сустрэчы з прэзыдэнтам агучыў дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай.

«Гэта сур’ёзны аргумэнт. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазыцыі самога Бяляцкага. Прысягаю вам, я яго ня ведаў і ня ведаю», — цытуе БелаПАН словы Аляксандра Лукашэнкі.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі беларускіх СМІ скончылася а 16:10. Яна доўжылася больш за пяць гадзінаў. Кожны з запрошаных меў магчымасьць задаць пытаньне.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG