Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці «дагестанскага раба»: Ня буду гаварыць ні слова


Жыхар Краснапольскага раёну Аляксандар Шаўцоў 16 студзеня пасьля некалькіх месяцаў нявольніцтва ў Дагестане вярнуўся ў сваю родную вёску Яноўка. Ягонае вяртаньне на радзіму адбылося без публічнай агалоскі. І ён сам, і ягоныя бацькі адмаўляюцца гутарыць пра акалічнасьці вяртаньня. Чаму выратаваньне Аляксандра Шаўцова сталася таямніцай?

На працягу ўчорашняга дня маці Аляксандра, Лідзія Шаўцова, адмаўлялася гаварыць пра дзень ягонага вяртаньня, аргумэнтуючы гэта тым, што можа яму нашкодзіць. Акрамя таго, жанчына спасылалася на нечае патрабаваньне — не паведамляць нікому пра вяртаньне сына.

Сёньня ж высьветлілася, што Аляксандар Шаўцоў ужо дома. Пра гэта паведаміла ягоная маці. Пра абставіны вяртаньня сына Лідзія Іванаўна зноў адмовілася гаварыць. Аргумэнтавала адмову гэтак:

«Гэта таксама таямніца. Ужо нічога ня буду цяпер гаварыць. Я ўжо і так была ня тое сказала... Я проста ўдзячная ўсім людзям, якія дапамагалі яму вярнуцца, але больш ня буду і слова нікому гаварыць. Напэўна, я буду цяпер расплачвацца за сваю даверлівасьць такую бесталковую».

Карэспандэнт: «Якую даверлівасьць — пра што вы кажаце? Вы ж сына выратавалі».

Шаўцова: «Гэта так. Гэта так. Вы ж зразумейце, што я зразумела сваю памылку. І мне яе падказалі».

Карэспандэнт: «Якую памылку?»

Шаўцова: «Усё, больш ня буду гаварыць ні слова».

На просьбу пагутарыць пра абставіны вяртаньня з самім Аляксандрам бацькі на працягу ўсяго дня адказвалі, што сына няма дома.

Гутарка з праваабаронцам, які дапамог Шаўцову вярнуцца на радзіму, таямніцы не праясьніла. Праваабаронца прасіў ня згадваць ягонага імя. У прыватнай гутарцы заявіў, што ня можа раскрыць акалічнасьцяў гэтай справы, бо яна тычыцца інтарэсаў сям’і былога нявольніка. На погляд актывіста, такая пазыцыя — знак таго, што беларусы не разумеюць усёй вастрыні праблемы «працоўнага рабства» для тых, хто выяжджае за межы краіны. Разам з тым, зазначае праваабаронца, яны павінны ведаць, што ў тых мясьцінах, дзе яны апынуліся ў бядзе, ёсьць такія ж праваабарончыя арганізацыі, як у Беларусі, і журналісты, якія прыйдуць на дапамогу.

Краснапольскі раён — найбольш пацярпелы на Магілёўшчыне ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Шмат якія вёскі адселеныя праз высокую забруджанасьць навакольля радыяцыяй. У раёне толькі адно сельгаспрадпрыемства — СПК «Краснапольскае».

Аднавяскоўцы Аляксандра Шаўцова кажуць, што ведаюць пра ягонае нявольніцтва і спачуваюць яму і ягоным бацькам, аднак гутарыць зь незнаёмцам на гэтую тэму адмаўляюцца. Кажуць, што няхай гэтым займаюцца праваахоўныя органы. На пытаньне, ці не паменее ў Краснапольскім раёне пасьля здарэньня ахвотных выяжджаць на заробкі ў суседнюю Расею, адказваюць, што такіх менш ня стане.

«Як езьдзілі, гэтак і будуць езьдзіць. Што людзям рабіць болей? У саўгасе цяпер працуюць тыя, каму няма куды дзецца. Вось у каго жытло службовае. Яго ня кінеш».

«Заробак тут у нас малы. Вось мы і езьдзім, каб болей зарабіць. Нічога падобнага ў Янаўцы дагэтуль не было».

«У сялян малы заробак, таму людзі і выяжджаюць. Адно сельгаспрадпрыемства ў нас. Працаўладкавацца тут ня могуць і шукаюць большую заработную плату».

Аляксандар Шаўцоў, са слоў ягонай маці, зь лета мінулага году быў у працоўным рабстве на цагляным заводзе ў Дагестане. З канца сьнежня 2013 году ён у дагестанскай вёсцы чакаў дапамогі з радзімы, каб вярнуцца назад у Беларусь. Лідзія Шаўцова казала, што сын спрабаваў уцячы зь няволі ў Дагестане, але дабрацца здолеў толькі да Астрахані. Адтуль яго вярнулі ў Дагестан.

Зьвярталася жанчына і ў міліцыю. Але плёну гэта не дало. Лёс Аляксандра Шаўцова пасьля публікацыі на сайце Свабоды пра ягонае нявольніцтва высьвятляла Міністэрства замежных спраў Беларусі. Як стала вядома пасьля зьяўленьня публікацыяў, Лідзіі Шаўцовай падказалі, што трэба рабіць, каб вярнуць сына на радзіму.

Паводле афіцыйнай расейскай статыстыкі, у Расеі працуюць больш за 400 тысяч беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG