Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімошак хоча падзякаваць МУС за разгон культурніцкай імпрэзы


Зінаіда Цімошак
Зінаіда Цімошак

21 студзеня калегія Менскага абласнога суду будзе разглядаць скаргу Зінаіды Цімошак, якая дамагаецца скасаваньня штрафу.

Раней Слуцкі суд прызнаў прагляд фільму і лекцыю на тэму Слуцкага збройнага чыну несанкцыянаванай акцыяй і аштрафаваў Цімошак на 2,6 мільёна рублёў.

«Пастанова суду — незаконная і неаргумэнтаваная. Суд не дасьледаваў акалічнасьці справы. Пастанову трэба скасаваць», — кажа Цімошак.

«Я арганізавала лекцыю і прагляд дакумэнтальнага фільму »40 дзён сялянскай рэспублікі", які, дарэчы, паказвала афіцыйная тэлевізія. Слуцкае паўстаньне — для нас не палітыка, а гісторыя нашага краю«, — даводзіць сваю пазыцыю Цімошак.

Вечарам 23 лістапада міліцыянты ўварваліся ў Дом культуры вёскі Казловічы. Кіраўнік міліцыянтаў Дзьмітры Шклярэўскі патлумачыў тады, што ў арганізатаркі імпрэзы «няма санкцыі на сустрэчу». Міліцыянты дапыталі ўсіх удзельнікаў імпрэзы. А на Цімошак склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула «Парушэньне парадку арганізацыі правядзеньня сходаў».

Цімошак перакананая, што міліцыянты і суд парушылі яе правы:

«У нашай Канстытуцыі ўсё хораша прапісана. А Канстытуцыю ніхто не скасоўваў, яна яшчэ дзейнічае. Там сказана, што грамадзяне маюць доступ да агульнакультурных каштоўнасьцяў. Ніхто гэтыя каштоўнасьці ня можа прыватызаваць. Усе сьведкі на судзе пацьвердзілі, што я зладзіла культурніцкую акцыю, а не палітычную».

«Мы толькі хацелі аддаць даніну павагі ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Чаму мы павінны памятаць пра падзеі ў Парыжы (у нас жа ёсьць вуліцы Парыскай камуны), але не пра падзеі на Случчыне? Чаму словы „слуцкі паўстанец“ правакуюць улады на ліхаманкавыя дзеяньні?» — задае рытарычныя пытаньні грамадзкая актывістка.

Зінаіда Цімошак не выключае, што «напіша ў МУС падзяку за дзеяньні Шклярэўскага» — міліцыянта, які камандаваў разгонам імпрэзы ў Казловіцкім доме культуры.

Улады «зрабілі для Слуцку тое, чаго мы не змаглі». «Пра гэты фільм мала хто ведае. Пасьля таго як адбыўся разгон, пра яго пісалі на сайтах, сотні людзей паглядзелі фільм у інтэрнэце і даведаліся пра Слуцкае паўстаньне», — тлумачыць Цімошак.

Грамадзкая актывістка гатовая сплаціць 2,6 мільёна рублёў штрафу, бо «я ня самая бедная, магу зарабіць гэтыя грошы».

Яна раскрывае сакрэт: «Я магу летам ягады зьбіраць. За 4–5 дзён зараблю гэтую суму».

Зінаіда Цімошак, якае зьбіраецца балятавацца на мясцовых выбарах, прызнае, што эпапэя з разгонам кіналекторыя ў Казловічах дадала ёй папулярнасьці: «На рынку ўжо гандляры пазнаюць, прапануюць за так яблыкі і мёд».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG