Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за фільм. Жывы рэпартаж

абноўлена

У Слуцку пачаўся суд над Зінаідай Цімошак, якая 23 лістапада арганізавала ў Доме культуры вёскі Казловічы ў Слуцкім раёне прагляд фільму «40 дзён сялянскай рэспублікі», прысьвечанага падзеям Слуцкага паўстаньня.


Зінаіда Цімошак
01:02 20.12.2013

Інтэрвію з Аляксандрам Туміловічам, ужо былым дырэктарам Дому культуры ў Казловічах


Суд за фільм. Камэнтар Аляксандра Туміловіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:48 0:00
Наўпроставы лінк
17:32 19.12.2013
16x9 Image Алег Грузьдзіловіч
Апошні сьведка — Валянцін Пляўко, 1937 году нараджэньня. Цімошак ведае як настаўніцу, як чалавека, які добра размаўляе па-беларуску: «Я сам зь вёскі, але ужо пачаў забывацца на мову». Згадвае, што было 23 лістапада. Яму затэлефанаваў знаёмы, што будуць паказваць фільм пра паўстаньне 1920 году: «Я пазваніў Цімошак і паехаў зь ёй у клюб у Казловічы. Экран павесілі, але фільм не пачалі паказваць, бо нешта не атрымлівалася. Ніна Стужынская пачала апавядаць, як узьнікла паўстаньне, як людзі беларускія пачалі адстойваць сваю рэспубліку. І тут уварваліся міліцыянты, за старэйшым яшчэ прыйшло чалавек сем — „не разыходзіцца!“. Сядзелі доўга, не выпускалі ў прыбіральню. Я хацеў выйсьці, схапілі за рукі, нейкі капітан міліцыі. Апытвалі: ці размаўлялі вы пра сучасныя праблемы?». «Не, толькі пра 20-я гады».

Судзьдзя: «У нас ёсьць пратакол вашага допыту, дзе напісана, што вам пазваніла і запрасіла сама Цімошак. Усё так?». Сьведка пацьвердзіў.

Судзьдзя абвясьціла перапынак да 23 сьнежня. Працяг разгляду справы — а 14:10.
17:08 19.12.2013
Сьведка Андрэй Карп’юк, удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, інвалід: «Ведаю Цімошак, яна мне дапамагала». Таксама быў у Казловічах, яго запрасіў сябар: «Пасядзелі хвілін дзесяць, як прышлі міліцыянты і сказалі ўсім сядзець і не разыходзіцца. Я спалохаўся.»

Цімошак: «Ці адчувалі вы, што удзельнічалі ў нечым забароненым?».

Карп’юк: «Не, такога не адчуваў».

Цімошак: «А як на вас падзейнічаў прыход міліцыі?».

Карп’юк: «Дрэнна. У мяне раней быў інсульт, мне стала горш» (сьведка вымаўляе зь цяжкасьцю).

Судзьдзя дазволіла Цімошак выйсьці і праводзіць сьведку Карп’юка, бо ў таго слабое здароўе.

Тым часам пачаўся допыт сьведкі Пятра Марчанкі. Цімошак вярнулася на паседжаньне. Сьведка кажа па-беларуску. Ад людзей у горадзе даведаўся, што ў Казловічах будуць паказваць кіно пра Слуцкае паўстаньне, яму гэта цікава, таму паехаў на аўтамабілі ў Казловічы на прагляд. Падняўся разам зь іншымі на трэці паверх. Пакуль наладжвалі тэхніку, Ніна Стужынская пачала апавядаць пра тое, як вяла дасьледаваньне гэтай тэмы, і пра само кіно. Сьведка згадаў: калі ён сказаў міліцыянтам, што гэтак нельга рабіць, то адзін зь іх заявіў: мы з табой асобна разьбярэмся. «Я ў гэтым пачуў пагрозу, — сказаў Марчанка і абурана дадаў: — Што я зрабіў, што мяне трымалі некалькі гадзінаў і нічога не тлумачылі?»

Судзьдзя: «Вы гэта ў каго пытаецеся?». З залі гучна: «У Лукашэнкі!».
16:50 19.12.2013
Стужынская нагадала, што фільм увашоў у дваццатку найлепшых дакумэнтальных стужак па выніках мінулага году.

Сьведка Анатоль Волась з Слуцку расказаў, што ведае Цімошак даўно, яна яму дапамагала пісаць скаргі. Ён быў сярод тых, хто прыехаў у Казловічы: «Прайшло хвілін пяць, яшчэ да фільму не дайшло, а заходзіць міліцыянт — такі самадавольны — і кажа, што тут незаконнае мерапрыемства, нікому не разыходзіцца, будзем, маўляў, з усімі зараз разьбірацца».

Удакладняе на просьбу адваката, што фільм глядзець не пачалі, гісторык толькі дала тлумачэньне. А фільм, паводле ягоных словаў, быў бы дазволены. Абураецца, што людзі ня ведаюць гісторыі і ім не даюць пра гэта нават даведацца, што беларускамоўным не дазваляюць зьбірацца і размаўляць на роднай мове. Сьведка: «Мяне таксама абурыла, што чалавека не пускалі ў прыбіральню. Я прасіў, сказалі — нельга. Тады сказаў: трэба суправадзіць. І павялі пад канвоем».
16:43 19.12.2013
Выступае сьведка Ніна Стужынская. Яна патлумачыла, чаму аказалася ў гэтай гісторыі. Паводле навукоўца, яна шчыльна вывучала тэму, напісала доктарскую дысэртацыю па Слуцкім паўстаньні, сустракалася зь сьведкамі паўстаньня, якія яшчэ былі жывыя, напісала пра паўстаньне кнігу. Кажа, што была канстультантам фільму. Паводле яе слоў, сама прапанавала такі прагляд Зінаідзе Цімошак, бо шмат людзей ня маюць інтэрнэту і ня могуць паглядзець фільм. Ад Цімошак даведалася, што тая дамовілася пра прагляд стужкі ў Казловіцкім СДК. Прыехала туды, пачала размаўляць зь людзьмі, пакуль рыхтавалася тэхніка для прагляду. Але ўварвалася міліцыя. Сьведка пазнала міліцыянта Шклярэўскага. Стужынская кажа, што людзі спалохаліся, жаданьне праглядаць зьнікла, усе чакалі размоваў зь міліцыяй.

Цімошак: «Вам забаранілі разыходзіцца?».

Стужынская: «Так, фактычна людзей арыштавалі і вадзілі пад канвоем у прыбіральню».

На гэта заля загудзела, людзі пачалі абурацца.

Стужынская: «Па ўсёй краіне я спрабую праводзіць падобныя мерамрыемствы: у Сьветлагорску, Кобрыне. На тэмы, блізкія для пэўнай мясьціны. Як гэта назваць? Абмен ведамі, навукова-культурніцкае мерапрыемства. Ніякіх дазволаў на такія сустрэчы я не атрымліваю».
16:13 19.12.2013
Другі сьведка — Аляксандар Туміловіч, былы дырэктар клюба ў Казловічах. Ён дае тлумачэньне па-беларуску. Пачаў з таго, што «цяпер ён ужо былы дырэктар». Апавёў, як званіла Цімошак наконт сустрэчы з праглядам фільма:

«Гэта фільм пра Слуцкае паўстаньне, які быў паказаны па АНТ, з камэнтаром гісторыка. Я пагадзіўся, прапанаваў маленькую залю, на 25-30 чалавек. У мяне ёсьць такая форма працы, як сустрэча з цікавымі людзьмі. Тым больш што крамолы я ня бачу, бо фільм быў паказаны па дзяржаўным тэлеканале. З начальствам на той момант я ня мог зьвязацца і ўзяў на сабе адказнасьць за дазвол. Да 3 гадзінаў 23-га яны прыехалі, я пазнаёміўся зь Зінаідай Цімошак і Нінай Стужынскай. Потым людзі пайшлі. А празь некалькі хвілінаў зьявіўся і АМАП. Пасьля гэтага я ўжо пачаў чакаць, што будзе са мной».

Пра віну Цімошак Туміловіч кажа: «А пры чым тут яна, калі я яе запрасіў?»
16:08 19.12.2013
Сьведка-міліцыянт кажа на адрас Цімошак: «Вы падчас разьбіральніцтва ў клюбе размаўлялі ў прыбіральні са Стужынскай».

Цімошак: «А вы падглядвалі?»

У залі сьмех і воплескі. Судзьдзя таксама усьміхаецца, але захадаў да людзей не прымае.

Сьведка настойвае на тым, што пратакол на Цімошак быў складзены дакладна, бо не было дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства.

Цімошак удакладняе: «Вы самі прымалі рашэньне блякаваць усе выхады і ўваходы ў ДК? Бо з вакон было бачна, што вакол усяго будынку стаяць міліцыянты.»

Сьведка: «Так, гэта я прыняў такое рашэньне».
15:46 19.12.2013
Пачаўся допыт сьведак. Першым выкліканы міліцыянт Ігар Шклярэўскі, начальнік аддзелу аховы і прафіляктыкі Слуцкага РАУС.

Сьведка кажа, што кожны год, калі ў канцы лістападу праводзяцца масавыя мерапрыемствы, зьвязаныя са Слуцкім збройным чынам, да іх зьвяртаюцца арганізацыі аб правядзеньні мерапрыемстваў:

«23 лістапада была атрыманая інфармацыя, што ў Доме культуры вёскі Казловічы сабралася група людзей. Я з супрацоўнікамі выехаў туды, сустрэў дырэктара ДК Туміловіча, які сказаў, што ў будынку знаходзяцца людзі. На трэцім паверсе мы знайшлі каля 25 чалавек, частку зь іх я ведаю. Прадставіўся і спытаў, што вы тут робіце? Мне сказалі, што праводзяць сход, прысьвечаны Слуцкаму паўстаньню і папрасілі выйсьці і не перашкаджаць. Я сказаў, што бачны прыкметы парушэньня закону аб масавых мерапрыемствах. Зінаіду Цімошак запрасілі для тлумачэньня першай, потым астатніх. Яны сказалі, што іх запрасіла Цімошак. Дырэктар ДК таксама сказаў, што усё арганізавала Цімошак. Яна сказала, што не прасіла дазволу. У яе дзеяньнях бачны прыкметы парушэньня закону аб масавых мерапрыемствах і на гэтай падставе складзены пратакол».

Цімошык у адказ заявіла, што Шклярэўскі гэтак неразборліва склаў пратакол, што яна не мала з яго нічога зразумець: «І гэта было зроблена наўмысна».
15:33 19.12.2013

Відэа са Слуцку


15:17 19.12.2013
Зінаіда Цімошак кажа, што прагляд фільма дазволіў дырэктар клюба, ён жа прапанаваў і час. 23 лістапада. Зінаіда Цімошак разам зь Нінай Стужынскай прыехалі ў клюб ва ўзгоднены дзень, ім адчынілі, далі гасьцёўню і навесілі экран для прагляду фільма.

Цімошак: «Ніна Студзінская пачала распавядаць пра фільм, пра тое, як ён ствараўся. Але праз 5-6 хвілін уварвалася міліцыя са словамі „Мерапрыемства не дазволенае, нікому не разыходзіцца!“ Між тым, людзі сапраўды напужаліся, ды яшчэ было шмат старых людзей. Людзей не выпускалі больш за 2 гадзіны, адна старая жанчына нядаўна перанесла інсульт, і гэта магло дрэнна для яе закончыцца».

Цімошак цытуе Канстытуцыю, артыкул 54, дзе сказана пра абавязак берагчы гісторыка-культурную спадчыну і гістарычныя каштоўнасьці:

«Я іх берагла, парушыў міліцыянт Шклярэўскі. У нас тут адзін ёсьць помнік у памяць аб 14 загіблых партызанах, мы беражэм іх памяць. Але падчас Слуцкага паўстаньня загінулі тысячы людзей. Дык чаму іх памяць мы ня мусім берагчы? Я гэтым абураная і буду дамагацца, каб мы тут не адчувалі сябе, як пад акупацыяй. Нідзе не магу тут пачуць беларускую мову!»
15:08 19.12.2013
Пра сутнасьць справы можна пачытаць тут
15:07 19.12.2013
Зінаіда Цімошак дае паказаньні:

«Гэта быў не такі сход, які вызначаны ў законе аб масавых сходах. Мы сабраліся, каб праглядзець фільм пра Слуцкае паўстаньне, які быў зроблены афіцыйнай дзяржаўнай тэлекампаніяй ОНТ і быў раней паказаны на тэлебачаньні. Мы нічога не абмяркоўвалі. Гэта было культурніцкае мерапрыемства, якое я праводзіла як выкладчык гісторыі».

Актывістка згадала, што, паводле закону аб масавых мерапрыемствах, культурна-асьветніцкія мерапрыемствы ня мусяць праводзіцца на непрыстасаваных пляцоўках: «Мы мелі вусны дазвол. Мы не ўварваліся туды. Гэтае месца было прыстасаванае якраз да такіх мерапрыемстваў».

Яна згадвае, што ў клюбе раней праводзіліся незаплянаваныя мерапрыемствы, у тым ліку з праглядамі фільмаў: «Прагляд быў арганізаваны адмыслова для тых людзей, якія ня маюць кампутараў, а раней не паглядзелі гэты фільм па тэлебачаньні. Але міліцыя перашкодзіла гэта зрабіць, што незаконна».

Зінаіда Цімошак згадала і тое, што яна ёсьць сябрам ТБМ і гэтае мерапрыемства было ёй арганізавана ў мэтах папулярызацыі беларускай мовы, а таксама тое, што і раней праводзіла імпрэзы, зьвязаныя з гісторыяй краю, напрыклад, экскурсію па Слуцку з экскурсаводам, які гаварыў па-беларуску.
15:01 19.12.2013
На пачатку паседжаньня
На пачатку паседжаньня
14:57 19.12.2013
Судзьдзя пачала зачытваць дакумэнты справы, у тым ліку пра правядзеньне сходу ў Доме культуры вёскі Казловічы, прысьвечанага гадавіне Слуцкага збройнага чыну.

Цімошак сябе вінаватай не прызнала.
14:56 19.12.2013
На разгляд справы прыехалі актывісты руху салідарнасьці «Разам» Ільля Дабратвор, Леанід Смоўж ды іншыя. У залю іх прапусьцілі.
14:53 19.12.2013
Зінаіда Цімошак запатрабавала, каб суд вёўся на беларускай мове.

Аднак судзьдзя заявіла, што выбірае расейскую мову.

Цімошак у адказ заявіла: «Любы адукаваны чалавек мусіць валодаць ў Беларусі беларускай мовай. Але не буду абвастраць сытуацыю».

Цімошак перадала сьпіс сьведак, якіх просіць заслухаць у судзе — усяго 6 чалавек. У тым ліку тыя, хто быў на забароненым праглядзе фільма. Суд з гэтым пагадзіўся.
14:52 19.12.2013
Паседжаньне вядзе судзьдзя Сьвятлана Пастухова. Зінаідзе Цімошак пагражае ад 15 сутак арышту да максымальнага грашовага штрафу ў 40 базавых велічыняў на падставе абвінавачаньня ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу.
14:52 19.12.2013
Больш за 20 чалавек прыйшлі падтрымаць спадарыню Зінаіду. Тут актывісты КХП-БНФ зь Менску, гісторык Ніна Стужынская, салігорскія і слуцкія актывісты. Усім не хапіла месца ў залі, бо частка крэслаў занятая нейкімі скрынямі. Зінаіда Цімошак хадзіла да старшыні суду, каб вызвалілі гэтыя месцы, але тая сказала, каб людзі стаялі. У выніку некаторыя мусілі пакінуць залю.

«Я не лічу сябе вінаватай. Гэта было звычайнае культурнае мерапрыемства — прагляд кіно, для правядзеньня якога не патрэбны ніякі дазвол. Тым ня менш пратакол складзены, і мяне будуць судзіць», — сказала Зінаіда Цімошак Свабодзе.

Ніна Стужынская абурылася, што гэтую справу ўвогуле завялі: «Я паўсюль па Беларусі ежджу, але гэтак толькі ў Слуцку — каб забаранялі праводзіць сустрэчу і прагляд фільму ў клюбе, які пабудаваны за народныя грошы».

Глядзець камэнтары (7)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG